Top.Mail.Ru

Якое дрэва можа прэтэндаваць на званне помніка прыроды

Ці можна ўбачыць і адчуць час? Аказваецца, так. Дастаткова выйсці на вуліцу або ў найбліжэйшы лес і ўважліва прыгледзецца да дрэў, якія там растуць. Дзе-нідзе захаваліся сапраўдныя зялёныя волаты, гледзячы на якія, мімаволі разумееш, што яны значна старэйшыя за цябе. Яны ўжо былі вялікія, калі яшчэ нашы бабулі і дзядулі бегалі вакол іх дзецьмі. За мінулыя дзесяцігоддзі шмат што адбылося, але гэтыя дрэвы выстаялі і працягваюць расці і цяпер. Гэта ўнікальныя прыродныя аб’екты, якія маюць батанічную, навуковую і эколага-асветніцкую каштоўнасць. Адзін з іх — таполя-волат Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму.



Велічная таполя расце на тэрыторыі вучэбна-доследнага ўчастка дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі і многія дзесяцігоддзі здзіўляе навакольных сваімі памерамі. Пытанне аб яе ўзросце рэгулярна ўзнікала ў розных дыскусіях. Вылучаліся розныя версіі. У выніку педагогі і навучэнцы Цэнтра экалогіі і турызму вырашылі вызначыць узрост волата самастойна. Вывучыўшы методыкі вымярэнняў, хлопцы і дзяўчаты правялі неабходныя замеры, а вынікі аформілі як навуковую працу. Атрыманыя даныя паказалі, што таполя па сваіх паказчыках можа прэтэндаваць на ўключэнне ў спіс асабліва ахоўных батанічных аб’ектаў. Каб пацвердзіць свае меркаванні, супрацоўнікі цэнтра звярнуліся па дапамогу да вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Згодна з даследаваннямі, праведзенымі спецыялістамі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі, агульная вышыня дрэва — каля 30 м, 

акружнасць ствала — 742 см, плошча кроны — 510 м2. З дапамогай сучасных метадаў і тэхналогій было ўстаноўлена, што барысаўскаму волату сёлета споўнілася 99 гадоў. Пры гэтым ён адрозніваецца найвышэйшымі паказчыкамі росту і жыццёвасці. Яго ўключылі ў базу «Рэдкія і ўнікальныя аб’екты расліннага свету на тэрыторыі Беларусі».

Вялікія памеры і суб’ектыўныя ўзроставыя ацэнкі дрэва ледзь не сталі прычынай яго знішчэння. Не сакрэт, што таполі маюць адносна мяккую драўніну, часта схільныя да гніення, лёгка ламаюцца. А тут такі гігант сярод гарадскіх пабудоў, ды яшчэ ў дзіцячым цэнтры! На шчасце, як расказала дырэктар Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму Кацярына РАКІЦКАЯ, даследаванні беларускіх вучоных пацвердзілі, што батанічны аб’ект у добрым стане і пры належным доглядзе і рэгулярным маніторынгу яму пакуль нічога не пагражае.

Сёння паглядзець на ўнікальнае дрэва, а заадно азнаёміцца з іншымі экспанатамі цэнтра прыходзяць дзясяткі дзяцей — ад выхаванцаў дзіцячых садкоў да старшакласнікаў. Супрацоўнікі ўстановы разам з навучэнцамі нават распрацавалі праект «Захаваем таполю-волата — захаваем клімат!». Як з гонарам падкрэслівае педагог дадатковай адукацыі Алена ШУБАРА, гэта работа стала пераможцам конкурсу маладзёжных экаініцыятываў. Унікальная таполя служыць таксама навуковай базай для многіх дзіцячых даследчых работ.

Летась для захавання ўнікальнага дрэва было праведзена яшчэ адно даследаванне — на гэты раз супрацоўнікамі Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах НАН Беларусі. Мэта — падрыхтоўка навуковага абгрунтавання для аб’яўлення барысаўскай таполі помнікам прыроды мясцовага значэння. Прадугледжваецца, што сёлета на карце асабліва ахоўных прыродных тэрыторый нашай краіны з’явіцца яшчэ адзін аб’ект.

На першы погляд здаецца дзіўным: дрэва расце, нікуды не сыходзіць, навошта яму яшчэ нешта? Але менавіта адсутнасць асаблівага статусу часцей за ўсё і становіцца прычынай гібелі такіх аб’ектаў. Дрэва-доўгажыхар можа быць ссечана пры будаўніцтве, рэканструкцыі дарогі або пракладцы камунікацый — калі няма юрыдычнай забароны, рашэнне прымаецца па гаспадарчай мэтазгоднасці. Можа пацярпець пры няправільнай абрэзцы або выдаленні аварыйных галін без уліку біялагічных асаблівасцяў. Без ахоўнага статусу ніхто не абавязаны сачыць за станам дрэва, праводзіць прафілактычнае лячэнне, абараняць каранёвую сістэму ад ушчыльнення глебы.

Статус помніка прыроды мяняе ўсё. Дрэва становіцца юрыдычна абароненым аб’ектам нацыянальнай спадчыны. Яго нельга зносіць, пашкоджваць, забудоўваць тэрыторыю навокал без спецдазволу адпаведных дзяржаўных органаў. Выдаткі на ахову і догляд кампенсуюцца з бюджэту. Складаецца пашпарт аб’екта — дакумент, які фіксуе яго характарыстыкі, стан, гісторыю. І, што немалаважна, з’яўляецца адказнасць: парушэнне рэжыму аховы цягне адміністрацыйныя і крымінальныя наступствы, а прычынены ўрон кампенсуецца ў поўным аб’ёме.


Будзьце ў курсе!

Магчыма, помнік расце ў вас на ўчастку

Як расказалі спецыялісты НПЦ па біярэсурсах, часта менавіта грамадзяне выяўляюць унікальныя дрэвы, выступаюць за іх захаванне і прысваенне статусу помніка прыроды. Асноўнымі крытэрыямі служаць узрост, памер, форма кроны (ствала) і стан аб’екта.

Перш-наперш улічваецца ўзрост, аднак пры ацэнцы трэба абапірацца на даныя лімітавага ўзросту для лесаўтваральных парод Беларусі: дуб чарэшчаты — да 400 гадоў, сасна звычайная — да 400, ліпа драбналістая — да 300, елка еўрапейская — да 250, ясень звычайны — да 200, вольха чорная — да 150, таполя — да 130, бяроза — да 120.

Наступны ключавы крытэрый — акружнасць ствала. Яе прынята вымяраць на вышыні 1,3 м ад зямлі. Асаблівую прыродаахоўную каштоўнасць уяўляюць дубы чарэшчатыя з акружнасцю ствала больш за 4 м, іншыя ліставыя — 3 м, хвойныя — 2,5 м, хуткарослыя таполі і вербы — 5 м.

Не падпадаюць пад статус помніка прыроды дрэвы, якія ўсыхаюць. Пад ахову бяруць тыя, што праяўляюць высокія паказчыкі жыццёвасці або стан якіх можа быць адноўлены або захаваны пры правядзенні спецыяльных мерапрыемстваў.

Пры выяўленні ўнікальнага дрэва грамадзяне могуць правесці першасныя замеры, фота-, відэафіксацыю і перадаць гэту інфармацыю ў тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды — раённыя інспекцыі або ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі. У далейшым, у адпаведнасці з нормамі дзейнага заканадаўства, упаўнаважаныя арганізацыі праводзяць абследаванні, якія або пацвярджаюць унікальны статус знойдзеных дрэў, або абгрунтоўваюць адмову ад узяцця пад спецахову. Канчатковае рашэнне аб прысваенні статусу мясцовага батанічнага помніка прыроды прымаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ўлады.

Андрэй САКАЛОЎ
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю