4 красавіка Прэзідэнт прыняў з дакладам прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына. У цэнтры ўвагі — візіт урадавай дэлегацыі на чале з кіраўніком урада ў Расію, запланаваны на 7 красавіка.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на яго перагаворах з Прэзідэнтам Расіі ў сакавіку прысутнічаў намеснік прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч: «Ён быў галоўнай асобай ад урада, выкладаў падыходы, пытанні ставіў, якія трэба было б вырашыць з Расіяй. Трэба аддаць належнае, Прэзідэнт Пуцін падтрымаў нас па ўсіх пытаннях, пачынаючы з фінансавых. Размова ішла аб тым, каб мы адрэгулявалі цану па пастаўках расійскай нафты, каб нашы прадпрыемствы працавалі. Не трэба там шалёная рэнтабельнасць».
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Уладзімір Пуцін ужо даў адпаведныя даручэнні кіраўніку кампаніі «Раснафта» Ігару Сечыну. «Я гэта гавару да таго, што ўсе тыя пытанні вядомыя. Яны былі падтрыманы на перагаворах. І ў час візіту трэба папрасіць ва ўрада Расіі, каб дадзеныя пытанні былі вырашаны канчаткова», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, неабходна акцэнтаваць увагу і на шэрагу стратэгічных пытанняў, па якіх прымалася рашэнне. «Трэба паглядзець, як мы выконваем. Калі ёсць нейкія недахопы з нашага або з расійскага боку, каб гэта было адзначана. Нешта мы разгледзім на Вышэйшым дзяржсавеце Саюзнай дзяржавы, калі гэта трэба. Але лепш гэта вырашыць на ўзроўні двух урадаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму гэта пытанне расійскае, якое будзе вельмі важным падчас будучага візіту, неабходна вырашыць, не зацягваючы і не адкладваючы надоўга. Таму што рашэнні ўсе прынятыя, але ў нас часта бывае «адклалі, заўтра вырашым», — заўважыў Прэзідэнт.
Аляксандр Турчын далажыў аб тэлефоннай размове са сваім расійскім калегам Міхаілам Мішусціным. Ён расказаў, што на гэтых перагаворах будзе дастаткова прадстаўнічая каманда з боку расійскага ўрада. «Мы павінны абмеркаваць усе ключавыя пытанні ўзаемаадносін, кірункі. Думаю, што разуменне ёсць. Дзякуй, што падтрымалі нашу каманду перагаворшчыкаў, усе сур’ёзна паглыблены, тэмы зразумелыя, вядомыя», — адзначыў прэм’ер-міністр.
Пасля дакладу Прэзідэнту Аляксандр Турчын расказаў журналістам, што кіраўнік дзяржавы яшчэ раз акцэнтаваў увагу на неабходнасці рэалізаваць ужо дасягнутыя на вышэйшым узроўні дамоўленасці. Прэм’ер-міністр таксама не выключыў абмеркавання з Расіяй новага крэдыту на сумесныя імпартазамяшчальныя праекты. «Наш парадак дня на працягу шэрагу гадоў мае ўстойлівую структуру. Гэта пытанні адзінага рынку энерганосьбітаў, адзінай прамысловай палітыкі, іншага ўзаемадзеяння. Узаемадзеянне з расійскімі калегамі знаходзіцца на вельмі высокім узроўні. Рашэнні нашых прэзідэнтаў, вядома, павінны быць рэалізаваны, прычым у найкарацейшыя тэрміны», — падкрэсліў кіраўнік урада.
Фота: БелТА