Top.Mail.Ru

Якія тэмы гучалі на прамой лініі з Крупко ў Гомелі

Шум ад суседа, рэгістрацыя ўзведзенага гаража, транспартныя зносіны Лельчыц з Гомелем і іншымі гарадамі — гэтыя і іншыя тэмы гучалі ў час прамой тэлефоннай лініі і прыёму грамадзян, якія правёў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, перадае БелТА.


Гамяльчанка, якая жыве ў доме па вул. Кірава, паскардзілася на праблемы з суседам знізу. «Ён устройвае начныя гулянкі. Крыкі, музыка. Жыць немагчыма. У нас трое дзяцей, яны ўсё гэта чуюць», — апісала сітуацыю гараджанка. Яна ўдакладніла, што ў міліцыю ўжо звярталася, аднак сусед не мяняе лінію паводзін.

«Дапаможам абавязкова. Пазаймаемся, паглядзім. Парадак павінен быць усюды», — падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.

Ураджэнка гарадскога пасёлка Акцябрскі не можа зарэгістраваць пабудаваны гараж. Жанчына ўдакладніла, што ў маі 1999 года рашэннем райвыканкама ёй выдзелілі ўчастак для будаўніцтва гараж. «Гараж пабудавалі, пачалося афармленне. Пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі на зямлю атрымана. А на сам будынак не магу — у сувязі са зменамі зямельнага кодэкса», — адзначыла заяўніца.

Іван Крупко паабяцаў прапрацаваць усе нюансы праблемы.

У званку з в. Чырвонабярэжжа Лельчыцкага раёна прагучала просьба дапамагчы разабрацца з транспартам. «У Гомель цяжка дабрацца. Прамы транспарт ідзе з Лельчыцаў у 5 раніцы і ў 12.50 — з Гомеля. Увесь астатні час трэба дабірацца праз Мазыр», — расказала пенсіянерка. Паводле яе слоў, людзі адчуваюць нязручнасці, калі, напрыклад, трэба ў медустанову да спецыяліста, які прымае пасля абеду.

«Ёсць пэўны стандарт. Транспарт ходзіць і дзяржаўны, і прыватны. Прааналізуем яшчэ раз, як арганізаваны рух, чаго не хапае», — зрабіў акцэнт старшыня аблвыканкама.

На прыём да кіраўніка вобласці прыйшоў гамяльчанін з прапановай да свята Вялікай Перамогі перайменаваць у в. Глыбоцкае Гомельскага раёна вуліцу ў гонар Героя Савецкага Саюза Івана Каўшарова — ураджэнца гэтага населенага пункта.

Паводле слоў старшыні Гомельскага райвыканкама Дзмітрыя Козела, у вёсцы пра землякоў-герояў расказвае інфармацыйны знак, устаноўлены каля помніка воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Запланавана рэканструкцыя помніка, у тым ліку з абнаўленнем інфармацыйнага знака», — удакладніў ён.

Узнімалі жыхары рэгіёна ў дыялогу з кіраўніком вобласці і іншыя пытанні. Звароты ўзялі на кантроль.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю