Top.Mail.Ru
176

Якія тавары ўзначальваюць антырэйтынг кантрафактнай прадукцыі ў Беларусі, расказаў кіраўнік ДКНТ

Значнасць абароны рынкаў ад кантрафактнай прадукцыі асабліва ўзрастае ў апошнія гады, паведаміў на пленарным пасяджэнні ХІІІ Міжнароднага форуму «Антыкантрафакт-2025» старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Сяргей Шлычкоў, перадае БелТА.



Гэта звязана з тэхнічным прагрэсам і бурным укараненнем інавацыйных распрацовак у эканоміку і ў іншыя сферы.

Па словах Сяргея Шлычкова, ва ўмовах імклівага росту тавараабароту і лічбавізацыі гандлю назіраецца актыўнае распаўсюджванне кантрафактнай прадукцыі ў лічбавай прасторы. Усё гэта патрабуе прыняцця эфектыўных мер па выяўленні і спыненні выхаду кантрафакту на рынкі.

Па выніках 2024 года ў Беларусі выяўлена каля 80 тыс. адзінак кантрафактнай прадукцыі, што амаль у 2 разы больш за ўзровень 2023-га. Антырэйтынг узначальваюць, як і раней, тавары паўсядзённага попыту: адзенне і абутак, бытавая тэхніка, аўтазапчасткі, а таксама парфумерыя і касметыка.

Больш за 90 % кантрафакту, выяўленага мытнымі органамі краіны, увозіцца з тэрыторыі Кітая. У астатніх 10 % пераважаюць Літва і Германія.

  • «Для барацьбы з кантрафактам выбудавана адпаведная сістэма. Яна дае вынікі, — адзначыў Сяргей Шлычкоў. — Паколькі барацьба з кантрафактам і абарона інтэлектуальнай уласнасці заўсёды ўзаемазвязаныя, то рэгістрацыя аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, у прыватнасці таварнага знака, разглядаюцца намі як першааснова, якая дазваляе праваўладальніку абараніць свае правы на рынку».

На тэрыторыі краіны ў цяперашні час дзейнічаюць каля 130 тыс.таварных знакаў. Па жаданні праваўладальніка таварныя знакі могуць уключацца ў Нацыянальны мытны рэестр, а ў найбліжэйшай будучыні і ў Адзіны мытны рэестр дзяржаў — удзельніц ЕАЭС. Гэта дазволіць спыніць незаконны ўвоз кантрафакту.

«Важная роля ў барацьбе з кантрафактам належыць мытным органам. За перыяд з 2021 па 2024 год імі па фактах незаконнага выкарыстання аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці накіравана ў суды больш за 200 спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях. У выніку выбудаванай сістэмы барацьбы з кантрафактам якіх-небудзь сур’ёзных праблем не ўзнікае, а ўсе пытанні, якія ўзнікаюць, вырашаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам. Вопытам, які маем, мы гатовыя падзяліцца з партнёрамі з іншых краін. Таксама нас цікавіць і станоўчы замежны вопыт», — сказаў Сяргей Шлычкоў.

Беларусі ў трэці раз выпаў гонар праводзіць форум «Антыкантрафакт» (яны праходзілі ў краіне ў 2015 і 2020 гадах). «Мы бачым вялікую цікавасць да форуму. Рэгістрацыю прайшлі каля 500 удзельнікаў, у тым ліку з Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Кітая, Манголіі, Расіі, Узбекістана. Упэўненыя, што цеснае ўзаемадзеянне і скаардынаваныя дзеянні з замежнымі партнёрамі дазволяць павысіць эфектыўнасць барацьбы з кантрафактам», — падкрэсліў Сяргей Шлычкоў.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю