Top.Mail.Ru

Якія тэмы абмеркавалі на рэспубліканскай семінары-нарадзе?

Магчымасць выкарыстання на ўроках штучнага інтэлекту, новая праграма па фізкультуры, выкладанне гісторыі Беларусі і абноўлены падручнік па хіміі. Гэтыя і не толькі тэмы абмеркавалі на рэспубліканскай нарадзе-семінары.



Пастаянна развівацца і ўдасканальваць свае прафесійныя навыкі неабходна кожнаму прафесіяналу. Але ў першую чаргу гэта датычыцца спецыялістаў, якія працуюць у сферы адукацыі і выхавання. Кіраўнікі і спецыялісты рознага ўзроўню адзначаюць, што сёння ў краіне і з’явілася, і прыжылося шмат пляцовак, дзе можна дэманстраваць усё істотнае і цікавае ў плане новых падыходаў да забеспячэння якасці адукацыі, дзяліцца вопытам і расказваць пра дасягненні. Адной з такіх пляцовак гэтага года стала Рэспубліканская нарада-семінар «Перспектывы развіцця дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі». Мерапрыемства прайшло ў Мінску ўчора, а яго ўдзельнікі абмяркоўвалі кірункі развіцця адукацыі на 2025-2026 навучальны год. 

Нарада адбылася з удзелам міністра адукацыі Андрэя ІВАНЦА, галоўных спецыялістаў ведамства, прадстаўнікоў галоўных упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, абласнога і Мінскага гарадскога інстытутаў развіцця адукацыі, кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.


У фармаце навучальнага семінара растлумачылі асноўныя навацыі ў сістэме адукацыі ў цэлым і сярэдняй адукацыі, у прыватнасці, якія ўступяць у сілу з першага верасня.

— Напэўна, самае папулярнае і чаканае — гэта тэхналогіі штучнага інтэлекту, — расказвае міністр адукацыі Андрэй Іванец. Па словах кіраўніка адукацыйнага ведамства, ужо ёсць рэгламент, які паказвае, як педагог і навучэнец могуць выкарыстоўваць тэхналогіі штучнага інтэлекту ў адукацыйным працэсе.

— Вядома, у першую чаргу ён накіраваны на настаўніка, — працягнуў Андрэй Іванец. — І закліканы служыць для таго, каб зрабіць урокі яшчэ больш цікавымі, пераказ матэрыялу яшчэ больш даступным, а праверку ведаў, выбудоўванне індывідуальнай адукацыйнай траекторыі — яшчэ больш асобасна арыентаванымі.

Міністр адукацыі агучыў, што ўжо ў найбліжэйшы час на адзіным інфармацыйна-адукацыйным рэсурсе, дзе размешчаны электронныя падручнікі, электронныя ўрокі, відэаматэрыялы, можна будзе размясціць і адпаведныя рэкамендацыі.

— Штучны інтэлект можа таксама стаць і памочнікам для нашых навучэнцаў, — патлумачыў кіраўнік адукацыйнага ведамства, — калі ёсць неабходнасць асвойваць у хатніх умовах адпаведныя ўрокі, заняткі, якія, можа быць, яны прапусцілі, альбо не ў поўнай меры засвоілі ў класе.

Спыніўся Андрэй Іванец і на такім важным этапе семінара, як практычныя заняткі для тых педагогаў, якія будуць весці адзін з найважнейшых урокаў нашай краіны — фізічнай культуры.

— З 1 верасня ўступае ў сілу новая праграма па фізічнай культуры, — паведаміў ён. — Мы вяртаем шмат элементаў, якія былі выключаныя яшчэ 15 гадоў таму. І робім гэта для таго, каб зрабіць тры ўрокі фізкультуры на тыдзень сапраўды насычанымі, каб нашы школьнікі заканчвалі школу, валодаючы адпаведнымі першаснымі навыкамі і гульнявых, і іншых відаў спорту, каб яны вялі здаровы лад жыцця. Таму на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры прайшоў наглядны дэманстрацыйны семінар, дзе ўсе нашы настаўнікі змаглі асвяжыць у сваёй памяці тую праграму, якая была ў нас раней.
Па глыбокім перакананні Андрэя Іванца, пытанні, якія звязаны з выхаваннем падрастаючых пакаленняў, таксама знаходзяцца ў фокусе пастаяннай увагі.

— У нас тут пазіцыя нязменная, — канстатаваў ён. — Мы павінны бачыць дзіця кожны дзень, мы павінны глядзець яму ў вочы, мы павінны разумець, што яго хвалюе, чым яно жыве. Напэўна, гэта з’яўляецца гарантыяй таго, што ў яго жыцці ўсё атрымаецца, а школа і настаўнік змогуць яму своечасова падставіць плячо не толькі ў вучобе, але і ў той жыццёвай сітуацыі, у якой ён можа апынуцца.

Тэм для абмеркавання было сапраўды шмат — гэта і пошук шляхоў павышэння якасці дашкольнай адукацыі, і ўкараненне інавацыйных падыходаў у выхаванні і навучанні дашкольнікаў, забеспячэнне пераемнасці паміж дашкольнай і пачатковай агульнай адукацыяй і іншыя. Адметна, што цяперашні семінар праходзіў у некалькіх лакацыях. Кожная з тэм мела сваю — з тым, каб удзельнікі нарады не на словах, а на свае вочы азнаёміліся з перадавым вопытам адукацыйных устаноў, абмяняліся паміж сабой думкамі, а самае цікавае ўзялі на заметку, каб укараніць у сябе.

У новым навучальным годзе стане абавязковым для старшакласнікаў вывучэнне прадмета «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі», таму абмеркаванне арганізацыі адукацыйнага працэсу па ім, а таксама па прадметах «Гісторыя Беларусі» і «Сусветная гісторыя» выклікала вялікую цікавасць удзельнікаў семінара. Жывое абмеркаванне сярод прадстаўнікоў адукацыйнай сферы меў змест абноўленых вучэбнай праграмы і вучэбнага дапаможніка па прадмеце «Хімія» для 9 класа.

Алена ВІНАГРАДАВА
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю