Top.Mail.Ru

Якія задачы даводзіцца вырашаць участковаму інспектару міліцыі

Разбірацца ў бытавых спрэчках і абараняць дзяцей


Штотыднёвыя прыёмы грамадзян у грамадскіх пунктах аховы правапарадку — гэта не проста фармальнасць, а дзейсны інструмент прафілактыкі, дзе кожны жыхар можа знайсці падтрымку і дапамогу. Чарговы прыём грамадзян у Партызанскім раёне сталіцы правяла ўчастковы інспектар міліцыі Вікторыя Шэцікава. З якімі праблемамі звяртаюцца ў міліцыю мінчане і як праваахоўнікі дапамагаюць у вырашэнні няпростых жыццёвых сітуацый, даведалася карэспандэнт «Звязды».

Калі парушальнік — сусед

Першай на прыём прыйшла пенсіянерка. Жанчыну непакоіць сусед, які ператварыў агульны калідор у курылку. Пажылая мінчанка неаднаразова спрабавала заклікаць да сумлення курца, але той ігнаруе любыя просьбы, а з’едлівы тытунёвы дым увесь час пранікае ў кватэру.

«Перш за ўсё, факт курэння трэба зафіксаваць, — растлумачыла, як дзейнічаць па законе, Вікторыя Шэцікава. — Найлепшы варыянт — запісы з камер відэаназірання, калі яны ўстаноўлены ў пад’ездзе. Не варта спрабаваць здымаць парушальніка на смартфон, правакуючы канфлікт. Калі відэа няма, у якасці доказу могуць выступіць паказанні іншых суседзяў, якія таксама церпяць ад дзеянняў курца. З гэтымі данымі неабходна звярнуцца ў міліцыю: асабіста ў РУУС, па тэлефоне „102“ або напрамую да свайго ўчастковага. Пасля праверкі, калі правапарушэнне зафіксавана ўпершыню, парушальніка чакае афіцыйнае папярэджанне і прафілактычная гутарка». 

Праваахоўнік удакладніла ў жанчыны адрас парушальніка і паабяцала ў бліжэйшы час наведаць яго.

Дапамога беспрацоўным

Наступнай суразмоўніцай участковага стала жанчына, чыя сям’я апынулася ў складанай сітуацыі. Пасля звальнення муж пачаў весці разгульны лад жыцця: перастаў шукаць працу, праводзіць час у кампаніях сумніўных сяброў і ўсё часцей прыкладваецца да бутэлькі. У сям’і растуць непаўналетнія дзеці, якія штодня бачаць сумны прыклад бацькі.

Вікторыя Шэцікава неадкладна звязалася з мужчынам па тэлефоне, выклікаўшы яго на размову. Інспектар паабяцала ўручыць яму афіцыйнае накіраванне ў Цэнтр занятасці насельніцтва, каб той мог у кароткія тэрміны працаўладкавацца.

«Беспрацоўе і алкаголь — прамы шлях да асацыяльных паводзін і злачынстваў, — гаворыць супрацоўнік органаў унутраных спраў. — Калі мужчына не ўсведамляе сур’ёзнасць сітуацыі і не возьмецца за розум, у будучыні можа ўзнікнуць пытанне аб накіраванні яго ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Упэўнена, што прафілактычная гутарка і перспектыва працаўладкавання выцверазяць яго хутчэй, чым пустыя ўгаворы».

Наступствы «лёгкага заробку»

У канцы прыёму да ўчастковага звярнулася маці падлетка. Жанчына занепакоена тым, што яе дзіця вырашыла знайсці падпрацоўку ў інтэрнэце, але большасць прапаноў у сетцы выглядаюць падазрона.

«Вашы асцярогі больш чым абгрунтаваныя, — пацвердзіла інспектар. — Сёння інтэрнэт поўніцца прапановамі „лёгкага заробку“. Падлеткаў актыўна прыцягваюць у наркамаркеты ў якасці закладчыкаў або выкарыстоўваюць як кур’ераў для тэлефонных ашуканцаў. У апошнім выпадку дзіця пад выглядам дастаўкі „пасылак“ перадае злачынцам зберажэнні пенсіянераў, якіх падманулі».

Вікторыя Шэцікава нагадала: за распаўсюджванне наркотыкаў адказнасць надыходзіць ужо з 14 гадоў.

«Найлепшы спосаб зберагчы падлетка ад бяды — дапамога бацькоў у арганізацыі занятасці дзіцяці, — звярнула ўвагу яна. — У нашай краіне падлеткі могуць афіцыйна працаваць з 16 гадоў самастойна, а з 14-і — з пісьмовай згоды бацькоў. Каб знайсці бяспечную вакансію, дастаткова зайсці на партал Дзяржаўнай службы занятасці. Там сабраныя правераныя варыянты, якія прывучаць дзіця да дысцыпліны, адказнасці і дапамогуць зарабіць першыя грошы легальна». 

Нагадваем, што кожную сераду з 17.00 да 20.00 у сталіцы праходзяць прыёмы грамадзян участковымі інспектарамі міліцыі. Ахвотныя могуць прыйсці ў апорны пункт аховы правапарадку і задаць пытанні, якія іх цікавяць.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Партызанскага РУУС

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю