Top.Mail.Ru

Якія работы трэба праводзіць у агародзе ў сярэдзіне лета?


iyul-sad_1.jpg

Не грэбуем доглядам

Акрамя збору ўраджаю, другая палова лета — яшчэ і час пільнага догляду раслін. У гэты перыяд актыўна размнажаюцца шкоднікі (капусны пядзенік, цыбульная або маркоўная мухі) і развіваюцца хваробы (фітафтароз, мучністая раса, бактэрыёз). На перцах і баклажанах у цяпліцах могуць з’явіцца тля, павуцінны клешч, белакрылка, а ў дажджлівае надвор’е дапякаюць смаўжы. Таму цяпер ні ў якім разе нельга грэбаваць прафілактычнымі апрацоўкамі раслін супраць шкоднікаў і хвароб, найлепш — расліннымі настоямі і адварамі. Трэба таксама памятаць, што ў спякоту расліны ў цяпліцах маюць патрэбу ў прытоку свежага паветра і паніжэнні тэмпературы.

Збіраем агуркі...

Менавіта ў канцы ліпеня пачынаецца масавы збор агуркоў. Дарэчы, іх плады наліваюцца ў асноўным ноччу, таму напярэдадні збору (пажадана да 18 гадзін) іх трэба паліць цёплай вадой. Найбольшы ўраджай атрымліваецца пры больш частых зборах, асабліва ў цёплыя сонечныя дні. 

Здымаць агуркі трэба націскаючы вялікім пальцам на пладаножку або зразаць нажом, не падымаючы кончыкі і не пераварочваючы іх. У дажджлівае і халоднае лета з-за недастатковага апладнення завязяў або пры недахопе вільгаці і пашкоджанні раслін хваробамі часта ўтвараюцца кручкаватыя плады. Іх, незалежна ад памеру, нельга пакідаць на раслінах.

...і часнок

Яго збіраюць, калі пачынае высыхаць ніжняе лісце і жоўкнуць верхавінкі. Затрымлівацца з уборкай не варта — цыбуліны распадуцца на зубкі і страцяць здольнасць да захоўвання. Увогуле, лепш не чакаць поўнага выспявання: часнок добра даспее і пасля выдалення з градкі. Пры сухім надвор’і яго можна пакінуць на вуліцы на тыдзень для прасушкі пад сонцам, а пры неспрыяльным — прыбраць пад дах. Сушыць, пакуль сцёблы не стануць мяккімі, пасля можна заплятаць у косы па 10–15 цыбулін і падвешваць на захоўванне ў цёплым памяшканні.

Даглядаем капусту

У гэты ж час паспявае кальрабі ранняй сяўбы і заканчваецца збор ранняй белакачаннай і каляровай капусты. Сярэдняспелая і позняспелая белакачанная і чырвонакачанная капуста яшчэ працягвае актыўна нарошчваць лісце, таму добра цяпер падкарміць яе арганікай: настоем птушынага памёту (1:20) або каравяку (1:10), а на бедных глебах адначасова ўнесці 40 г грануляванага суперфасфату або 30 г сернакіслага калію на кожны квадратны метр градкі. Як толькі пачнуць фарміравацца качаны, падкормку варта паўтарыць, інакш яны калі і завяжуцца, то будуць зусім маленькімі і рыхлымі.

Фарміруем памідоры

Важна ў гэты перыяд выдаляць непатрэбныя парасткі і лісце, якія ствараюць залішні цень, і тыя, што ляжаць на зямлі. Абавязкова падвязваем кусты да апор. У пачатку цвіцення трэба апырскаць прэпаратамі для барацьбы з хваробамі. Таксама можна праводзіць прафілактычныя апырскванні часнаком, попелам. Гэта абароніць расліны ад фітафтарозу.

Увага да цыбулі

На градцы для лепшага фарміравання цыбулін неабходна адгрэбці ад іх зямлю, асабліва калі яны моцна заглыблены. Калі цыбуліны канчаткова сфарміруюцца, усе работы па рыхленні, паліве і падкормцы спыняюць, бо ў такім выпадку рост будзе затрымліваць паспяванне. Пасля паліву не забывайце абганяць цыбулю-парэй, каб атрымаць тоўстую і белую ножку. У гэты ж час яшчэ не позна пасеяць цыбулю-батун, ураджай якой паспее вясной.

Вядучая рубрыкі Марына ВЯРЭНІЧ

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю