Як адзначаюць эксперты, за апошнія 15 гадоў у Беларусі назіраецца ўстойлівае зніжэнне агульнай колькасці злачынстваў — больш як у два разы. Шмат у чым гэта заслуга айчынных спецыялістаў-крыміналістаў. Аб тым, як навука аб заканамернасцях механізму злачынства сёння карыстаецца штучным інтэлектам, шукае адказы на сучасныя выклікі і пагрозы — у нашым матэрыяле.
І на шкоду, і на карысць
Рост кіберзлачынстваў — гэта, мабыць, адна з галоўных праблем, якую агаліла павальная лічбавізацыя нашага грамадства. Але ўсё часцей зламыснікі звяртаюцца да магчымасцяў штучнага інтэлекту, у тым ліку для генерацыі падробленых пашпартоў, вадзіцельскіх пасведчанняў і іншых афіцыйных дакументаў. У поле зроку праваахоўнікаў трапляюць факты выкарыстання DeepFake-тэхналогіі для падрыву даверу да дзяржаўных органаў. Як вынік — стварэнне прамых пагроз нацыянальнай бяспецы. Не менш вострая пагроза — абстаноўка на межах Саюзнай дзяржавы, тэрарызм, беспілотныя лятальныя апараты. Актуальным застаецца і незаконнае абарачэнне наркотыкаў і іх аналагаў: падобныя злачынствы паспяхова сышлі ў Інтэрнэт-асяроддзе, што істотна ўскладніла іх раскрыццё.
Але папулярныя ў нашы дні тэхналогіі сёння маюцца і ў арсенале праваахоўных органаў. У іх дзейнасць, і перш за ўсё — у крыміналістыку, актыўна ўкараняецца штучны інтэлект. Гаворка ідзе аб яго прагнастычнай функцыі, падкрэсліў начальнік кафедры крыміналістыкі Акадэміі МУС Беларусі,
палкоўнік міліцыі, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Руслан РОПАТ на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «V Мінскія крыміналістычныя чытанні» ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь: «Сёння ўжо можна ўзяць на ўзбраенне тэхналогіі, якія пакуль не вельмі шырока выкарыстоўваюцца ў раскрыцці злачынстваў. Разумеючы іх карыснасць, іх магчымасці, мы можам ужо цяпер ствараць інструменты і механізмы, якія ў будучым дадуць магчымасць не толькі прадухіляць злачынствы, але і ў выпадку іх учынення аператыўна і эфектыўна раскрываць».
Ідэя, аднак, не новая. Яшчэ з савецкіх часоў у крыміналістыцы распрацоўваліся так званыя сродкі падтрымкі прыняцця рашэнняў, якія грунтаваліся на разуменні штучнага інтэлекту вучоных тых гадоў. Паспяхова выкарыстоўваюць штучны інтэлект і ў сучаснай Беларусі, расказаў Руслан Ропат: «Яскравы прыклад — функцыянаванне ў нашай краіне Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. У яе рабоце задзейнічаны пэўныя алгарытмы, заснаваныя менавіта на прымяненні тэхналогій штучнага інтэлекту».
ШІ-тэхналогіі дзеля нагляднасці і зразумеласці
Ужыванне нейрасетак у крыміналістыцы не абмяжоўваецца. Яны не толькі дазваляюць значна павысіць, напрыклад, дакладнасць распазнання фота- і відэафайлаў, аўдыязапісаў і тэкстаў дакументаў, аналізаваць абстаноўку на месцы злачынства. А па характары пашкоджанняў, узаемным размяшчэнні прадметаў і пакінутых слядах нейрасеткі нават могуць аднавіць прыкладную паслядоўнасць дзеянняў зламысніка.
Адным з найбольш перспектыўных і ўжо ўкаранёных у судова-медыцынскую практыку метадаў (у тым ліку і беларускую) з’яўляецца 3D-мадэляванне, адзначыў прафесар кафедры судовай медыцыны Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь, доктар медыцынскіх навук, прафесар Аляксандр ГУСЯНЦОЎ: «На аснове самых розных варыяцый малюнкаў, у тым ліку рэнтгенаўскіх здымкаў, фарміруецца даволі якасная трохмерная мадэль цела чалавека. Тэхналогія дазваляе візуалізаваць усе тканіны — ад скуранога покрыва да косных структур — як у норме, так і пры паталогіі». Паводле слоў Аляксандра Гусянцова, адна з галоўных пераваг такога падыходу — нагляднасць і зразумеласць экспертных высноў для ўсіх людзей, у тым ліку для тых, хто не мае медыцынскай адукацыі.
Ужываюцца нейрасеткавыя алгарытмы і пры параўнанні біяметрычных і іншых унікальных прыкмет — твараў, адбіткаў пальцаў, узораў голасу, ДНК-профіляў. Нават пры наяўнасці шумоў, частковых супадзенняў і неабходнасці апрацоўваць вялізныя масівы даных яны дэманструюць высокую дакладнасць супастаўлення. Але апошняе слова ўсё роўна за чалавекам: «Якая б тэхналогія ні прымянялася, эксперт заўсёды павінен захоўваць безумоўны прыярытэт у правядзенні даследавання, кантроль за выкарыстаннем машынных сродкаў і ў фармуляванні высноў», — адзначыў Аляксандр Гусянцоў.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Валерыя Картуля