Top.Mail.Ru
74

Якое месца займаюць фінансы ў жыцці чалавека?

Першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў выступіў у Ліцэі БДУ імя Ф. Э. Дзяржынскага з лекцыяй на тэму «Інвестыцыя ў сябе: як веды аб фінансах мяняюць жыццё». Мерапрыемства прайшло ў рамках Тыдня фінансавай адукаванасці.


Усвядомлены падыход

Лекцыю Аляксандр Ягораў выбудаваў вакол уласнага жыццёвага вопыту, задаўшыся пытаннем: што б ён параіў самому сабе ва ўзросце цяперашняй моладзі? Першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка — дарэчы, ён выпускнік Ліцэя БДУ — заклікаў слухачоў глядзець на інвестыцыі шырэй — няпроста як на павелічэнне капіталу.

Падчас лекцыі спікер звярнуў увагу на тэндэнцыю апошніх гадоў: моладзь усё часцей аддае перавагу доўгатэрміновай арэндзе нерухомасці замест яе пакупкі. Многія разважаюць наступным чынам: штомесячная плата па іпатэцы супастаўная з сумай арэнднай платы, таму розніца нібы невялікая. Аднак, на думку Аляксандра Ягорава, часта моладзь не ўлічвае наступнае: калі чалавек набывае кватэру, у яго фарміруецца актыў, які застаецца з ім незалежна ад яго бягучых даходаў і расходаў.

Дарэчы, як адзначыў Аляксандр Ягораў, важна загадзя пачаць укладваць рэсурсы ва ўласнае развіццё, каб у будучым мець больш магчымасцяў для рэалізацыі: «Заўсёды важна правільна падыходзіць да лічбаў і да ўласнага дабрабыту, таму што паток даходу, які мы фарміруем сваёй работай, можа вычарпацца».

І тут узнікае пытанне: як гэта ажыццявіць? «Важна ведаць асновы фінансавай адукаванасці, каб да моманту выхаду на пенсію ўжо быў назапашаны капітал, які можна патраціць на сябе, — заўважыў Аляксандр Ягораў. — І, у нейкай ступені, як гэта прынята ў многіх развітых краінах, частку сродкаў пакінуць дзецям і ўнукам для таго, каб яны ўжо за гэтыя сродкі рабілі сваё жыццё лепшым».

Ключ да росту

Аляксандр Ягораў таксама падкрэсліў, што інвестыцыі бываюць розныя: гэта ўклад і ў веды, і ў здароўе, і ў іншыя важныя сферы жыцця. Але ключавым фактарам поспеху з’яўляецца ўсвядомленасць. «Важна свядома ажыццяўляць гэты выбар, каб ён адпавядаў тым жыццёвым прыярытэтам, якія ёсць у чалавека, — адзначыў Аляксандр Ягораў. — Каб не атрымалася, што інвестыцыі ці выдаткі разыходзяцца з тымі патрэбамі ці жаданнямі, якія ёсць. Таму што ў выніку, калі яны разыходзяцца, унутры пачынаецца надлом». Гэта нярэдка прыводзіць да ўнутранага дысбалансу, які людзі спрабуюць заглушыць няпэўнымі спосабамі — ад азартных гульняў да мікрапазык, — не да канца ўсведамляючы механізмы іх работы і рызыкі трапляння ў пазыковую яму. Важна знаходзіць баланс паміж сваімі патрэбамі, магчымасцямі і тым, што чалавек хоча насамрэч.

Аляксандр Ягораў закрануў пытанне і аб тым, ці можна развіць фінансавую адукаванасць. На яго думку, фундаментам тут з’яўляецца выхаванне асобы. Перадаць свой вопыт, навучыць дзіця быць добрым чалавекам — вось галоўная задача, а выбар, як гэтым вопытам распарадзіцца, застаецца за ім самім.

Ідэальных людзей не бывае і кожны штодня робіць памылкі, часам і ў фінансавых пытаннях. Напрыклад, многія лічаць, што валоданне дарагімі рэчамі дапамагае «прыцягнуць» дабрабыт. Але, упэўнены Аляксандр Ягораў, грошы прыходзяць толькі адным спосабам: праз атрыманне ведаў і старанную працу. Увогуле, ключ да росту, паводле яго слоў, — у гатоўнасці вучыцца, набірацца ведаў. Калі гэтай гатоўнасці няма, то ні падручнікі, ні самыя бліскучыя лектары не змогуць прывіць чалавеку мудрасць, у тым ліку фінансавую.

Галоўнай жа мэтай лекцыі, паводле слоў спікера, было данесці гэтыя і іншыя думкі ў жывой, даступнай форме. Даверны фармат зносін робіць тэму фінансавай пісьменнасці больш блізкай і зразумелай маладому пакаленню, пакідаючы ў памяці не толькі веды, але і правільныя жыццёвыя арыенціры.

Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю