Якія выплаты прызначаны маладым спецыялістам, расказалі БелТА ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Як паведамілі ў ведамстве, аднаразовую грашовую дапамогу ў памеры адной месячнай стыпендыі ў апошнім семестры малады спецыяліст зможа атрымаць на працягу месяца пасля прыбыцця на першае месца работы. Калі студэнт не атрымліваў стыпендыю, то памер выплаты будзе разлічаны зыходзячы з памераў сацыяльнай стыпендыі.
«Дапамогу за пераезд змогуць атрымаць маладыя спецыялісты, якія былі размеркаваны не па месцы пастаяннага жыхарства (прапіскі). Для выплаты неабходна дакументальна пацвердзіць пераезд у іншы населены пункт. Сума дапамогі будзе роўная адной тарыфнай стаўцы, тарыфнаму або службоваму акладу», — расказалі ў міністэрстве.
Штомесячныя стымулюючыя выплаты прызначаны выпускнікам, якія прыбылі на работу ў бюджэтныя арганізацыі. Напрыклад, ва ўстановах Мінадукацыі і Мінкультуры такая выплата складзе 20-45% ад акладу, у Мінспорту — 10-50% ад акладу, у Мінпрацы і сацабароны — 20% ад акладу, ва ўстановах Міністэрства аховы здароўя — 20-50% ад акладу.