Якія сацыяльныя аб’екты Мінска здадзены ў эксплуатацыю сёлета, расказала ў прэс-цэнтры БелТА старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Ірына Гонтарава.
Штогод у інвестыцыйных праграмах Мінска прадугледжваюцца сродкі на будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў. Сярод іх — дзіцячыя сады, школы, паліклінікі, аб’екты аховы здароўя, рэканструкцыя бальніц, будаўніцтва новых бальніц, аб’ектаў культуры, фізічнай культуры і сацыяльнай абароны. «Сёлета намі ўведзена ў эксплуатацыю шмат сацыяльных аб’ектаў. Гэта дзіцячыя сады ў мікрараёне Усходні, у межах праспекта Незалежнасці — Фогеля — Гурцьева, адзін дзіцячы садок пабудаваны сіламі ДВА „Мінскбуд“ у Бараўлянах. Таксама ўведзены ў эксплуатацыю дзве сярэднія агульнаадукацыйныя школы. Адна ў складзе комплексу „Мінск-Свет“ пачала функцыянаваць з 1 верасня, і адна агульнаадукацыйная школа ў Бараўлянах. Гэта было асобнае даручэнне Кіраўніка дзяржавы — будаўніцтва ў Бараўлянах дзіцячага садка і агульнаадукацыйнай школы. Таму горад заняўся ўзвядзеннем такіх аб’ектаў», — расказала Ірына Гонтарава.
Акрамя гэтага, сёлета ўведзена ў эксплуатацыю два аб’екты аховы здароўя. Адзін з іх — па вуліцы Маякоўскага. «Аб’ект быў рэканструяваны. У ім размясцілася 10-я гарадская стаматалагічная паліклініка, эндакрыналагічны цэнтр і цэнтр пластычнай хірургіі. Гэта ўсё дзяржаўныя арганізацыі, якія даступныя для наведвання грамадзянамі, — адзначыла старшыня камітэта. — Таксама сёлета ўведзена тры аб’екты культуры. Пасля рэканструкцыі адкрыўся цалкам абноўлены кінатэатр „Масква“. УКБ Мінгарвыканкама правяло рэканструкцыю храма святога благавернага вялікага князя Аляксандра Неўскага. Была праведзена маштабная рэканструкцыя капітальных будынкаў, якія з’яўляліся гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Гэта будынак па вуліцы Чыжэўскіх, 17, праездзе Чыжэўскіх, 5 і 6. У Лошыцкім парку адкрыўся ЗАГС, аб’екты харчавання, некалькі рэстаранаў, кафэ і гасцініца. Гэта цэлы комплекс, дзе можна праводзіць мерапрыемствы».
Таксама ўведзены ў эксплуатацыю фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Мандарын» у Лошыцы. Акрамя гэтага, завяршаецца будаўніцтва ФАКа па вуліцы Беларускай для БДУ. «Ён будзе прызначаны для навучэнцаў. І адзін ФАК будуецца сіламі ААТ „Трэст № 35“ па вуліцы Курчатава. Гэта таксама фізкультурна-аздараўленчы комплекс для БДУ», — дадала Ірына Гонтарава.
У верасні быў уведзены ў эксплуатацыю адзін корпус псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў № 2 па вуліцы Ангарскай. «Дастаткова маштабнае збудаванне. Цяпер яно перадаецца арганізацыі, якая будзе эксплуатаваць гэты аб’ект. Рэканструкцыя інтэрната будзе працягнутая. Там плануецца будаўніцтва новых карпусоў. Учора адкрылася яшчэ дзіцячая паліклініка ў мікрараёне Лошыца-9 на 480 наведванняў у змену», — падсумавала старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый.