Top.Mail.Ru

Якія задачы стаяць перад геолагамі?

Традыцыйна ў першую нядзелю красавіка геолагі Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята — Дзень геолага. І гэта невыпадкова. З прыходам цяпла пачынаецца падрыхтоўка да маючых адбыцца палявых работ і збораў у экспедыцыі па вывучэнні і асваенні прыродных багаццяў нашай краіны.


Не толькі пясок, але і базальты

Сёння геалогія — стратэгічная галіна нацыянальнай эканомікі, якая забяспечвае энергетычную бяспеку і ўстойлівае развіццё прамысловасці. Як расказаў генеральны дырэктар РУП «НПЦ па геалогіі» Уладзімір Мельнікаў, перад геолагамі стаіць задача ў першую чаргу выяўляць і разведваць тыя віды мінеральнай сыравіны, якія запатрабаваны ў эканоміцы цяпер або могуць стаць такімі ў самы бліжэйшы час. У аснове гэтай работы — рэгіянальнае геалагічнае вывучэнне або геалагічнае карціраванне, што з’яўляецца базісам для далейшага больш дэталёвага вывучэння пэўнай плошчы, а таксама павелічэння долі пакрыцця тэрыторыі краіны картамі новага пакалення. Менавіта на гэта арыентуе дзеючая падпраграма «Нетры Беларусі».

Сярод выкананых геолагамі работ можна вылучыць дэталёвую разведку пяскоў, выкарыстоўваных у якасці фармовачнага і вытворчасці шкла, глін і мелу для цэментнай прамысловасці, тугаплаўкіх глін для вытворчасці цэглы і пліткі. Больш падрабязна даследуюцца фасфарыты радовішча Мсціслаўскае для абгрунтавання мэтазгоднасці асваення радовішча і здабычы важнай для краіны фасфатнай сыравіны. 

У 2023 годзе завершана дэталёвая разведка базальтаў радовішча Навадворскае. Гэта новы для нас від сыравіны, які прымяняецца ў многіх кірунках будаўнічай галіны і запатрабаваны на сусветным рынку.

Бурацца новыя свідравіны

У мэтах выяўлення новых нафтаперспектыўных структур і ўдакладнення геалагічнай будовы праводзяцца сейсмаразведачныя работы, па выніках інтэрпрэтацыі якіх закладваюцца аб’екты пад пошукавае бурэнне і вызначаюцца рэсурсы вуглевадародаў. Выконваюцца пошукавыя свідравыя работы, з правядзеннем неабходнага комплексу работ, накіраваных на выяўленне прамысловых запасаў вуглевадародаў (нафты) і далейшую іх пастаноўку на дзяржаўны баланс.

Беларускімі геолагамі і геафізікамі актыўна вядуцца геафізічныя работы рэгіянальнага маштабу, бурацца параметрычныя свідравіны. Гэта дае магчымасць будаваць геалагічныя карты новага пакалення і вызначаць мінерагенічны патэнцыял, прагназаваць найбольш перспектыўныя ўчасткі залягання радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў і вуглевадародаў для развіцця і ўмацавання мінеральна-сыравіннай базы. Таксама немалаважнымі з’яўляюцца работы па пошуку і ацэнцы, маніторынгу запасаў падземных вод для гаспадарча-пітнога водазабеспячэння і прамысловых патрэб.

Пошук новых сыравінных баз і нарошчванне тых, што ёсць

У новай пяцігодцы, паводле слоў Уладзіміра Мельнікава, асноўны акцэнт, з улікам пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач па развіццю мінеральна-сыравіннай базы, будзе зроблены на вырашэнні пытанняў, накіраваных на пошук новых плошчаў залягання вуглевадародаў, прыросту рэсурсаў і запасаў нафты, работ па аналізе і інтэрпрэтацыі матэрыялаў па вуглевадароднай тэматыцы. Акрамя гэтага, у прыярытэце правядзенне работ па рэгіянальным вывучэнні нетраў, уключаючы правядзенне сярэднемаштабных геолагаздымачных работ з мэтай падрыхтоўкі да выдання лістоў Дзяржаўнай геалагічнай карты Беларусі маштабу 1:200 000, давывучэнне тэрыторый, перспектыўных на выяўленне рэдказямельных элементаў і металаў, а таксама іншых геолагаразведачных работ. Не застануцца без увагі пытанні нарошчвання сыравінных баз у мэтах бесперабойнага забеспячэння айчынных прадпрыемстваў і інфармацыйнае забеспячэнне геолагаразведачных работ, накіраванае на павышэнне ўзроўню лічбавізацыі геалагічнай галіны.

Вырашаючы актуальныя задачы, кіраўніцтва геалагічнай галіны не выпускае з-пад увагі і дзень заўтрашні. Для ўмацавання кадравага патэнцыялу, расказаў Уладзімір Мельнікаў, прадпрыемствам вядзецца пастаянная работа па заказах на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. Актыўна праводзіцца прафарыентацыйная работа з навучэнцамі школ, ліцэяў, вопытныя геолагі выступаюць у якасці экспертаў пры абароне падрыхтаваных праектаў на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку, прымаецца актыўны ўдзел у прафарыентацыйных мерапрыемствах, арганізаваных ВНУ.

Праца геолага няпростая, але гэта ганаровая і паважаная прафесія. У нас у краіне створаны ўсе ўмовы як для тых, хто ўжо працуе ў галіне, так і для тых, хто пакуль толькі робіць першыя крокі на прафесійным шляху.

Андрэй АКІМАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю