Наведванне Прэзідэнтам прадпрыемстваў — гэта не проста азнаямленчая паездка, а канкрэтныя даручэнні і новыя задачы. Работа кіраўніка дзяржавы на «Інтэграле» выключэннем не стала.
«Улічваючы, што мікраэлектронная прамысловасць нашай краіны — важны і адчувальны сегмент эканомікі, гэтаму пытанню ўдзяляецца вялізная ўвага. Ключавымі задачамі па выніках нарады стала паскарэнне працэсаў па дасягненні праектных узроўняў, у мікраэлектроніцы, лакалізацыя і імпартазамяшчэнне. Гэта ключавыя пытанні для забеспячэння поўнага суверэнітэту Беларусі і Расіі ў галіне мікраэлектроннай прамысловасці», — расказаў журналістам міністр прамысловасці Аляксандр Яфімаў.
Урадам зацверджана праграма развіцця мікраэлектроннай галіны да 2030 года.
Аднак, як расказаў міністр прамысловасці, на нарадзе гэта пытанне разглядалася значна глыбей і былі прыняты рашэнні аж 2040 года. «Улічваючы навукаёмістасць галіны, тыя ключавыя рашэнні, якія былі прыняты сёння, дадуць магчымасць актыўна развівацца не толькі ў найбліжэйшую пяцігодку, але і ў наступнае дзесяцігоддзе», — заўважыў ён. Па словах Аляксандра Яфімава, дасягненні галіны ўжо сёння дазваляюць нарошчваць аб’ёмы вытворчасці. Але кіраўнік дзяржавы паставіў задачу паглядзець, дзе яшчэ можна дабавіць.
«Нягледзячы на тое, што мы маем 14 экспартных рынкаў збыту для нашай мікраэлектроннай прамысловасці, геаграфію паставак таксама будзем пераглядаць у бок павелічэння. І па аб’ёме вытворчасці, і па колькасці краін, якія будуць спажываць прадукцыю нашай мікраэлектроннай прамысловасці», — расказаў Аляксандр Яфімаў.
Праграмай развіцця мікраэлектроннай прамысловасці Беларусі прадугледжана рэалізацыя сямі інвестыцыйных праектаў. Па словах міністра прамысловасці, усе яны ідуць з апярэджаннем па тэрмінах. А аб’ём фінансавання перасягае 1 мільярд рублёў. «Разам з тым мы разгледзелі пытанне рэалізацыі як мінімум яшчэ пяці новых інвестпраектаў у галіне мікраэлектроннай прамысловасці. Аб’ём рэсурсаў таксама вызначаны — гэта яшчэ некалькі соцень мільёнаў беларускіх рублёў. Сродкі будуць знойдзены, напрамкі вызначаны. Гэта станоўчы старт рэалізацыі зусім новых для мікраэлектроннай прамысловасці праектаў», — удакладніў міністр.
Прэзідэнт звяртаў увагу, што ў гэтай сферы сёння назіраецца вялікая канкурэнцыя. І канкурэнты не стаяць на месцы. Аляксандр Яфімаў растлумачыў журналістам, што кожны вытворца канкурыруе ў сваёй нішы. «Наша прадукцыя дастаткова сучасная, адпавядае ўсім высокім патрабаванням, забяспечвае бяспеку эксплуатацыі ў тых галінах, дзе яна прымяняецца. Таму мы пазітыўна глядзім на рынкі збыту і іх захаванне. Мы даволі канкурэнтаздольныя», — упэўнены ён. Так, па словах Аляксандра Яфімава, Беларусь уваходзіць у пул краін, якія маюць унікальныя тэхналогіі ў вытворчасці фоташаблонаў, фоталітаграфічнага абсталявання для інтэгральнай і крышталічнай вытворчасці. «У гэтай частцы нашы напрацоўкі ідуць у агульным авангардзе ключавых высокаразвітых краін свету. Пастаўлена задача не проста не адставаць, а да 2030 года і яшчэ далей — да 2040 года — атрымаць зусім новыя ўнікальныя вынікі ў электронным машынабудаванні», — сказаў міністр.
Для таго, каб быць больш канкурэнтаздольнымі ў мікраэлектроннай прамысловасці, ідзе работа над стварэннем сучасных сродкаў вытворчасці. Для гэтага таксама рэалізоўваецца шэраг інвестпраектаў, якія дадуць магчымасць атрымаць даволі высокія вынікі ў частцы прынцыпова новых праектных норм атрымання інтэгральных мікрасхем.
Намеснік прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч адзначыў, што сучасныя тэхналогіі развіваюцца вельмі хутка і патрэба ў вырабах мікраэлектронікі толькі расце. Задача для беларусаў — быць у трэндзе і забяспечваць усе патрэбы. «Прадукцыя, якая выпускаецца на нашых вытворчасцях, даволі канкурэнтная, запатрабавана і па якасці, і па цане. Яна адпавядае сусветным патрабаванням і з’яўляецца сур’ёзным канкурэнтам», — падкрэсліў ён. Віктар Каранкевіч расказаў, што кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача па аптымізацыі тэрмінаў і аптымальным расходаванні грашовых сродкаў, укараненні ў серыйную вытворчасць новай прадукцыі па выніках рэалізацыі ўсіх інвестыцыйных праектаў. «У высокай ступені прапрацоўкі дадаткова пяць інвестыцыйных праектаў, якія таксама плануецца рэалізаваць да 2030 года. Стаіць задача максімальна ісці ў нагу з часам і забяспечыць рэалізацыю тых праектаў, прадукцыя якіх цяпер запатрабавана як на нашым рынку, так і ў іншых дзяржавах», — адзначыў віцэ-прэм’ер.
Генеральны дырэктар ААТ «ІНТЭГРАЛ» Андрэй Буйневіч расказаў, што прадпрыемства пастаўляе сваю прадукцыю не толькі на традыцыйны расійскі рынак, але і на рынкі далёкай дугі. Па яго словах, на прадпрыемстве ідзе актыўная работа па імпартазамяшчэнні. Тут «Інтэграл» плённа супрацоўнічае з мінскім «Планарам», які вырабляе тэхналагічнае абсталяванне на базе інтэгральных мікрасхем. Зборачная лінія, з якой азнаёміўся кіраўнік дзяржавы, складаецца толькі з айчыннага тэхналагічнага абсталявання.
Таксама генеральны дырэктар расказаў журналістам, што рост вытворчасці і адпаведна рост продажу прадукцыі напрамую паўплывалі на дабрабыт супрацоўнікаў. Забяспечана медыцынскае страхаванне, павялічаны памер пазыкі на набыццё жылля, рэалізоўваецца праграма аздараўлення дзяцей супрацоўнікаў. «Рост заработнай платы вельмі істотны. І сёння мы не адчуваем дэфіцыту кадраў. Пяцітысячным калектывам мы ўкамплектаваны поўнасцю. Гэта значыць, што ў людзей да нас ёсць цікавасць», — расказаў Андрэй Буйневіч.Акрамя аптымізацыі тэрмінаў выканання ўжо існуючых праектаў, «Інтэграл» запускае новыя праекты. «Намі сумесна з дзяржкарпарацыяй „Расатам“ распрацавана новая праграма Саюзнай дзяржавы, якая называецца „Новая сілавая электроніка“. Яна ўзгоднена беларускім бокам і сёння знаходзіцца на разглядзе ў расійскага боку. Мы разлічваем, што пачнём рэалізоўваць яе з 2026 года. Праект накіраваны на распрацоўку сілавой і звышвысокачастотнай электронікі. Яна будзе прымяняцца ў сродках сувязі, тэлекамунікацыі і сістэмах сілкавання», — расказаў Андрэй Буйневіч.
Фота БелТА і з адкрытых крыніц