Top.Mail.Ru

Якія самыя распаўсюджаныя схемы ўхілення ад падаткаў і як знаходзяць парушальнікаў?

Сярод самых распаўсюджаных схем ухілення ад выплаты падаткаў у Беларусі — утойванне падаткаабкладальнай базы. Калі гэта датычыцца падатку на дабаўленую вартасць і падатку на прыбытак — гэта ўтойванне выручкі ад рэалізацыі тавараў, работ і паслуг. У выпадку падаходнага падатку — няпоўнае адлюстраванне фонду аплаты працы. Адметна, што падчас кантрольных мерапрыемстваў падатковая служба выяўляла практычна ў паловы парушальнікаў ужыванне больш чым адной схемы ўхілення ад плацяжоў у бюджэт. Быў у практыцы падатковай службы і рэкардсмен, які выкарыстоўваў дзесяць схем ухілення ад выплаты падаткаў.



Найперш прафілактыка

У прыярытэце падатковых органаў — перш за ўсё прафілактыка магчымых парушэнняў, даванне плацельшчыкам магчымасці добраахвотна ліквідаваць выяўленыя рызыкі па выплаце плацяжоў, без прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці і назначэння праверкі, камеральны кантроль.

Як расказаў намеснік міністра па падатках і зборах Уладзімір МУКВІЧ, за студзень—красавік у рамках камеральнага кантролю было накіравана амаль 7,3 тысячы апавяшчэнняў аб прадстаўленні ўдакладненых падатковых дэкларацый або тлумачэнняў. Каля 85 % плацельшчыкаў, якія атрымалі апавяшчэнні, добраахвотна адрэагавалі на іх. Пры гэтым такія апавяшчэнні атрымалі толькі 1,5 % плацельшчыкаў, якія вядуць прадпрымальніцкую дзейнасць.

— Гэта добры паказчык, які характарызуе падатковую дысцыпліну, — адзначыў намеснік міністра.

Працаваць «па-шэраму» ў таксі не атрымаецца

Што датычыцца суб’ектаў гаспадарання, якія хаваюць падаткаабкладальную базу, то за чатыры месяцы падатковай службай выяўлены 42 мільёны схаванай выручкі. Найчасцей гэта сустракаецца ў таксі і медыцынскай дзейнасці.

— Важны кірунак — кантроль за выкананнем заканадаўства ў сферы перавозак пасажыраў аўтамабілямі таксі. Гэта тэма на слыху ўжо не першы год. Кіраўніком дзяржавы 25 студзеня 2024 года быў падпісаны Указ «Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў», каб упарадкаваць дзейнасць па гэтым кірунку. Шмат было праблем у гэтай сферы, у тым ліку ў частцы захавання падатковай дысцыпліны. Запрацаваў рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах. Але, на жаль, мы бачым, што значная доля суб’ектаў гаспадарання мяркуе, што яны змогуць працаваць, як раней. Адразу вам скажу як службовая асоба: яны глыбока памыляюцца, працаваць, як раней, не атрымаецца. Мы са свайго боку зробім максімум для таго, каб яны не толькі гэта ўсвядомілі, але яшчэ і заплацілі тыя плацяжы ў бюджэт, якія былі ўтоены ад падаткаабкладання, — падкрэсліў Уладзімір Муквіч.

У выніку кантрольных мерапрыемстваў практычна 1,8 тысячы суб’ектаў гаспадарання трапілі ў поле зроку падатковых органаў. Ім накіравана больш як 2 тысячы апавяшчэнняў, некаторым — некалькі разоў. Мяркуецца, што плацельшчыкі ўхіліліся ад выплаты падаткаў на суму больш як 100 мільёнаў рублёў.

Работа з таксі праводзіцца як у рамках камеральнага кантролю (складзена 79 актаў камеральных праверак, па якіх ужо прад’яўлена да выплаты ў бюджэт 17 мільёнаў рублёў), так і працуюць аператыўныя падраздзяленні ва ўзаемадзеянні з органамі Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі і Транспартнай інспекцыі.

Ужо праведзены 764 адміністрацыйныя працэсы. Падатковая інспекцыя працуе не толькі ў рамках адміністрацыйных працэсаў, але і накіроўвае паведамленні ў Транспартную інспекцыю. За чатыры месяцы гэтага года накіравана 975 паведамленняў у адносінах да 586 суб’ектаў гаспадарання. У многіх выпадках праводзілася прафілактычная работа. Плацельшчыкам даецца магчымасць выправіць парушэнне.

Дзе ўтойваюць выручку?

Шмат парушэнняў выяўляецца і ў выкананні падатковага заканадаўства ў сферы аказання медыцынскіх паслуг. Нярэдкія факты ўтойвання выручкі.

— Шмат ідзе паведамленняў ад Міністэрства аховы здароўя наконт ажыццяўлення дзейнасці без адпаведнага дазволу. Таксама паступаюць звароты ад грамадзян аб тым, што ім не выдаюцца дакументы, якія пацвярджаюць аплату медыцынскіх паслуг, што аказваюцца, — адзначыў Уладзімір Муквіч.

Адна з кампаній, напрыклад, на працягу пяці гадоў прымала наяўныя грашовыя сродкі за аказанне стаматалагічных паслуг без выкарыстання касавага абсталявання. Адпаведна, выручка ўтойвалася ад падатка-

абкладання. На кампанію ў выніку быў накладзены штраф. Акрамя таго, суб’ектамі гаспадарання добраахвотна была пададзена дэкларацыя і выплачана яшчэ практычна 700 тысяч рублёў падаткаў ад сумы ўтоенай выручкі. Аналагічнае парушэнне ў адносінах да стаматалагічных паслуг было ўстаноўлена і ў іншай кампаніі, якая на працягу больш чым пяці гадоў прымала грашовыя сродкі з парушэннем устаноўленага парадку. У выніку службовых асоб прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Яшчэ адзін важны кірунак работы падатковых органаў — правядзенне кантрольных мерапрыемстваў, звязаных з утойваннем выручкі арганізацыямі, якія аказваюць рыэлтарскія паслугі. Былі раскрыты сістэматычныя дзеянні з боку гэтых кампаній, якія недаплачвалі ў бюджэт, утойвалі падатковую базу, выручку ад паслуг, што аказваліся.

— Варта адзначыць, што шэраг плацельшчыкаў добраахвотна пайшлі на ўстараненне правапарушэнняў. Але заўсёды знойдуцца тыя, хто думае, што дзяржаўныя органы не змогуць даказаць, выявіць супрацьпраўныя дзеянні. Са свайго боку мы прымем належныя меры для барацьбы з такімі парушэннямі, — падкрэсліў намеснік міністра.

Яшчэ адзін кірунак, які ўвесь час на слыху, — гэта ігральны бізнес. Тут таксама выяўлены шэраг правапарушэнняў, вінаватыя прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, як і ў іншых сферах. Напрыклад, у Мінску сумесна з органамі ўнутраных спраў спынены абарот буйной партыі электронных сістэм курэння і вадкасцяў для іх без дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё. Яны былі ўвезены ў Беларусь без выплаты падатку на дабаўленую вартасць. Акрамя таго, не былі маркіраваны ўніфікаванымі кантрольнымі знакамі. Выручка ад рэалізацыі тавару, схаваная ад падаткаабкладання, склала больш як 8 мільёнаў рублёў.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю