9 ліпеня 2025 года ў 17 гадзін Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на імпрэзу «Край-друг Узбекістан», у час якой адбудзецца і паказ дакументальнага фільма кінастудыі «Беларусьфільм» «Ташкентская торба». У кінастужцы — аповяд аб узбекскім перыядзе жыцця народнага песняра Беларусі Якуба Коласа ў час Вялікай Айчыннай вайны. Арганізатары мерапрыемства — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.
Расказвае галоўны захавальнік фондаў музея кандыдат сацыялагічных навук Васіліна Міцкевіч:
— Стужка была створана кінастудыяй «Беларусьфільм» пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Агенцтва кінематаграфіі пры Міністэрстве культуры і турызму Рэспублікі Узбекістан і Ташкенцкай кінастудыі дакументальных і хранікальных фільмаў. Як вядома, у першыя месяцы вайны ў Ташкент была пераведзена Акадэмія навук БССР. Куды і прыехаў 14 жніўня 1941 года Якуб Колас як віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук. Пісьменнік і вучоны актыўна ўдзельнічаў у творчым і грамадскім жыцці ташкентцаў, выступаў на мітынгах, сустрэчах, арганізоўваў працу Акадэміі навук, працаваў над вершамі, паэмамі, публіцыстычнымі артыкуламі. 3 лістапада 1942 года ў Доме Чырвонай Арміі ў Ташкенце адбылося ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае 60-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа. Свае паэтычныя творы, напісаныя ў той перыяд, Канстанцін Міхайлавіч аб’яднаў у цыкл «Ташкенцкая торба». У час вайны ў сталіцы Узбекістана пабачылі шэраг кніг Якуба Коласа — на ўзбекскай і рускай мовах.
У час імпрэзы госці, удзельнікі свята беларуска-узбекскай дружбы пачуюць вершы народнага песняра, прысвечаныя Ташкенту, пазнаёмяцца з матэрыяламі з фондаў музея, якія красамоўна раскажуць пра сяброўства Коласа з узбекскімі пісьменнікамі. Імпрэзу «Край-друг Узбекістан» Коласаўскі музей арганізаваў супольна з Пасольствам Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь.
Мікола Берлеж