Top.Mail.Ru

Якога надвор'я чакаць ад апошняга тыдня гэтага года?

У мінулыя выхадныя ў нашых шыротах наступіла астранамічная зіма, калі мы перасягнулі дату самага кароткага дня (21 снежня). Апошні тыдзень яшчэ гэтага года будзе не занадта халодным, але чакаецца ўсё: снег, мокры снег, дождж, туман, галалёд і галалёдзіца на дарогах, паведамляюць у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Паводле прагнозаў, апошні тыдзень адыходзячага года будзе адзначацца слабамарозным надвор’ем. Начныя мінімумы ў асноўным апынуцца ў межах ад 0 да мінус 7 градусаў, у асобныя ночы пераважна па захадзе краіны слупкі тэрмометраў будуць прытрымлівацца адзнак ад 1 да 2 градусаў цяпла. Дзённы фон тэмператур будзе вагацца ад слабага мінуса да слабага плюса. Шмат ападкаў чакаць не варта.

У аўторак ноччу і раніцай у многіх раёнах краіны, днём месцамі чакаюцца кароткачасовыя ападкі, у асноўным снег і мокры снег. Месцамі слабыя туман і галалёд, на асобных участках дарог — галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы чакаецца ад мінус 6 градусаў па ўсходзе да плюс 2 градусаў па захадзе краіны, дзённая тэмпература складзе ад мінус 3 да плюс 3 градусаў.

У свята, на 25 снежня, будзе пераважна без ападкаў, толькі ноччу і раніцай па ўсходзе краіны пройдуць невялікія кароткачасовыя мокры снег і дождж. Сіноптыкі папярэджваюць аб слабых тумане і галалёдзе ў асобных раёнах краіны, галалёдзіцы на дарозе. Тэмпературы будуць вагацца ад 0 да мінус 6 градусаў ноччу і ад мінус 3 да плюс 3 градусаў у дзённыя гадзіны.

У чацвер месцамі па нашым рэгіёне чакаюцца кароткачасовыя ападкі, слабыя туман і галалёд, галалёдзіца. Мінімальная тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 6 да 1 градуса цяпла, удзень — ад мінус 3 да плюс 4 градусаў.

У пятніцу і суботу ў краіне месцамі прагназуюцца кароткачасовыя ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу і дажджу. У асобных раёнах краіны апусціцца туман, чакаецца слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы панізіцца ўжо да 0–7 марозу, а максімальная днём будзе ад мінус 4 градусаў да 3 цяпла.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у апошнюю нядзелю гэтага года па краіне месцамі зноў пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. У асобных раёнах чакаюцца туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Уначы падмарозіць да мінус 6 градусаў, але месцамі будзе да 1 цяпла. Днём будзе ў сярэднім каля нуля: на захадзе да 3 цяпла, а на ўсходзе да 3 марозу.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю