У першым чытанні на сесіі Палаты прадстаўнікоў разгледжаны законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння правоў дзяцей», якім узмацняюцца гарантыі дзяржаўнай абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей. Акрамя таго, істотныя змяненні чакаюцца ў сферы рэгулявання аўдытарскай дзейнасці. Аднак перш чым прыступіць да абмеркавання вынесеных на разгляд дэпутатаў законапраектаў, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА агучыў перад парламентарыямі шэраг задач. Асноўны пасыл — дэпутацкі корпус павінен актыўна падключыцца да інфармавання грамадскасці яшчэ на этапе распрацоўкі заканадаўчых ініцыятыў.
Аўтарскі падыход, міжнародны парадак дня і выканальніцкая дысцыпліна
Спікер праінфармаваў, што пастаянныя камісіі аператыўна замацавалі дэпутатаў, адказных за падрыхтоўку законапраектаў, уключаных у зацверджаны кіраўніком дзяржавы план падрыхтоўкі на 2025 год. Па яго словах, упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі пачата фарміраванне міжведамасных рабочых груп па распрацоўцы законапраектаў, у якія ўвайшлі і дэпутаты, і работнікі сакратарыята Палаты прадстаўнікоў.
«Упэўнены, што інфармацыя ў сродках масавай інфармацыі аб ходзе падрыхтоўкі законапраектаў да іх унясення ў Палату прадстаўнікоў будзе вельмі цікавая не толькі выбаршчыкам, але і правапрымяняльнікам, — адзначыў Ігар Сергяенка. — Дэпутаты павінны актыўна падключыцца да інфармавання грамадскасці аб ходзе падрыхтоўкі планавых законапраектаў».
Пры гэтым Старшыня Палаты прадстаўнікоў нагадаў, што, у адпаведнасці з Канстытуцыяй, кожны дэпутат з’яўляецца суб’ектам права заканадаўчай ініцыятывы. Гэта прадугледжвае ініцыятыўную работу па падрыхтоўцы аўтарскіх праектаў з узгадненнем іх з зацікаўленымі і ўнясеннем у Палату прадстаўнікоў. Спікер падкрэсліў, што чакае ад дэпутатаў канкрэтных прапаноў па пераліку ініцыятыўных законапраектаў, якія ідуць ад зямлі, для арганізацыі работы па іх падрыхтоўцы ў профільных камісіях, а таксама па планаванні мерапрыемстваў, у тым ліку грамадска-палітычных, з удзелам парламентарыяў.
«Добрай крыніцай для фарміравання ідэй, акрамя нашай работы ў акругах, з’яўляецца ўдзел дэпутатаў у калегіях, іншых дарадчых кансультатыўных органах пры міністэрствах і дзяржаўных камітэтах», — заўважыў спікер і ўдакладніў, што такія ініцыятывы ўжо паступаюць.
Кажучы аб міжнароднай парламенцкай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў, Ігар Сергяенка агучыў найбліжэйшую перспектыву. Гэтымі днямі ў Маскве старшыні пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і па нацыянальнай бяспецы бяруць удзел у нарадзе старшынь камітэтаў (камісій) парламентаў дзяржаў — членаў АДКБ. У лютым парламенцкая дэлегацыя Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыме ўдзел у пасяджэнні Выканаўчага савета і 15-й пленарнай сесіі Азіяцкай парламенцкай асамблеі ў Баку. Будзе разгледжана пытанне аб наданні парламенту Рэспублікі Беларусь статусу назіральніка ў гэтай міжнароднай арганізацыі. У гэтым месяцы дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў плануе прыняць удзел і ў 24-м зімовым пасяджэнні Парламенцкай асамблеі АБСЕ, у пасяджэннях камісій Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі.
Ігар Сергяенка нагадаў, што напярэдадні з удзелам кіраўніка дзяржавы адбылася нарада па пытаннях удасканалення прававога рэгулявання статусу старшыні выканкама базавага ўзроўню. «У ходзе нарады Прэзідэнтам чарговы раз указана на неабходнасць павышэння ўзроўню выканальніцкай дысцыпліны ў краіне і выключэнне недапрацовак у гэтым плане. Таму звяртаю ўвагу ўсіх дзяржслужачых, у тым ліку дэпутатаў, на забеспячэнне на кожным рабочым месцы жорсткай і безумоўнай выканальніцкай дысцыпліны».
Забеспячэнне лекамі і абарона ад негатыўнай інфармацыі
Законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння правоў дзяцей» перш за ўсё вызначае статус дзіцяці і накіраваны на ахову яго здароўя, звярнула ўвагу член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Святлана АДЗІНЦОВА, якая прадстаўляла дакумент.
«Асаблівы клопат і сацыяльная абарона гарантуецца дзецям-інвалідам, дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама дзецям, якія засталіся без сямейнага атачэння, — канкрэтызавала яна. — Дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, будуць забяспечвацца лекавымі сродкамі, медыцынскімі вырабамі, у тым ліку акулярамі, за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэту».
Прадугледжана праходжанне псіхалагічнага тэсціравання асоб, якія прэтэндуюць на ажыццяўленне педагагічнай дзейнасці. «Мы мяркуем, што гэта норма ў першую чаргу будзе датычыцца тых асоб, якія будуць прымацца на работу. Для таго, каб кіраўнікі ўстаноў адукацыі, культуры, спорту былі ўпэўнены ў тым, што гэтыя работнікі цалкам усведамляюць адказнасць работы з дзецьмі», — удакладніў міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ.
Па словах Андрэя Іванца, будзе дзейнічаць забарона на педагагічную дзейнасць асоб, якія прыцягваліся да крымінальнай адказнасці за экстрэмісцкую дзейнасць, распаўсюджванне наркатычных і псіхатропных сродкаў, іх прэкурсораў або аналагаў. На інфармацыйную прадукцыю і цацкі, якія могуць нанесці шкоду здароўю дзяцей, прапагандуюць гвалт, забойства і жорсткасць, будзе накладвацца знак узроставага абмежавання.
Бездакорная рэпутацыя і абарона карыстальнікаў
Законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб аўдытарскай дзейнасці», прыняты ў першым чытанні, удакладняе пералік правапарушэнняў, а таксама злачынстваў, наяўнасць судзімасцяў за здзяйсненне якіх не дазваляе аўдытару ўдзельнічаць у ажыццяўленні аўдытарскай дзейнасці. Прапаноўваецца замацаваць патрабаванне аб правядзенні ў 2025 годзе пераатэстацыі аўдытараў, якіх, дарэчы, у рэестры налічваецца каля 1100.
Член Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Вольга ЖУК агучыла падрабязнасці змяненняў, што прапаноўваюцца: «Уводзіцца да аўдытараў такое патрабаванне, як наяўнасць бездакорнай прафесійнай дзелавой рэпутацыі, — дадала парламентарый. — У законапраекце раскрываецца паняцце гэтага патрабавання. Гэта ў тым ліку адсутнасць непагашанай судзімасці па шэрагу падстаў, якія прадугледжаны ў праекце, адсутнасць на працягу двух папярэдніх гадоў адміністрацыйных правапарушэнняў па пераліку, які будзе вызначацца Міністэрствам фінансаў».
Дэпутатамі таксама ратыфікаваны Пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках ад 3 кастрычніка 2022 года, а таксама Канвенцыі аб прававым статусе дэлегацый, што накіроўваюцца ў дзяржавы — удзельніцы СНД.
Фота БелТА