Top.Mail.Ru

Якую ісціну трэба ўсвядоміць бізнесу, у чым сіла арміі і навошта ўскалыхваць краіну

Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя.


Мінулы тыдзень кіраўніка дзяржавы выдаўся надзвычай разнапланавым. Пачаў яго Аляксандр Лукашэнка вялікай размовай з бізнесменамі, падчас якой былі расстаўленыя канкрэтныя задачы і акрэслены асноўныя патрабаванні. Затым беларускі лідар удзяліў увагу супрацоўніцтву з Лівіяй, прымаючы ў Палацы Незалежнасці фельдмаршала і вярхоўнага галоўнакамандуючага Лівійскай нацыянальнай арміі Халіфу Белкасіма Хафтара. Не абышлося без традыцый — напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт уручыў дзяржаўныя ўзнагароды і генеральскія пагоны вышэйшаму афіцэрскаму саставу. А пятніцу кіраўнік дзяржавы прысвяціў сельскагападарчай тэматыцы. 

1. «Я хачу, каб прадпрымальнікі разумелі, што калі дзяржава вызначае нейкую праграму кшталту „Адзін раён — адзін праект“, то мы ў аднолькавыя ўмовы ставім і прыватнікаў, і дзяржаўнай формы ўласнасці прадпрыемствы. Калі вас задавальняюць такія ўмовы — раўняйцеся з прадпрыемствамі дзяржаўнай формы ўласнасці і працуйце», — сказаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі прыватных прадпрыемстваў. Але ў той жа час кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што да прадпрыемстваў дзяржаўнай формы ўласнасці часам прад’яўляюцца такія патрабаванні, што прыватным і не снілася. 

2. «У нашай дзяржаве бізнесмены змогуць знайсці падтрымку. Але пры вельмі простай умове. Працуйце сумленна. Вы для нас не чужыя. Вось для мяне асабіста. Таму калі нехта парушае гэту лінію, давядзіце да мяне пазіцыю гэтых людзей. І не бярыце чужое. Тады мы з вамі будзем у добрых адносінах. Асабліва не залазьце ў дзяржаўную кішэню», — такую простую і зразумелую форму канструктыўных узаемаадносін дзяржавы і прыватнага сектара агучыў прадпрымальнікам беларускі лідар. 

3. «Сёння замест пояса добрасуседства на заходніх рубяжах Беларусі нашы былыя саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі ўпарта малююць дугу нестабільнасці. Выснова адна: нам трэба быць моцнымі, праяўляць пільнасць і ўмацоўваць абараназдольнасць дзяржавы настолькі, наколькі гэта магчыма. Што мы ўвесь час і робім. Вы, як ніхто іншы разумееце, што моцных паважаюць. І таму прафесія — Радзіму абараняць — яшчэ доўга будзе актуальнай і запатрабаванай, а людзі ў пагонах — надзейным шчытом і галоўнымі захавальнікамі мірнай працы», — адзначыў Галоўнакамандуючы на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод і генеральскіх пагонаў. Сустрэчы з афіцэрамі ў кіраўніка дзяржаўнымі пратакольнымі не бываюць. Нават святочныя мерапрыемствы заўжды суправаджаюцца размовамі аб надзённых задачах. 

4. «Упэўнены, кожны з вас добра разумее, што сіла арміі вызначаецца не толькі „жалезам“ (танкамі, гарматамі, самалётамі). Сіла арміі — гэта ў першую чаргу мужнасць, стойкасць і патрыятызм салдат і афіцэраў. Аб гэтым, дарэчы, сведчаць прыклады спецыяльнай ваеннай аперацыі. Воінаў, цалкам адданых прысязе, краіне і народу. І ваша задача — гадаваць і выхоўваць такіх воінаў», — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да герояў дня. І людзі, якія сабраліся ў чацвер у Палацы Незалежнасці, найлепшае пацверджанне сілы беларускай арміі. 

5. «Ваша задача, гавару па-вайсковаму, — страсяніце краіну праз вертыкаль улады. У гэтым выпадку — зімоўка ў жывёлагадоўлі і падрыхтоўка да вясновай сяўбы. — удакладніў ён. — Мы ганарымся тым, што мы больш за 8 мільярдаў долараў прадалі сельгаспрадукцыі. Гэта цудоўна, але мы можам гэта страціць. Як звычайна бывае: супакоіліся, усё добра — страцілі. Таму трэба, каб, страсянуўшыся, мы мелі сёлета мінімум 9 мільярдаў, а то і 10 ад продажу прадуктаў харчавання. Харчаванне будзе пастаянна даражэць» — такую задачу кіраўнік дзяржавы паставіў упаўнаважаным кіраўніка дзяржавы ў рэгіёнах і памочнікам, якія ўдзельнічалі ў выязным семінары на сельскагаспадарчую тэматыку. Тут дробязяў не бывае, і для таго, каб аграрна-прамысловы сектар даваў належны эфект, трэба яго разумець.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю