Top.Mail.Ru

Якія ўрокі нам варта засвоіць, згадваючы Чарнобыль?

Гімн стойкасц і сілы руху


Днямі ў кінатэатрах па ўсёй краіне стартавалі паказы новага дакументальнага фільма «Чарнобыль. Жывая зямля», які на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» зняла малады рэжысёр Марына Данэкіна. Кінастужка прымеркавана да 40-годдзя з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пабывалі на прэм’еры, каб убачыць усё першымі і падзяліцца з вамі.

— Папярэднія фільмы на гэту тэму вельмі канцэнтраваліся менавіта на самой аварыі на Чарнобыльскай АЭС. А наш фільм — гэта спроба засяродзіцца на тым, як там адраджаецца жыццё, што было для гэтага зроблена за сорак гадоў, — падзяліўся дырэктар кінастудыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір МІЛАШ. — Вядома, саму аварыю мы таксама не абмінаем увагай у фільме. Але ўсё ж акцэнт зроблены на адраджэнні і аднаўленні. Кінастужка нават сваёй назвай пра гэта гаворыць: «Чарнобыль. Жывая зямля». Мы пакажам, як землі, якія ў выніку забруджання радыяцыяй былі абсалютна бясплодныя, з якіх сышлі людзі, цяпер адраджаюцца і паступова вяртаюцца да жыцця; як дзякуючы нашаму народу і падтрымцы з боку дзяржавы мы гэтыя тэрыторыі вяртаем. Гэта гімн стойкасці і сіле духу. Наш фільм аб тым, што мы, беларусы, ніколі не здаёмся і змагаемся за нашу будучыню.

Стваральнікам кінастужкі ўдалося адлюстраваць шмат яркіх і месцамі нават кранальных момантаў. Там кожны знойдзе нешта сваё. Падчас прагляду мы і адчуваем маштаб той аварыі, і ганарымся тымі людзьмі, якія мужна праявілі сябе падчас ліквідацыі яе наступстваў, і разам з тым шчыра радуемся за тое, як аднаўляецца прырода на забруджаных тэрыторыях, як людзі імкнуцца там ізноў жыць, бо немагчыма не любіць сваю зямлю...

Кінастужка не проста перадае хроніку падзей, а дае гледачу прастору для даследавання таго, як змянялася і аднаўлялася чарнобыльская зямля праз дзесяцігоддзі. Спалучаючы хранікальныя кадры, аповеды відавочцаў і ўдзельнікаў падзей — ратавальнікаў, вучоных, урачоў, працаўнікоў прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і простых жыхароў пацярпелых рэгіёнаў (ад моладзі да людзей ва ўзросце) — і здымкі сённяшняга дня: аўтары фільма аднавілі маштабную карціну ўсенароднай работы на чале з Прэзідэнтам краіны па пераадоленні наступстваў аварыі і адраджэнні беларускіх зямель. 

У кадры мы маем магчымасць пачуць жывыя гісторыі ўсіх, хто быў у эпіцэнтры падзей, калі адбылася аварыя. Іх асабістыя ўспаміны, навуковыя даныя, назіранні за прыродай рэжысёрам складзены ў адзіную карціну аб тым, як зямля, якой выпала 40 гадоў таму нялёгкае выпрабаванне, сёння працягвае жыць.

Алена ДРАПКО

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю