У гэту навучальную ўстанову варта было прыехаць хоць бы для таго, каб на свае вочы ўбачыць, якія ўмовы сёння ствараюцца для тых, хто атрымлівае запатрабаваныя на рынку працы прафесіі.
Перспектыўна і прэстыжна
Праз 10 хвілін размовы з дырэктарам каледжа Арцёмам КРЫВАПУСТАМ стала зразумела: гэты чалавек не супакоіцца, пакуль 24 гектары, якія займае гэта навучальная ўстанова, не стануць тэрыторыяй, дзе ўсё «па апошнім слове».
Спачатку нас вядуць у Цэнтр кампетэнцый тэхналогіі сельскай гаспадаркі і меліярацыі. Гэта пляцоўка, на якой вучацца не толькі дзяўчаты і хлопцы Смілавіцкага дзяржаўнага каледжа, але і іншых профільных устаноў адукацыі, а таксама спецыялісты з усёй Беларусі. Дарэчы, многае з тэхнікі, якая ёсць тут, пакуль яшчэ не прымяняецца ў гаспадарках Беларусі, але спецыялісты, якія здольны абыходзіцца з ёй, ужо рыхтуюцца. Плюс дынамічныя і статычныя трэнажоры, а таксама трэнажоры з дадатковай рэальнасцю, на якіх можна адчуць сябе на ўборачным полі, навучыцца праграмаваць работу камбайна з дапамогай віртуальных акуляраў.
— На гэтых трэнажорах вучацца будучыя вадзіцелі экскаватараў, пагрузчыкаў, трактарысты, — гаворыць загадчык Цэнтра кампетэнцый тэхналогіі сельскай гаспадаркі і меліярацыі Сцяпан КОНЧЫЦ. —Перавага сімулятараў-трэнажораў у тым, што майстар адначасова навучае 7 чалавек, у той час як на рэальнай тэхніцы — толькі аднаго вучня. Гэта азначае больш хуткі вынік, вялізную эканомію паліва і часу. Акрамя таго, трэнажоры фіксуюць поспехі кожнага вучня, адзначаюць прафесійны рост.

Гонар каледжа — лабараторыя дакладнага земляробства, якая нядаўна адкрылася ў цэнтры, адзіная на постсавецкай прасторы, дзе сабрана ўсё самае перадавое абсталяванне для сельскай гаспадаркі.
— Дакладнае земляробства дазваляе эканоміць паліва, час, насенне і тым самым зніжаць сабекошт прадукцыі, — тлумачыць Арцём Крывапуст. — Пакуль у сельскай гаспадарцы няма сістэмы, якая б вызначала, як развіваюцца сельскагаспадарчыя культуры, куды трэба ўносіць угнаенні, а дзе іх не трэба расходаваць. «Гомсельмаш» толькі з наступнага года пачне выпускаць камбайны «Палессе» з сістэмай карціравання, праграмай складання спецыяльных карт, якія адлюстроўваюць тып глебы, яе ўласцівасці, ураджайнасць той ці іншай культуры на кожным участку і г. д. А мы ўжо сёння вучым маладых людзей праграмаваць, загружаць такія карты ў камбайны.

Накіроўваемся ў наступную лабараторыю, дзе юнакі асвойваюць навыкі кіравання сельскагаспадарчымі дронамі.
— З дапамогай такіх дронаў можна складаць карты засеяных палёў, своечасова выяўляць на іх ачагі, куды варта кропкава ўнесці ўгнаенні, або зараснікі пустазелля, якія маюць патрэбу ва ўтылізацыі, — расказвае другакурснік Кірыл ЗЯНЕВІЧ. — Гэта выдатна, што ў каледжы ёсць такая ўнікальная тэхніка, з якой нас вучаць абыходзіцца і даступна тлумачаць, як і што нам давядзецца рабіць на працоўных месцах. Не сумняваюся, што ў будучыні змагу прыносіць рэальную карысць краіне.
Кожны можа быць сапраўдным творцам
Многія суразмоўцы расказвалі, што прыйшлі ў каледж па парадзе бацькоў, старэйшых братоў, сясцёр або знаёмых, якія яго скончылі. Але не раз і не два за наш візіт сустрэліся і тыя, чый выбар месца навучання вызначыў TіkТоk. Майстар вытворчага навучання Аляксандр МІШКОЎ вядзе там блог «Спецы» ўжо чатыры гады. Па словах Аляксандра Пятровіча, здымаць сюжэты для TіkТоk ён пачаў проста так, дзеля забавы. І можа ўсё б і абмежавалася некалькімі эпізодамі, каб не той рэзананс, які яны атрымалі. Сёння ў «Пятровіча» больш за 130 тысяч падпісчыкаў!
Сярод тых, хто даведаўся аб каледжы з папулярнай сацыяльнай сеткі, — будучы прадавец і повар Юлія ЛАПАЦІНА:
— Пасля гэтага мы з мамай (яна таксама працуе прадаўцом) прыязджалі ў каледж на Дзень адчыненых дзвярэй. Мне так тут спадабалася, што адразу вырашыла: буду паступаць толькі сюды. Ні разу не пашкадавала аб сваім выбары. Рэальнасць нават перасягнула мае чаканні.

З лабараторый, дзе вучацца працаваць з касай і афармляць падарункі, накіроўваемся ў кухню-лабараторыю — там пад кіраўніцтвам майстра вытворчага навучання Таццяны КАРОТКАЙ вучацца гатаваць боршч. Яна працуе ў каледжы ўжо 34 гады, выпусціла больш за тысячу чалавек.
— Кожнаму новаму пакаленню, якое паступае ў наш каледж, імкнуся растлумачыць, што повар — гэта творца, мастак, — падкрэслівае Таццяна Кароткая. — Ад прыгатавання ежы і ад усведамлення таго, што нясеш людзям радасць, можна атрымліваць каласальнае задавальненне. Многія з нашых выпускнікоў становяцца прызнанымі прафесіяналамі. Гэта вельмі натхняе мяне як настаўніка.
Дарослыя адзначаюць новую тэндэнцыю: калі раней вучыцца на повараў, прадаўцоў і аграрыяў паступалі выключна дзяўчаты, то сёння ўсё больш становіцца хлопцаў, якія жадаюць атрымаць такія спецыяльнасці.
Зацікавіць і стварыць умовы
Сёння ў Смілавіцкім дзяржаўным каледжы вучыцца 500 юнакоў і дзяўчат з усёй Беларусі. Усе яны атрымліваюць інтэграваныя спецыяльнасці. Прадаўцы, напрыклад, «па сумяшчальніцтве» могуць працаваць і кухарамі, а слесары па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання — трактарыстамі-машыністамі сельскагаспадарчай вытворчасці. Самая запатрабаваная ў паступаючых спецыяльнасць — трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорый «C», «D», «E».

— З шэрагам гаспадарак у нас заключаны дагаворы аб узаемадзеянні, — звяртае ўвагу Арцём Крывапуст. — Нашы хлопцы выязджаюць туды на вытворчае навучанне, ім у рэальных умовах паказваюць, што і калі давядзецца выконваць. А каб кіраўнікі арганізацый беражліва і зацікаўлена ставіліся да нашых выпускнікоў, вось ужо два гады мы спачатку размяркоўваем іх, а потым накіроўваем па месцы размеркавання адпрацоўваць практыку. Калі ў гаспадарках разумеюць, што праз некалькі месяцаў гэты хлопец ці дзяўчына прыйдуць да іх на працу, нікому не прыходзіць у галаву адпраўляць іх «месці двор».
На першым паверсе галоўнага корпуса каледжа — экспазіцыя лепшых работ, створаных рукамі яго навучэнцаў. Побач вітрына, дзе сабраны кубкі, узнагароды, граматы, якіх рэгулярна ўдастойваюцца юнакі і дзяўчаты на розных конкурсах прафесійна-тэхнічнага майстэрства і творчасці. Але, зразумела, «не вучобай адзінай» жыве моладзь. І аб гэтым дарослыя таксама памятаюць. Таму, акрамя выдатна абсталяваных інтэрнатаў, на тэрыторыі каледжа ёсць спартыўныя аб’екты, стадыёны і хакейная пляцоўка, дзейнічае 15 аб’яднанняў па інтарэсах. У вольны ад вучобы час будучыя прадаўцы, повары, механізатары, слесары сплаўляюцца па рэках на байдарках, здзяйсняюць велападарожжы, гуляюць у футбол і валейбол. Увогуле, трэба вельмі пастарацца, каб тут засумаваць.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ