Кожную сераду ўчастковыя інспектары міліцыі па ўсёй краіне праводзяць прыёмы грамадзян у грамадскіх пунктах аховы правапарадку. З якімі скаргамі і праблемамі да іх гэтым разам прыходзілі жыхары Кастрычніцкага раёна, даведаліся нашы карэспандэнты.
На прыём да старшага ўчастковага інспектара міліцыі Кастрычніцкага РУУС сталіцы Ігара Філатава прыйшла пенсіянерка, якая вырашыла параіцца з праваахоўнікам.
«Хлопец шумны нядаўна засяліўся ў кватэру вышэй на паверх, — паскардзілася жанчына. — У дзевяць вечара ўжо кладуся спаць, а сусед у гэты час толькі прыходзіць з працы. Разумею, што і тэлевізар паглядзець яму трэба, і рэчы памыць, ды вось толькі шум такі, што заснуць немагчыма. І сказаць няёмка, хлопчык нядрэнны з выгляду, і выклікаць міліцыю боязна па такіх дробязях. Па параду вось і прыйшла. Што рабіць?"
Уважліва выслухаўшы заяўніцу, участковы інспектар праінфармаваў, што заканадаўча ўстаноўлены правілы, якія рэгулююць як узровень шуму, так і час, у які ён можа выдавацца.
«У выпадку, калі з 11 вечара да 7 раніцы вашы суседзі шумяць: слухаюць музыку занадта гучна, ажыццяўляюць рамонтныя работы і нават размаўляюць у павышаным тоне, за гэтыя дзеянні іх можна прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці з накладаннем штрафу ад 2 да 10 базавых велічынь», — адзначыў Ігар Філатаў.
Праваахоўнік запісаў адрас і паабяцаў наведаць суседа пенсіянеркі для правядзення прафілактычнай гутаркі.
Наступнай на прыём да міліцыянера звярнулася маладая мінчанка, якая вырашыла здаць бацькоўскую кватэру ў арэнду іншаземцам.
«У адпаведнасці з заканадаўствам, у выпадку прадастаўлення замежніку жылога памяшкання па дагаворы найму ўсе юрыдычныя і фізічныя асобы, уключаючы індывідуальных прадпрымальнікаў, абавязаны апавяшчаць органы ўнутраных спраў аб замежным кватаранце, — растлумачыў участковы інспектар міліцыі. — Паведаміць органам аховы правапарадку названыя асобы павінны будуць у тэрмін, які не перавышае трох гадзін».
Ігар Філатаў адзначыў, што інфармацыя аб здачы для пражывання жылых памяшканняў прадстаўляецца бязвыплатна з дапамогай інфармацыйных рэсурсаў Міністэрства ўнутраных спраў, адзінага партала электронных паслуг агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы або шляхам асабістага апавяшчэння органаў унутраных спраў.
Разам з тым праваахоўнік падкрэсліў, што перадача інфармацыі аб засяленні ў жылое памяшканне замежніка абавязковая ў выпадку, калі той часова знаходзіцца ў Беларусі і не падпадае пад выключэнні. Калі ж на момант прадастаўлення жылога памяшкання ў замежнага грамадзяніна ёсць дазвол на часовае або пастаяннае пражыванне ў краіне (мае рэгістрацыю да 1 года або від на жыхарства), паведамленне аб засяленні такога іншаземца не падаецца.
Міліцыянер растлумачыў заяўніцы, што за невыкананне патрабаванняў заканадаўства ў частцы падачы такога паведамлення аб засяленні замежнікаў, у адпаведнасці з артыкулам 24.35 КаАП Рэспублікі Беларусь, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь. Таксама праваахоўнік уручыў дзяўчыне паведамленне, якое ёй пасля засялення замежных грамадзян трэба перадаць у органы ўнутраных спраў.Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Кастрычніцкага РУУС г. Мінска