Антарктыка — малавывучаны рэгіён планеты. Чалавецтва даследавала толькі частку ўзбярэжжа, а большасць унутрыкантынентальных і многія прыбярэжныя тэрыторыі вялізнага (болей чым у 60 разоў перавышаючага Беларусь па плошчы) «лядовага кантынента» і сёння застаюцца terra іncognіta. Зараз там працуе 17-я Беларуская антарктычная экспедыцыя.
— У 2006 годзе наша краіна далучылася да Дагавора аб Антарктыцы, — распавядае начальнік Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў НАН Беларусі Уладзімір Рыжыкаў. — Дагавор ад 23 чэрвеня 1961 года рэгулюе ўсю дзейнасць за 60-м градусам паўднёвай шыраты, гэта значыць, на кантыненце, прылягаючых тэрыторыях і астравах. Яна забараняе ў гэтым «сусветным запаведніку» розныя віды дзейнасці, акрамя навуковай.
За гэтыя гады, адзначыў навуковец, уведзена ў строй Беларуская антарктычная станцыя «Гара Вячэрняя». Сёння наша рэспубліка ў ліку больш чым 50 краін, якія вядуць на шостым кантыненце даследчую дзейнасць, і адна з нямногіх дзяржаў, якія маюць там станцыі — у адным шэрагу з Расіяй і Кітаем, Аргенцінай, Чылі, ЗША, Вялікабрытаніяй і іншымі. Станцыі бываюць сезонныя і тыя, дзе можна працаваць увесь год. Беларуская — сезонная: экспедыцыя адпраўляецца туды падчас арктычнага лета. А яно ў Паўднёвым паўшар’і якраз цяпер.
Не заўтра, а зараз
— Навуковая праца вядзецца па шэрагу кірункаў, якія замацаваныя ў дзяржаўнай праграме — ужо чацвёртай, і цяпер фарміруецца пятая, — тлумачыць Уладзімір Рыжыкаў. — Перш за ўсё, гэта тыя даследаванні, што выконваюць і іншыя дзяржавы (іх курыруе Навуковы камітэт па вывучэнні Антарктыкі (SCAR): біялагічныя, вывучэнне фізікі атмасферы, шэраг кірункаў па ахове навакольнага асяроддзя. Даследаванні звязаны таксама з лядовым становішчам, вывучэннем лядовага керну донных адлажэнняў. Іх спектр вельмі шырокі.
Што датычыцца прыкладных аспектаў антарктычных даследаванняў, іх таксама шмат, падкрэслівае суразмоўца.
— Вылучаны мікраарганізмы, якія сустракаюцца толькі на гэтым кантыненце, яны прыстасаваліся да экстрэмальных кліматычных умоў (нізкіх тэмператур, высокага ўльтрафіялету) і выдзяляюць асаблівыя біялагічныя рэчывы. На іх аснове Інстытут мікрабіялогіі НАН Беларусі распрацаваў прэпарат «Вегетацін», які ўжо сёння эфектыўна выкарыстоўваецца на палях краіны для «экалагічна чыстай» абароны сельскагаспадарчых раслін ад хвароб і павышэння ўраджайнасці культур.
Адзін з кірункаў біядаследаванняў — вылучэнне біяактыўных рэчываў антарктычных раслінных супольнасцяў. Гэта мохападобныя і лішайнікі, яны таксама ўнікальныя і адрозніваюцца ад «сародзічаў» з любой іншай часткі свету як стрыечныя, а не родныя «браты».
— Пілотны праект звязаны з хімічным складам гэтых мохападобных і лішайнікаў, вылучэннем з іх рэчываў, каштоўных для фармацэўтычнай прамысловасці, і распрацоўкай інавацыйных прэпаратаў, — канкрэтызуе вучоны. — Так, атрыманы рэчывы, якія паскараюць згусальнасць крыві. На іх аснове будуць распрацоўвацца прэпараты для гаення ран, рэабілітацыі ў пасляаперацыйны перыяд. Інстытутам эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, Інстытутам біяарганічнай хіміі Акадэміі навук сумесна з РНПЦ анкалогіі і РНПЦ дзіцячай анкалогіі вядзецца праца, накіраваная на стварэнне прэпаратаў на аснове выдзеленых з арктычнай флоры рэчываў для лячэння і — галоўнае — папярэджання анкалагічных захворванняў.
Як я правёў лета
Узімку на антарктычным узбярэжжы рэдка бывае цяплей за мінус 40 °С, а ў цэнтры кантынента зарэгістраваны тэмпературны мінімум на ўзроўні мінус 89,9 °С. Але і летам Антарктыда не дабрэйшая да людзей, хоць зрэдку тут бывае нават «плюс» — і гэта стварае дадатковыя небяспекі. Раставанне леднікоў, непрыкметныя расколіны ў шматтонных ільдах, апоўзні, якія пагражаюць зваліцца са стромых скал у акіян, пераменлівы ландшафт (калі ўкатаная дарога «без папярэджання» становіцца небяспечнай). Плюс завеі і ўраганныя вятры.
У арктычныя экспедыцыі адпраўляюцца, як правіла, правераныя людзі, а ўзначальвае іх — усе 17 экспедыцый — найбольш вопытны беларускі палярнік Аляксей Гайдашоў. Бо кожны далёкі выхад са станцыі, любое даследаванне за яе межамі (а яны праводзяцца ў тым ліку на «прыпаяным лёдзе») — выпрабаванне, якое патрабуе сур’ёзнай падрыхтоўкі. Нядаўна беларуская экспедыцыя пабывала ў раёне Антарктыды, дзе амаль не ступала нага чалавека — там была праведзена навуковая работа, узятыя ўзоры і ўсталяваны беларускі сцяг.
— Па прамой гэта каля 200 км ад «Гары Вячэрняй», але па факце пераадолець на снегаходнай тэхніцы давялося больш за 800 км, у абыход расколін і актыўных зон леднікоў, — тлумачыць начальнік цэнтра палярных даследаванняў.
Пытанне прэстыжу. І не толькі
«Насельніцтва» беларускай арктычнай станцыі на сёння — 14 чалавек.
— Інфраструктура станцыі — вытворчыя, тэхналагічныя, лабараторныя і жылыя комплексы, — распавядае Уладзімір Рыжыкаў. — Першы модуль — сувязі і навігацыі — быў дастаўлены суднавай авіяцыяй і ўсталяваны на ўстановачнай платформе ў 2013 годзе. Да гэтага нашы палярнікі ўладкоўваліся на палявой аэрадромнай базе савецкіх часоў, перададзенай Беларусі Расіяй. Гэтыя аб’екты і цяпер у складзе станцыі. Пазней з’явіўся другі, васьмісекцыйны модуль — жылыя і лабараторныя памяшканні. Наступным стаў медыцынскі модуль з найноўшым абсталяваннем: там нават можна праводзіць хірургічныя аперацыі (на шчасце, пакуль гэта не спатрэбілася). Устаноўлена таксама лабараторыя фізікі атмасферы.
На «лядовы кантынент» беларуская экспедыцыя адправілася ў лістападзе, а дадому вернецца толькі ў красавіку (мінулая правяла «ў ільдах» яшчэ больш часу — яна доўжылася з кастрычніка да чэрвеня). І ўвесь гэты час жменька людзей адарваная ад свету. У такіх умовах асабліва цэняцца простыя радасці: магчымасць пагаварыць адзін з адным, з роднымі ў Беларусі.
— Сістэма спадарожнікавай сувязі дазваляе забяспечваць станцыю бесперабойным інтэрнэтам і ў тым ліку тэлевяшчаннем, — кажа суразмоўца.
Такім чынам, беларуская арктычная станцыя — свайго роду «канструктар LEGO». Модулі могуць працаваць як адзіная сістэма або ў аўтаномным рэжыме (такімі модулямі станцыя будзе прырастаць кожныя некалькі гадоў).
— Станцыя ў Антарктыдзе для Беларусі — пытанне прэстыжу, — рэзюміруе суразмоўца. — Але справа не толькі ў гэтым. Наша краіна бярэ ўдзел у даследаваннях кантынента згодна з умовамі Дагавора аб Антарктыцы, які аб’ядноўвае 58 дзяржаў, і пакуль Беларусь мае статус назіральніка. Атрымаўшы кансультацыйны статус, наша краіна зможа ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў, і ў тым ліку ад яе голасу будзе залежаць лёс гэтага ўнікальнага кантынента.