Падчас пасяджэння калегіі ГУУС Мінгарвыканкама міністр унутраных спраў Іван Кубракоў даў праваахоўнікам шэраг канкрэтных даручэнняў па далейшым удасканаленні работы, паставіў задачы на наступны перыяд.
Абазначыўшы актуальныя пытанні па кожным з напрамкаў дзейнасці, кіраўнік міліцэйскага ведамства, у прыватнасці, указаў на неабходнасць больш дасканалай падрыхтоўкі да грамадска-масавых мерапрыемстваў.
«Размова ідзе пра жыццё і здароўе грамадзян, — патлумачыў ён. — Улічвайце асаблівасці мясцовасці пры планаванні калідораў бяспекі, размяшчэнні пунктаў пропуску, аб’ектаў грамадскага харчавання. Там, дзе гэта патрэбна, уводзьце абмежаванне руху транспарту».
Міністр указаў на неабходнасць нарошчвання намаганняў у рабоце з непрацаўладкаванымі грамадзянамі, а таксама па прафілактыцы і раскрыцці хуліганстваў. «Трэба зрабіць усё, каб у грамадскіх месцах, на дваровых тэрыторыях людзі адчувалі сябе максімальна бяспечна», — падкрэсліў Іван Кубракоў.
Арыентаваўшы калег больш старанна падыходзіць да навучання насельніцтва лічбавай граматнасці, міністр даручыў выпрацаваць дадатковыя меры для недапушчэння перадачы грамадзянамі грошай ашуканцам.
Падчас калегіі таксама разглядаліся пытанні прафарыентацыі моладзі (асабліва выхаванцаў ВПК), згуртаванасці службовых калектываў, клопату аб супрацоўніках.
Кіраўнік Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў падзякаваў вартавым парадку за сістэмную комплексную работу ў мінулым годзе і абазначыў сумесныя задачы на бягучы.
Падводзячы вынікі пасяджэння, кіраўнік міліцэйскага ведамства адзначыў, што той аператыўнасці, якая ўласцівая супрацоўнікам ГУУС, у тым ліку кіраўнікам, няма нідзе. «Мінская міліцыя заўсёды годна трымала і трымае ўдар, нягледзячы на вялізную нагрузку», — канстатаваў Іван Кубракоў і выказаў удзячнасць асабоваму складу за службу.
Пасля пасяджэння калегіі кіраўнік ведамства наведаў Цэнтр маніторынгу грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама. Гэта падраздзяленне мінскай міліцыі было створана ў 2021 годзе. Яго супрацоўнікі па камерах відэаназірання ў рэжыме рэальнага часу адсочваюць стан правапарадку ў грамадскіх месцах. Асноўная мэта — неадкладнае рэагаванне на найменшыя змены аператыўнай абстаноўкі, надзвычайныя сітуацыі.
Сучасныя тэхнічныя сродкі і прафесіяналізм асабовага складу цэнтра дазваляюць выяўляць правапарушэнні, раскрываць злачынствы, устанаўліваць асоб, якія адшукваюцца, атрымліваць інфармацыю з месцаў здарэнняў, аднаўляць ход падзей на аснове запісаных відэаматэрыялаў.
Іван Кубракоў азнаёміўся з умовамі, створанымі тут для супрацоўнікаў, даў шэраг канкрэтных даручэнняў для аптымізацыі працоўнай прасторы. Асаблівую ўвагу кіраўнік ведамства ўдзяліў пытанням перадачы інфармацыі і ўзаемадзеяння цэнтра з іншымі падраздзяленнямі і службамі.
Па завяршэнні калегіі адбылася цырымонія ўзнагароджання вартавых парадку, найлепшых падраздзяленняў па выніках аператыўна-службовай дзейнасці, пераможцаў спартакіяды. Шэраг міліцыянераў атрымалі пагоны спецыяльных званняў.
Вераніка КАНЮТА.
Фота прэс-службы МУС