У Беларусі ўдасканальваецца прававое рэгуляванне ў сферы дарожнага руху. Пра ключавыя змяненні расказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі МУС Віктар РОТЧАНКАЎ.
Частка змен, якія, згодна з законам, уносяцца ў кодэксы па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці, датычыцца прыпынення або скарачэння тэрміну пазбаўлення права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі. У адпаведнасці з артыкулам 19.7 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, для тых, хто мае права кіраваць колавымі трактарамі і самаходнымі машынамі, такое пазбаўленне можа быць часова прыпынена. Пры гэтым важна ўлічваць: калі ў чалавека ёсць пасведчанне на кіраванне іншымі відамі транспарту, адпаведнае абмежаванне працягвае дзейнічаць, аднак у далейшым яго можна разгледзець ужо ў межах артыкула 19.8.
Разам з тым заканадаўствам вызначаны шэраг умоў, пры якіх прыпыненне пазбаўлення немагчыма, падкрэсліў Віктар Ротчанкаў:
— Па-першае, гэта датычыцца асоб, якія раней прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне без правоў або ў стане алкагольнага ап’янення, калі яшчэ не скончыўся тэрмін, пасля якога яны лічацца не падвергнутымі пакаранню. Па-другое, абмежаванне распаўсюджваецца на тых, хто здзейсніў злачынствы, прадугледжаныя артыкулам 317 Крымінальнага кодэкса. І трэцяя ўмова — наяўнасць нявыплачаных штрафаў за правапарушэнні.
Артыкул 19.8 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае ўжо вызваленне ад адміністрацыйнага пакарання ў выглядзе пазбаўлення права кіравання — ён распаўсюджваецца на кіроўцаў з пасведчаннямі ўсіх катэгорый. Акрамя названых патрабаванняў, у гэтым выпадку дзейнічаюць і дадатковыя ўмовы: у прыватнасці, павінна прайсці не менш за палову тэрміну пазбаўлення. Таксама важна, што магчымасць прымянення гэтага артыкула да чалавека прадугледжана толькі адзін раз.
Трэба адзначыць, што рашэнні па абазначаных вышэй пытаннях могуць прымацца органамі ўнутраных спраў, але выключна на падставе хадайніцтва мясцовых выканаўчых органаў. Пры гэтым незалежна ад прынятага рашэння пасля заканчэння тэрміну пазбаўлення або яго скарачэння кіроўца абавязаны здаць кваліфікацыйны экзамен.
Змены закранулі і іншыя аспекты адказнасці. У прыватнасці, змякчана пакаранне для кіроўцаў, у каго скончыўся тэрмін дзеяння пасведчання: цяпер за гэта прадугледжаны штраф без узмацнення адказнасці пры паўторным парушэнні. Таксама перагледжаны нормы, якія датычацца эксплуа-
тацыі транспартных сродкаў з тэхнічнымі няспраўнасцямі і парушэнняў правіл дарожнага руху пешаходамі, веласіпедыстамі і кіроўцамі сродкаў персанальнай мабільнасці ў стане алкагольнага ап’янення. За апошняе цяпер выключаецца магчымасць такой прафілактычнай меры як папярэджанне.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ