Top.Mail.Ru

Якія яны, сучасныя маладыя таты? Гэта высвятляла наш карэспандэнт падчас форуму маладых сем'яў Віцебскай вобласці

З марамі аб шчасці жонак і дзяцей

У турысцка-аздараўленчым комплексе «Лосвіда», што ў Гарадоцкім раёне, у нязмушанай абстаноўцы маладыя людзі атрымалі карысныя кансультацыі і парады ад прафесіяналаў па пытаннях здароўя, у тым ліку мацярынства і дзяцінства, даведаліся аб формах фінансавай падтрымкі з боку дзяржавы, рацыянальным выкарыстанні бюджэту. Удзельнікі форуму таксама абмеркавалі з равеснікамі, якія жывуць у невялікіх гарадах і сельскай мясцовасці, як без страт для сям’і, але з карысцю для грамадства і сябе можна бавіць вольны час.

З удзельнікамі форуму — татамі, у якіх не так даўно нарадзіліся дзеці, перад Днём бацькі мы паразважалі пра ролю мужчыны ў сям’і. Яшчэ нядаўна яна пераважна зводзілася да таго, каб забяспечваць дабрабыт, а клопаты аб дзецях, асабліва малодшага ўзросту, клаліся на жанчыну, аднак цяпер тэндэнцыі мяняюцца. Таты актыўней уключаюцца ў бацькоўства, заняткі з дзецьмі, іх развіццё.

— Мы з жонкай Крысцінай вельмі хацелі дзяцей, — расказвае Яўген Казлоў з Лёзна. — Абмяркоўвалі гэта яшчэ на этапе сустрэч. Сустракаліся мы пяць гадоў, сем гадоў як ажаніліся. Сыну Мірону тры гадкі. Яго з’яўленне ўмацавала нашы адносіны — на пэўным этапе хочацца жыць не толькі для сябе, узнікае больш дарослая патрэба клапаціцца пра чалавечка, якому вы дорыце жыццё, працягвацца ў ім. Мы думаем, у нас будзе больш дзяцей.

У Крысціны і Яўгена перад вачыма прыклад сем’яў, дзе яны выраслі. 

Бацькі дапамаглі маладым з заснаваннем фундамента для дома, цяпер Казловы-малодшыя будуюць уласны дом на бясплатна выдзеленым дзяржавай маладой сям’і ўчастку. Жонка — настаўніца, муж — вадзіцель. Працалюбівыя і сціплыя. Абодва задаволеныя пражываннем у ціхім гарадскім пасёлку, як і ўсе аднагодкі з іх акружэння. Яўген заўважыў, што сярод яго сяброў пераважаюць жанатыя маладыя мужчыны, для якіх, як і для яго, сям’я ў прыярытэце, ім не да шкодных звычак і гуляў.

— Калі Мірону споўнілася два гадкі, я пачаў браць яго з сабою ў лазню, — расказаў Яўген. — Цяпер гэта наш штотыднёвы суботні рытуал, загартоўка і рэлакс.

Кірыл Дзяйкун з Новалукомля лічыць, што патэнцыял маладой сям’і трэба выкарыстоўваць не толькі на вырашэнне ўласных пытанняў. Яны з жонкай Ірынай гадуюць шасцігадовую дачку Еву. Нядаўна сталі актывістамі кампаніі па зборы сродкаў на лячэнне маленькага земляка Данілы Дука. Выступаюць валанцёрамі па аказанні дапамогі дзецям, якія трапілі ў сацыяльна-педагагічны цэнтр, далучаюцца да акцый «У школу з добрым сэрцам», «Цуды на Раство».

— Мы прытрымліваемся традыцый, якія склаліся ў сем’ях нашых бацькоў, — дзеліцца Кірыл. — Па іх прыкладзе паклапаціліся пра жыллё, набылі двухпакаёвую кватэру, разам ствараем у ёй парадак і ўтульнасць. Падтрымліваем сямейныя сувязі. Любім прымаць гасцей — родных і сяброў, бываць у іх, разам папрацаваць, напрыклад, у агародзе, пасля адпачыць. Дарэчы, ва ўсіх не па адным дзіцяці, мы таксама плануем, што наша сям’я павялічыцца. Цяжкасцяў не трэба баяцца, іх трэба пераадольваць.

Кірыл — камандзір узвода міліцыі, старшы лейтэнант Чашніцкага аддзялення Дэпартамента аховы — звярнуў увагу на будучую жонку, калі яна ўдзельнічала ў суботніку. Падкупіла імпэтам: работа гарэла ў яе руках, адчувалася: перад ім лідар, з якім не засумуеш. Так і вышла, з выбарам не памыліўся.

— Калі ты не ўпэўнены, што шлюб — на ўсё жыццё, навошта наогул жаніцца? — разважае Станіслаў Нікіцін з аграгарадка Заронава Віцебскага раёна. — 

У сваёй жонцы Анастасіі я знайшоў сябра, надзейную апору і падтрымку. У нас падрастае трохгадовы сын Клім. Не адмаўляемся ад мары, што ён будзе не адзіным дзіцем у сям’і, будзе мець брацкую ці сястрынскую падтрымку. Нарадзіць, выгадаваць і выхаваць дзяцей, пакінуць пасля сябе след на зямлі — галоўны сэнс жыцця людзей.

Нікіціны аселі на малой радзіме мужа, набылі тут трохпакаёвую кватэру. Станіслаў сэрцам прыкіпеў да сваіх любімых маляўнічых мясцін і пасля заканчэння гістарычнага факультэта ВДУ імя П. М. Машэрава працягвае справу жыцця сваёй маці Людмілы Нікіцінай. У далёкім 1986 годзе яна стварыла музей, які цяпер мае статус народнага комплекснага музея «Гісторыя Заронаўскага краю». Сын працуе захавальнікам музейных экспанатаў і вядзе вялікую пошукавую работу.

— Мне здаецца, што калі мужчына мае пэўныя веды і перакананні, ён не павінен абмяжоўвацца выхаваннем выключна родных дзяцей, яго маральны абавязак заключаецца ў тым, каб і ў іншых дзецях фарміраваць паважлівыя адносіны да гераічнага мінулага сваёй Радзімы, яе герояў, традыцый і каштоўнасцяў, — перакананы Станіслаў. — Штогод праз наш музей праходзяць больш за 2 тысячы наведвальнікаў. На нашай базе працуюць гурткі, разам з краязнаўцамі-аматарамі, сярод якіх мноства дзяцей, мы ладзім экспедыцыі, экскурсіі, абрады.

Больш за палову ўсёй работы — устанаўленне і ўвекавечванне імёнаў невядомых загінулых герояў, пошук іх сем’яў. Здараецца, за такой справай Станіслаў заседжваецца дапазна. Анастасія, вясковая настаўніца, не крыўдуе, падзяляе мужавы дбанні. Яна і сама можа правесці экскурсію, пакорпацца ў архіўных дакументах ці адаслаць лісты. На адной хвалі яны і ў пытаннях сумеснай арганізацыі побыту, правядзення вольнага часу, выхавання сына.

Агульная рыса ўсіх маладых татаў, з якімі мы пагутарылі, — тое, што яны з поўных сем’яў, дзе панавалі паважлівыя адносіны паміж бацькамі. Невыпадкова яны не парываюць сувязі з імі. Субяседнікі ўсведамляюць, што дабрабыт — гэта вынік працы, усе занятыя справай. Не цураюцца падзяляць з жонкамі хатнія абавязкі, уключаны ў працэс выхавання дзяцей. І галоўнае: яны мараць бачыць сваіх жонак, сыноў і дачок шчаслівымі. Для таго і жывуць.

Святлана ЯКАЎЛЕВА

фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю