Беларусь — абсалютны лідар сярод краін СНД па тэмпах зніжэння захваральнасці на такую небяспечную інфекцыю, як туберкулёз. Новыя сучасныя метады штогод прымяняюцца ў дыягностыцы і лячэнні. Летась у краіне ўкаранёна таргетнае секвенаванне для вызначэння лекавай устойлівасці да найноўшых прэпаратаў. Сёлета плануецца прымяняць поўнагеномнае секвенаванне. Акрамя таго, укараняюцца тэхналогіі штучнага інтэлекту. Пачынаючы з сярэдзіны бягучага года ў сталіцы будзе рэалізоўвацца праект па прымяненні ШІ пры правядзенні рэнтген-лічбавых даследаванняў органаў грудной клеткі. Навучаныя нейрасеткі дапамогуць урачу-рэнтгенолагу не прапусціць мінімальныя паталагічныя змены і апрацаваць вялізныя масівы даных ў максімальна кароткія тэрміны.
У лідарах па зніжэнні захваральнасці
У свеце туберкулёз выклікае амаль удвая больш смерцяў, чым ВІЧ-інфекцыя. З 2021 года колькасць інфіцыраваных расце, і, напрыклад, у 2024-м на планеце на туберкулёз захварэлі звыш 10,7 мільёна чалавек. Як адзначае каардынатар праграмы па інфекцыйных захворваннях Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Алег ДУБОВІК, нягледзячы на тое, што захворванне вылечнае, паспяховасць лячэння патрабуе высокай прыхільнасці пацыента, а перапыненне тэрапіі спрыяе развіццю лекавай устойлівасці, якая сёння ўяўляе адну з найбольш сур’ёзных глабальных пагроз. Хоць на еўрапейскі рэгіён прыпадае крыху менш за 2 % глабальнага цяжару туберкулёзу, большасць выпадкаў лекава-ўстойлівых форм рэгіструецца ў краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі.
У нашай краіне выбудавана дакладная сістэма выяўлення і аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з туберкулёзам. Беларусь — абсалютны лідар сярод краін СНД па тэмпах зніжэння захваральнасці і дасягнутых выніках лячэння.
— Наш паказчык па дадзеных СААЗ адзін з самых нізкіх не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў цэлым у Еўрапейскім рэгіёне. За пяць гадоў у рамках рэалізацыі праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» паказчык захваральнасці знізіўся на 19 %. І за апошні год ён склаў 13,2 на 100 тысяч насельніцтва. Істотна палепшыліся вынікі лячэння — на 15 %, смяротнасць знізілася на 18,2 %. Паказчык смяротнасці ў нас меншы за адзінку на 100 тысяч насельніцтва, — прывяла лічбы дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі, галоўны пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя, кандыдат медыцынскіх навук Алена КРАТКОВА.

Пры гэтым праблема лекавай устойлівасці не мінула і Беларусь. Штогод выяўляецца каля 400 выпадкаў з лекава-ўстойлівым туберкулёзам.
— Медыцынскія паслугі, якія звязаны з прафілактыкай, дыягностыкай, лячэннем туберкулёзу, для грамадзян нашай краіны аказваюцца бясплатна за кошт дзяржавы. Не кожная краіна можа канстатаваць такі факт. І гэта фундаментальны прынцып нашай сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Пацыенту не трэба думаць аб грашах, калі гаворка ідзе аб яго здароўі і жыцці. Дзяржава бярэ ўсе выдаткі: ад рэнтгенфлюараграфічнага абследавання да найскладаных аперацый і працяглага курса хіміятэрапіі сучаснымі прэпаратамі. Літаральна з самага нараджэння пачынаецца прафілактыка — з вакцынацыі дзіцяці сучаснай вакцынай па БЦЖ на трэці-пяты дзень. Ахоп дзяцей у нашай краіне складае больш за 97 %, — падкрэсліла Алена Краткова. — Дзякуючы такім мерапрыемствам, што праводзяцца ў краіне, за апошнія 10 гадоў захваральнасць у дзяцей знізілася больш як на 80 %.
Хутка выяўляецца і лечыцца
Што датычыцца дыягностыкі туберкулёзу, на сёння ў Беларусі працуе 54 лабараторыі, аснашчаных сучаснымі аналізатарамі, якія даюць магчымасць атрымаць інфармацыю аб наяўнасці ДНК-узбуджальніка ў біялагічным узоры пацыента на працягу 2–4 гадзін, а на працягу 48 гадзін вызначаецца адчувальнасць. Гэта значыць, захворванне не толькі хутка выяўляецца, але і адразу прызначаецца эфектыўнае лячэнне, якое адаптавана пад канкрэтнага пацыента. Летась у краіне было выканана больш чым 43 тысячы даследаванняў.
У 2025 годзе ў Беларусі ўкаранёна таргетнае секвенаванне для вызначэння лекавай устойлівасці да прэпаратаў 2-га рада. Гэта найноўшыя прэпараты бедаквілін, лінезалід, прытаманід. Сёлета плануецца ўкараніць поўнагеномнае секвенаванне.
Створаны ўсе ўмовы і для лячэння туберкулёзу: дзейнічае 7 стацыянараў на 1186 фтызіятрычных ложкаў, працуе 265 урачоў-фтызіятраў. Фтызіятрычная служба цалкам забяспечана ўсімі супрацьтуберкулёзнымі прэпаратамі, якія зарэгістраваны ў свеце. На іх набыццё і на расходныя матэрыялы для лабараторнай дыягностыкі за апошнія 2 гады дзяржава патраціла больш за 6,5 мільёна рублёў.

У краіне выкарыстоўваюцца кароткія схемы лячэння, якія дазволілі скараціць яго тэрміны з 2 гадоў да 5,5 месяца. Гэта павышае прыхільнасць пацыентаў і адпаведна паляпшае эфектыўнасць лячэння. Скарацілася колькасць зрываў, выпадкаў афармлення на прымусовае лячэнне і рэцыдываў. Акрамя таго, для хворых на туберкулёз выбудавана вельмі добрая сацыяльная падтрымка. За 5 гадоў больш за 5000 пацыентаў з туберкулёзам органаў дыхання забяспечваліся высокакаларыйным харчаваннем — гэта больш за 20 тысяч набораў. Летась такія наборы атрымалі 710 пацыентаў.
Цяпер пацыенту не трэба штодзень хадзіць па таблеткі — хворыя бясплатна забяспечваюцца смартфонамі для кантраляванага лячэння. І гэта сістэма пры добрай прыхільнасці дае высокі вынік. Акрамя таго, пацыенты забяспечваюцца праязнымі білетамі на грамадскі транспарт для наведвання супрацьтуберкулёзных устаноў не толькі для атрымання лекавых сродкаў, але і для маніторынгу стану здароўя, правядзення лабараторных даследаванняў.
ШІ ў ролі асістэнта
Сёння медыкі працуюць над укараненнем самых сучасных лічбавых тэхналогій, у прыватнасці штучнага інтэлекту. Пачынаючы з сярэдзіны бягучага года ў Мінску будзе рэалізоўвацца праект па прымяненні ШІ пры правядзенні рэнтген-лічбавых даследаванняў органаў грудной клеткі.
— Штучны інтэлект павінен стаць нашым надзейным асістэнтам. Навучаныя нейрасеткі дапамогуць урачу-рэнтгенолагу не прапусціць мінімальныя паталагічныя змены, апрацаваць вялізныя масівы даных у максімальна кароткія тэрміны. Гэта вельмі важна, асабліва калі праходзяць масавыя прафілактычныя агляды, — расказала Алена Краткова.
У далейшым плануецца выкарыстоўваць штучны інтэлект для павышэння дакладнасці дыягностыкі і эфектыўнасці скрынінгу ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. Сёння медыкі працуюць над сучаснымі пратаколамі дыягностыкі і лячэння туберкулёзнай інфекцыі. Стаіць задача выявіць чалавека, які інфіцыраваны мікабактэрыяй, але яшчэ не мае хваробы і незаразны для навакольных, каб правесці на гэтым этапе курс прэвентыўнай хіміятэрапіі.
Алена КРАВЕЦ