Якія новыя распрацоўкі прапанавалі маладыя вучоныя, расказаў старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Максім Кучвальскі, паведамляе БелТА.
Адзін з напрамкаў — стварэнне палімернай пліткі з перапрацаваных шын. «Вырашаюцца адразу дзве праблемы, — сказаў Максім Кучвальскі. — Першая — рэцыклінг, адходы ператвараем у даходы. І другое — гэта танны спосаб атрымання пакрыццяў, якія могуць знайсці прымяненне ў розных сферах, напрыклад у сельскагаспадарчых пабудовах».
Таксама праходзіць выпрабаванні тэхналогія перапрацоўкі вадкіх радыеактыўных адходаў. Яна прадугледжвае больш доўгі тэрмін выкарыстання сховішча такіх адходаў. Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН прапанаваў тэст-сістэму для алергадыягностыкі.
У гуманітарнай сферы Максім Кучвальскі адзначыў нядаўна перакладзеную з лацінскай мовы манаграфію Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі». Менавіта Казімір Семяновіч прыдумаў ідэю выкарыстання трохступеньчатай сістэмы ракет, якую ў далейшым пераняў Канстанцін Цыялкоўскі. «Гэтая сістэма выкарыстоўваецца краінамі ў касмічнай дзейнасці», — дадаў старшыня Савета маладых вучоных.
Сярод значных фізіка-тэхнічных інавацый — распрацоўкі Інстытута парашковай металургіі па стварэнні фрыкцыйных дыскаў для цягнікоў, транспарту. «Раней такія дыскі закупляліся за мяжой. Цяпер вырабляюцца на Гомельскім электратэхнічным заводзе», — сказаў Максім Кучвальскі.
Нядаўна ў Рэестр сортавыпрабаванняў уключаны новыя сарты бульбы «Сапфір», «Вайлдберыз», распрацаваныя НПЦ па бульбаводстве і плодаагародніцтве. Пасля выпрабаванняў яны выйдуць на рынак.
У рэспубліцы рэалізуецца маладзёжны праект «100 ідэй для Беларусі». За 15 гадоў у конкурсе прынялі ўдзел больш за 20 тыс. праектаў, больш за 3,5 тыс. з іх лічацца рэалізаванымі. «Распрацоўкі студэнтаў, маладых вучоных актыўна ўкараняюцца ў вытворчасць, у рэальны сектар эканомікі нашай краіны», — дадаў Максім Кучвальскі. У прыклад ён прывёў Яна Гулевіча і яго праект YACARD, які лёг у аснову электронных смарт-білетаў БРСМ.