Top.Mail.Ru

Якія таямніцы хавае старажытны Мсціслаў?

Шмат таямніц і загадак захоўваюць у сабе гарады ўсходняй Беларусі. «Звязда» разам з Нацыянальным агенцтвам па турызме адправілася ў Мсціслаў, каб расказаць і паказаць, чым адметныя гэты старажытны горад і яго наваколле.


Рыцарская рамантыка

Мабыць, першая асацыяцыя, якая ўзнікае з гэтым горадам, — рыцарскі фэст — мерапрыемства, якое пераносіць гасцей і жыхароў горада ў каларытнае сярэднявечча. Уся праграма сканцэнтравана на Замкавай гары, якая з’яўляецца сэрцам Мсціслава і «археалагічнай меккай». Непадалёк размешчаны цікавы помнік, прысвечаны невядомаму рыцару.

— У 2013 годзе на рацэ Віхра былі праведзены падводныя археалагічныя раскопкі пад кіраўніцтвам прафесара, доктара гістарычных навук Ігара Марзалюка сумесна з дайв-клубам «Марскі пегас». У выніку выявілі ўнікальныя даспехі XVІ стагоддзя, якія з’явіліся ўпершыню ў Германіі, — расказала экскурсавод Яраслава Асіпцова. — Сёння гэтыя даспехі захоўваюцца ў музеі гісторыі горада Магілёва. Усё, што ў нас засталося ад іх і ад тых падводных археалагічных раскопак, — гэта астанкі невядомага маладога рыцара, якія былі ўзняты разам з даспехамі. Ён удзельнічаў у Мсціслаўскай бітве 4–16 лістапада 1502 года. У 2014-м, падчас правядзення «Рыцарскага фэсту», яны былі пахаваны на гэтым месцы як даніна памяці аб гістарычным мінулым горада Мсціслава.

Рухаемся далей і трапляем у гарадзішча, дзе ўзноўлена гістарычная забудова XІІ—XІV стст. Тут і археалагічны музей з унікальнымі экспанатамі, і старажытны раскоп з рэшткамі кузні, дома, маставой, каналізацыйных збудаванняў. Цэнтрам забудовы стала драўляная абарончая вежа-данжон з этнаграфічнай экспазіцыяй «Дрэва жыцця». А ў сярэднявеччы гэты будынак выконваў адначасова функцыі і царквы, і абарончага збудавання.

— Уся тэрыторыя Замкавай гары была забудавана хаткамі. Асобнага месца для абарончай вежы і царквы проста не было, таму зрабілі такое сумяшчэнне. Акрамя таго, знаходжанне тут царквы было своеасаблівым абярэгам, — адзначыла Яраслава Асіпцова.

З вышыні Замкавай гары адкрываецца цудоўны від на першы каталіцкі храм Мсціслава, які быў узведзены ў 1614 годзе. Сёння касцёл Ушэсця Дзевы Марыі рэстаўрыруюць.

Зямля майстроў

Мсціслаўскі край багаты і на майстроў. Так, падчас прагулкі па горадзе немагчыма не звярнуць увагі на шэсць каменных скульптур, якія з’явіліся яшчэ ў 2016 годзе пасля пленэру скульптараў. Тут і «Стары горад» Уладзіміра Панцялеева, і «Захавальнік гісторыі» Андрэя Вараб’ёва. А яшчэ тут ўсталявана ажно два помнікі знакамітаму ўраджэнцу — першадрукару Пятру Мсціслаўцу. «Ад удзячных землякоў» — так абвяшчае надпіс на адным з іх.

Прыемным сюрпрызам падчас нашага візіту ў горад стала знаёмства з дзіўным чалавекам: народным майстрам, кавалём Сяргеем Кудзікавым. Ён калісьці выкладаў інфарматыку ў каледжы, аднак у пэўны момант вырашыў кардынальна змяніць сваё жыццё.

— Пачынаў калісьці з гістарычнай рэканструкцыі, рабіў сабе даспехі, каваў мячы... Наогул кавальская справа — гэта ж сукупнасць усіх кірункаў: мастацтва, творчасці, інструментаў, матэрыялаў.

Свае веды і ўменні ён з радасцю перадае падрастаючаму пакаленню.

— Я вяду аматарскае аб’яднанне для старшакласнікаў. Ім падабаецца, паколькі ўсё гэта разнапланава. Напрыклад, фехтаванне — гэта спортпадрыхтоўка. Паездка на фестывалі і знаёмства з рамеснікамі — неацэнны вопыт, які патрэбен для таго, каб у моладзі была вялікая зацікаўленасць да нашай гісторыі і культуры.

Прыгранічны манастыр

Духоўным цэнтрам Мсціслаўскага краю лічыцца Пустынскі Свята-Успенскі мужчынскі манастыр, заснаваны ў 1380 годзе. Размешчаны ён за 12 кіламетраў ад Мсціслава і ўсяго за 500 метраў ад граніцы з Расіяй. Паводле легенды, аслеплы мсціслаўскі князь Сімяон Альгердавіч убачыў у сне старца, які загадаў яму адшукаць у акрузе крыніцу і прамыць вадой з яе вочы. Усё зрабіў, і, калі вылечыўся, першым, што князь убачыў, была ікона Багародзіцы на дрэве. Так, паводле яго загаду, на тым месцы пабудавалі храм і заснавалі мужчынскі манастыр. Абраз доўгі час захоўваўся тут, аднак у 1920-х гадах быў беззваротна страчаны.

Здалёк відаць шмат’ярусную шатровую званіцу вышынёй амаль 59 метраў. Яе ўзвялі яшчэ ў 1866 годзе разам з цаглянай школай, гаспадарчай і жылой пабудовай. Ёсць і ўражальныя месцы на тэрыторыі манастыра, аднак з-за складаных гістарычных выпрабаванняў яны ператварыліся ў руіны. Як напрыклад, Успенскі сабор, што ў 1800-х быў велічным збудаваннем з купаламі, аркамі і багатай ляпнінай.

Удалося нам убачыць і галоўную святыню гэтага месца: нерукатворнае аблічча Ісуса Хрыста, які праявіўся на сцяне старога ігуменскага корпуса.

— Упершыню гэта здарылася ў 1924 годзе, калі тут быў дзіцячы дом. У часы атэізму з выявай паступілі бязлітасна — высеклі са сцяны і выкінулі за вароты. Другая праява з’явілася ў 2003 годзе, калі манахі аднаўлялі будынак. Падчас рэстаўрацыі пад абразом Багародзіцы, што вісеў на гэтым месцы, раптам заўважылі вобраз, які з кожным днём станавіўся ўсё ярчэйшы, — апраўленае аблічча Збавіцеля. Кропка, у якую калісьці быў убіты цвік для абраза, знаходзілася якраз на лобнай косці, дзе была рана ад цярновага вянка, — распавёў святар Пустынскага манастыра, іераманах Іларыён.

Шмат паломнікаў сюды прыцягваюць цудатворныя крыніцы, якіх тут ажно чатыры. У кожнай з іх сваё асаблівае прызначэнне. Так, да самай аддаленай, асвечанай у гонар Ефрасінні Полацкай, едуць, каб вылечыць ногі. Да маленькай крыніцы за трапезнай у гонар Архангела Міхаіла ідуць за суцяшэннем і каб адагнаць засмучэнне. А для малітваў аб дзецях і сям’і адпраўляюцца да крыніцы Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі. Самая ж вядомая і старажытная крыніца на тэрыторыі манастыра названа ў гонар Божай Маці: ёй ужо больш за шэсць стагоддзяў.

Мсціслаў абавязкова трэба ўбачыць на свае вочы. Прагуляцца па вулачках, прасякнутых гісторыяй, наведаць музеі, падняцца на Замкавую гару і папіць вады з цудатворнай крыніцы. А можа, нават стаць удзельнікам маштабнага рыцарскага фэсту і захапіцца гістарычнай рэканструкцыяй.

Фота аўтара



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю