Top.Mail.Ru

Якія задачы Прэзідэнт паставіў перад сваімі даверанымі асобамі на выбарную кампанію

Першае мерапрыемства ў графіку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў новым годзе — сустрэча з даверанымі асобамі. У гэтую каманду ўвайшлі прадстаўнікі розных сфер, аб’яднаных агульнай мэтай. Кіраўнік дзяржавы паставіў перад імі задачы, якія на электаральны перыяд дабавяцца да іх службовых абавязкаў. Аднак, як заўсёды, Прэзідэнт заклікае глядзець шырэй і не абмяжоўваць работу тэрмінам да 26 студзеня. Таму тэмай размовы стала, безумоўна, электаральная кампанія, аднак і пытанні на перспектыву абмеркавалі.


«Давер трэба апраўдваць»

«Найперш я хацеў бы выказаць словы падзякі ўсім тым, хто аказаў мне падтрымку. — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Сабрана 2,5 мільёны подпісаў. Гэта высокі ўзровень даверу, і мы павінны зрабіць усё, каб не падмануць чаканні нашых прыхільнікаў». 

«Вы давераныя асобы дзеючага Прэзідэнта ў прамым сэнсе гэтага слова. Я, прапаноўваючы і звяртаючыся да вас з просьбай, каб вы былі даверанымі асобамі, сыходзіў з таго, што ведаю вас асабіста. Больш за тое, што вы ў некай ступені ведаеце мяне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мяне павінны ведаць хоць крыху людзі. Не ў тым плане, што па тэлевізары бачылі, а былі датычныя да таго ці інога боку палітыкі Прэзідэнта. Я ўдзячны вам за тое, што вы пагадзіліся на гэта. Абяцаю вам, калі раптам народ прагаласуе за нас, то я вас не падвяду. Для мяне, вы ведаеце, гэта самая цяжкая ноша. «Бацька, Бацька, давяраем і іншае...» — гэта самае страшнае для Прэзідэнта. Думаю, што і для іншых таксама. Давер трэба апраўдваць, тым больш мне«. Давераныя асобы на электаральны перыяд нават узялі водпуск на асноўным месцы працы, за што ім таксама падзякаваў кіраўнік дзяржавы.

З 1 студзеня ў элекааральнай кампаніі пачаўся агітацыйны перыяд. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў давераных асоб, што ў гэты час яны будуць галоўнымі дзеючымі асобамі. «Шчыра кажучы, у мяне проста не будзе на гэта часу», — прызнаўся ён. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што да 7 студзеня людзі будуць больш засяроджаны на святах, чым на палітычнай кампаніі. Аляксандр Лукашэнка раскрыў і некаторыя дэталі свайго графіка — на Раство ён традыцыйна наведае адзін з храмаў, паўдзельнічае ў традыцыйным уручэнні прэміі «За духоўнае адраджэнне». У студзені беларускага лідара чакаюць у Кітаі. Замежны візіт зойме некалькі дзён, парадак дня вельмі насычаны. А там і зусім няшмат часу застанецца да дня галасавання. І ў цэлым у дзеючага Прэзідэнта на парадку дня шмат бягучых пытанняў, якія патрабуюць яго ўвагі і якія не звязаныя з перадвыбарнай кампаніяй. «Таму ўся нагрузка ляжа на вас. І я вас вельмі прашу гэтыя два-тры тыдні папрацаваць так, каб людзі бачылі, што мы не адмаўляемся ад перадвыбарнай кампаніі», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да давераных асоб. 

«Трэба працягваць тую палітыку, якую мы пачалі»

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што падбіраў каманду з тым прыцэлам, што гэтыя людзі маюць дачыненне да дзяржаўнай палітыкі. «І калі будзе крытыка з боку народа, вы ж не спіхнеце на некага, ці на Прэзідэнта. Вам прыйдзецца ў нейкай ступені несці адказнасць за тое, за што нас будуць крытыкаваць людзі», — сказаў беларускі лідар. Па яго словах, галоўнае нават не агітацыя. Прэзідэнта і так бачаць кожны дзень. «Галоўнае — атрымаць зваротную сувязь. Да вас будзе самы вялікі давер, самая вялікая ўвага. І людзі будуць разумець, што вы да мяне даведзяце тыя праблемы, якімі жыве той народ, які пойдзе на выбары», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за кандыдата Аляксандра Лукашэнку Юрый Сянько расказаў, што падчас збору подпісаў людзі звярталіся і са сваімі праблемамі, усяго такіх зваротаў было каля пяцісот. «Яны прааналізаваныя ў першым прыбліжэнні, што называецца. Я не бачу там ніякіх праблем. Гэта праблемы ЖКГ, аб чым мы чуем і бачым пастаянна, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Будучы год — год добраўпарадкавання, таму нам прыйдзецца гэтым займацца, у тым ліку і ЖКГ, сур’ёзна. Работа транспарту, стан дарог — мы паскорым гэтыя працэсы», — сказаў Прэзідэнт. 

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што самазаспакоенасці зараз быць не павінна. «Ні ў якім разе нельга раслабляцца. Тым больш, што мы з вамі пры ўладзе, — якое можа быць расслабленне. Калі людзі давераць далей працаваць, трэба будзе працягваць гэтую работу. Гэта ж не тое, што паабяцаў, а потым растлумачыў, чаму не зрабіў. Трэба працягваць тую палітыку, якую мы пачалі. Я вельмі ўважліва прадумаў усе пытанні, якімі мы займаліся, я не бачу праблем другарадных ці трэцярадных. Усе праблемы, якімі мы займаліся да гэтага дня, актуальныя і ў будучым. Пры тым, я заўсёды падкрэсліваю, будучы год будзе няпростым», — папярэдіў Прэзідэнт. 

Праблему з цэнамі трэба вырашаць у плане раўнапраўя і справядлівасці

«Мы будзем вельмі жорстка праводзіць сваю палітыку ў плане інфляцыі, цэнаўтварэння і іншых пытаннях. Я разумею, што „голай“ і чыстай эканомікі не бывае, заўсёды жыццё карэктуе эканамічныя падыходы. Я ў гэтым ужо ўпэўніўся. Таму цэны мы будзем назіраць, формулу справядлівасці ў цэнаўтварэнні мы падрыхтуем. Урад заканчвае гэту работу. Калі ўрад не здольны гэта зрабіць, значыць, заканчваць будзе іншы ўрад», — сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што падыход да гэтага пытання вядомы, адказныя выканаўцы праблему ведаюць. «Гэтую праблему трэба вырашаць. Вырашаць у плане справядлівасці і раўнапраўя. Гэта не справа, калі гандаль ці тыя, хто менш укладваюцца ў той ці іншы тавар, атрымліваюць вялізныя грошы і яшчэ за мяжу выводзяць. Гэта яшчэ адна з тэм, якой нам давядзецца займацца», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што ў першым набліжэнні займаўся гэтым пытаннем. «Грошы, заробленыя ў Беларусі, павінны працаваць на Беларусь, таму што гэта грошы нашых людзей, працай заробленыя», — заявіў Прэзідэнт.

«Не будзе «як-небудзь», будзе «як трэба»

Адміністрацыі Прэзідэнта даручана падрыхтаваць два ўказы. Першы — аб пяцігодцы якасці. Другі ўказ аб Годзе добраўпарадкавання краіны. «Будзе шчырыя, Год якасці прайшоў, але мы яго быццам бы і не заўважылі. Ну так, можна пакрытыкаваць СМІ, што яны мала ўвагі ўдзялялі. Але жыццё не прапаноўвала СМІ гэтыя пытанні. Вось у чым праблема... Ёсць пэўная беларуская фармальнасць: «як-небудзь будзе». Не будзе «як-небудзь», будзе «як трэба», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, людзі павінны ведаць, што такое добраўпарадкаванне, што трэба зрабіць для добраўпарадкавання. «Працы мора. Мы павінны вылізаць краіну. Гэта вялікія грошы», — сказаў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што турысты, якія прыязджаюць у Беларусь, захапляюцца чысцінёй і акуратнасцю нашай краіны. «Трэба гэта дашліфаваць. Таму што кожная капейка ў наступным годзе будзе на вагу золата», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.

Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што праблем нямала і ўсе давераныя асобы іх добра ведаюць. І трэба ўсё давесці да розуму. Для гэтага, паводле яго слоў, патрэбна дакладная выканальніцкая дысцыпліна, неабходна выканаць усе дамоўленасці. Гэта тычыцца і ўрад, і Адміністрацыю Прэзідэнта, і ўсіх адказных, звярнуў увагу беларускі лідар. 

«Людзі павінны вырашаць усё так, як яны палічаць патрэбным»

Яшчэ адно прынцыповае патрабаванне ад Прэзідэнта — дзейнічаць у поўнай адпаведнасці з заканадаўствам. «Вядома, ужо, нашы беглыя настрапалілі захад. І вы самі бачыце іх палітыку „галасуем супраць усіх“. Яшчэ галасаванне не пачалося, можа, нехта здымецца з гэтай дыстанцыі, а ўжо супраць усіх. Яшчэ не пачулі, пра што гэтыя кандыдаты будуць казаць, а ўжо супраць усіх. Гэта іхняя справа, гэта іхняе права заяўляць. З-за мяжы лёгка вякаць, трэба прыязджаць сюды і ўдзельнічаць у выбарах. Як прыехаць? На гэтае пытанне ўжо некалькі разоў адказвалі. Ніякага здзеку, ніякіх палітвязняў у нас няма. Не збіраюся я як прэзідэнт ціснуць на кагосьці. Гэта перадвыбарная кампанія, гэта выбары. Тут людзі павінны вырашаць усё так, як яны палічаць патрэбным», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

«У нас выбары — гэта сур’ёзнае мерапрыемства»

Паводле слоў Прэзідэнта, з ЦВК трэба яшчэ раз вызначыцца, ці трэба запрашаць на выбары замежных назіральнікаў. «Усе кажуць: „ды не трэба, і так ясна, што яны скажуць“. Не ведаю, мне здаецца, што ёсць і іншы пункт гледжання: прыедуць — хай едуць гэтыя ўсе заходнікі, не прыедуць — значыць, не прыедуць. Гэта іх права. Я думаю, што ў сёлетняй кампаніі, зыходзячы з таго, што адбываецца, трэба падумаць, ці ёсць сэнс нам ад чагосьці адмаўляцца. Прыходзьце — глядзіце». Прэзідэнт канстатаваў, што, хутчэй за ўсё, заходнія назіральнікі прыедуць на выбары з ужо нарыхтаванымі заявамі: усё дрэнна, канкурэнцыі не было, не было шоу, як, напрыклад, у ЗША. «Не стралялі, ні ў вуха не патрапілі, ні ў галаву і гэтак далей. Значыць, дрэнна», — сказаў беларускі лідар. Разам з тым, заўважыў ён, справаздачы складаюць не назіральнікі, якія прыязджаюць на выбары, а цэнтры прыняцця рашэнняў. А людзі, якія прыедуць у Беларусь, будуць бачыць рэальную карціну. «Так, у іх гэта шоў. У нас няма. У нас выбары — гэта сур’ёзнае мерапрыемства. Паверце, калі б трэба было б правесці ў выглядзе шоу, мы б такое зрабілі, што тут грымела б уся краіна», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Але, звярнуў увагу ён, потым гэты гром па інерцыі пакаціцца да ліпеня-жніўня, і ніхто працаваць не будзе. А ў нас сітуацыя не тая, каб адпачываць. «Час няпросты, вельмі няпросты. — зрабіў акцэнт кіраўнік дзяржавы. — Перанапружваць людзей, вядома, не трэба. Нашто? Людзі стаміліся ад гэтай вайны, ад гэтых праблем. Каму трэба, той і будзе вырашаць гэтыя праблемы, у тым ліку і канкрэтныя людзі».

Звяртаючыся да давераных асоб, Прэзідэнт падкрэсліў, што вучыць іх, што гаварыць і як гаварыць, не трэба — людзі вопытныя, добра ведаюць краіну і яе гісторыю. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэта таксама мела значэнне пры выбары давераных асоб. 

У тэму 

Пад мірным небам можна вырашыць усе праблемы

Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з Прэзідэнтамі і планамі даверная асобы падзялілся з журналістамі. Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю Дзмітрый Баскаў расказаў, што ў бліжэйшыя дні ў яго запланаваныя сустрэчы ў Брэсцкай вобласці. «Прэзідэнт вельмі дакладна абазначыў задачы, пры гэтым зрабіў акцэнт на тым, што не трэба агітаваць. Нездарма абраныя людзі, якія добра ведаюць Прэзідэнта, на сабе адчулі яго падыходы. Мы можам казаць аб ім як аб чалавеку, якога асабіста ведаем. І на гэтым будзем рабіць акцэнт. Гэта будзе шчыра і ад душы», — сказаў ён. 

Дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематологіі Алег Румо працуе даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі ўжо не першы раз. «Кожны раз на плячах адчуваецца цяжар адказнасці за тое, што ад цябе ў нейкай ступені залежыць выбар курсу, па якім будзе развівацца краіна», — адзначыў ён. Алег Румо расказаў, што яго работа як даверанай асобы будзе праходзіць на малой радзіме — у Мінскай вобласці. «Буду сустракацца з людзьмі, размаўляць з імі, даносіць да іх сваю пазіцыю, выслухоўваць іх меркаванні наконт таго, як нам далей жыць. І, канешне, паколькі гэта выбарчая кампанія, з улікам свайго досведу буду да іх даносіць, чаму наступным Прэзідэнтам Беларусі павінен стаць Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка», — расказаў ён. Па словах Алега Румо, па досведзе сустрэч з людзьмі ўжо можна сказаць, што асноўны клопат беларусаў — гэта мір: «Пад мірным небам можна вырашыць усе праблемы, звязаныя з ЖКГ, працай, з вучобай, са здароўем. Сёння ў людзей няма тых пытанняў, якія ў спакойнай абстаноўцы нельга было б вырашыць. Гэта самае галоўнае».

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю