Міжнародны дзень сям’і быў зацверджаны ААН. Такім чынам міжнародная супольнасць абазначыла выключную важнасць сям’і ў сацыяльна-эканамічных і дэмаграфічных працэсах кожнай краіны свету. У Беларусі на гэтым тыдні праходзіць вялікая колькасць конкурсаў і фестываляў, ладзіцца мноства ініцыятыў, прысвечаных сям’і, якая па праве лічыцца нацыянальным прыярытэтам. Сям’я і дзеці знаходзяцца ў цэнтры ўвагі нашай дзяржавы і атрымліваюць усебаковую падтрымку.
Кожнае пятае дзіця — са шматдзетнай сям’і
Сям’я заўсёды была сярод жыццёвых прыярытэтаў беларусаў. Паводле сацыялагічнага даследавання, праведзенага Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ ў 2023 годзе, у беларусаў сфарміравана ўстойлівая сацыяльная норма адносна жаданай колькасці дзяцей — два дзіцяці ў сям’і. Аднак, як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана КОВАЛЬ, больш за трэць суайчыннікаў не рэалізуюць свае жаданні ў поўнай меры, спыняючыся на адным дзіцяці.
Галоўная прычына — павелічэнне ўзросту ўступлення ў шлюб і нараджэння дзяцей. Як сведчыць статыстыка, летась сярэдні ўзрост нявест, якія ўступалі ў першы шлюб, склаў 26,7 года, жаніхоў — 28,9, узрост маці пры нараджэнні першага дзіцяці — 27,6 года. Яшчэ адна прычына, якая ўплывае на нараджальнасць, — няўстойлівасць шлюбаў. Паказчык колькасці разводаў стабільна трымаецца на ўзроўні 3,4–3,7 выпадку на тысячу насельніцтва. Пры гэтым больш за палова з іх адбываецца ў сем’ях, дзе ёсць непаўналетнія дзеці.

Большасць беларускіх сем’яў выхоўвае адно дзіця. Па даных перапісу 2019 года, 57,3 % сем’яў маюць адно дзіця, 33,5 % — дваіх і толькі 9,2 % — траіх і болей. У краіне 122 тысячы шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваецца 400 тысяч дзяцей. Кожнае пятае дзіця ў Беларусі — менавіта з такой сям’і. Пры гэтым 80 % шматдзетных — сем’і з трыма дзецьмі і 20 % маюць чатырох і больш дзяцей.
3,7 мільярда рублёў — на выплату дапамог
Сацыяльная абарона сем’яў забяспечваецца праз дапамогі пры нараджэнні і падчас выхавання дзяцей, сямейны капітал, адрасную сацыяльную дапамогу і сацыяльныя паслугі, гарантыі ў сферы працы, пенсіённае забеспячэнне, жыллёва-крэдытныя адносіны. Сёлета на выплату дзяржаўных дапамог сем’ям выдаткавана 3,7 мільярда рублёў, з іх амаль 2 мільярды — на выплату дапамог на дзяцей ва ўзросце да трох гадоў. Выплатамі ахоплена амаль 348 тысяч дзяцей, з іх 186 тысяч — дзеці да трох гадоў. Памер аднаразовай дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці складае 10 БПМ, з 1 мая — гэта 4600 рублёў, а пры нараджэнні другога і наступнага дзяцей — 14 БМП, або 6,5 тысячы рублёў.
Памер дапамогі па доглядзе дзіцяці да трох гадоў складае 860 рублёў, другога і наступных — 984 рублі, дзіцяці-інваліда — 1107 рублёў. Пры выхаванні дваіх дзяцей, адзін з якіх ва ўзросце да трох гадоў, на працягу трох гадоў выплачваецца дзве дапамогі, якія сумарна складаюць больш за 1200 рублёў. Пры нараджэнні двайнят і трайнят сям’я атрымлівае дадатковую дапамогу на набыццё рэчаў першай неабходнасці, і сёння гэта 925 рублёў на кожнае дзіця.

Сямейны капітал пры нараджэнні ці ўсынаўленні трэцяга і наступных дзяцей складае 33 275 рублёў. Сёлета на яго выплаты ў бюджэце прадугледжана больш за 360 мільёнаў рублёў. У «Беларусбанку» за ўвесь перыяд рэалізацыі праграмы адкрыта 146 тысяч укладаў «Сямейны капітал», на якія было залічана 826 мільёнаў долараў і 1 мільярд 659 мільёнаў рублёў.
Шматдзетныя сем’і маюць права датэрмінова выкарыстаць гэтыя сродкі на будаўніцтва, рэканструкцыю, набыццё жылля, пагашэнне крэдытаў і пазык, выдадзеных на такія мэты, атрыманне адукацыі і медыцынскіх паслуг. На цяперашні час прынята больш за 92 тысячы рашэнняў аб датэрміновым выкарыстанні сямейнага капіталу.
Жыллё з дзяржпадтрымкай
Яшчэ адзін кірунак дзяржаўнай падтрымкі — адрасная сацыяльная дапамога. Летась бясплатнымі прадуктамі харчавання забяспечылі амаль 9 тысяч дзяцей ва ўзросце да двух гадоў. Сярэдні памер такой дапамогі ў 2024-м склаў 220 рублёў у месяц. Сёлета ў першым квартале харчаваннем забяспечана каля 5 тысяч дзяцей. Пры нараджэнні двайнят і трайнят такое харчаванне даецца без уліку даходаў сям’і. У мінулым годзе ім забяспечана больш за 4 тысячы дзяцей.
Штомесячную і аднаразовую сацыяльную дапамогу на набыццё прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў, адзення і абутку, школьных прылад летась атрымалі амаль 62 тысячы чалавек з ліку сем’яў з дзецьмі, у бягучым годзе — ужо каля 13 тысяч. Штомесячную сацыяльную дапамогу ў 2024-м атрымалі каля 46 тысяч чалавек з катэгорыі шматдзетных сем’яў, сёлета ў першым квартале — каля 9,5 тысячы. На аказанне адраснай сацыяльнай дапамогі ў гэтым годзе выдаткавана 145 мільёнаў рублёў.

Сярод іншых відаў падтрымкі сем’яў — працоўныя і пенсіённыя гарантыі, а таксама дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання. Што датычыцца апошняга, то льготны крэдыт выдаецца маладой сям’і з двума дзецьмі пад 5 % гадавых на 20 гадоў, шматдзетнай сям’і — пад 1 % гадавых на 40 гадоў. Пры гэтым дзяржава аказвае дапамогу пры пагашэнні запазычанасці па льготных крэдытах. Маладым сем’ям пры нараджэнні першага дзіцяці фінансавая дапамога прадастаўляецца ў памеры 10 % ад сумы запазычанасці па льготным крэдыце і ў памеры 20 % — пры нараджэнні другога дзіцяці. Для сем’яў з трыма дзецьмі дзяржава пагашае 75 % ад сумы запазычанасці, з чатырма і больш дзецьмі сума запазычанасці цалкам пагашаецца дзяржавай. Летась 5,6 тысячы маладых сем’яў і 7,8 тысяч шматдзетных змаглі палепшыць свае жыллёвыя ўмовы пры дзяржаўнай падтрымцы.
Па поклічы сэрца
Падтрымку сем’ям аказваюць і грамадскія арганізацыі, у прыватнасці Беларускі саюз жанчын. Пад яго эгідай праводзіцца шэраг ініцыятыў, сярод якіх — рэспубліканскі конкурс «Сям’я года», фестываль «Разам» і іншыя.

— Пад нашым патранажам знаходзяцца сем’і, якія маюць патрэбу ў падтрымцы. У Мінску ёсць шматдзетная сям’я, дзе бацька адзін выхоўвае дачок. Ён выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі, але з падтрымкай БСЖ гэта рабіць прасцей, — расказала намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын», намеснік дырэктара па медыцынскай экспертызе і сацыяльнай рэабілітацыі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Іна Салдаценка. — Дапамагалі і сям’і з Гомельскай вобласці, дзе адна мама выхоўвала дзіця і трапіла ў складаную сітуацыю — цяжка захварэла і была шпіталізавана ў Мінск на чатыры месяцы. Мы хутка знайшлі патранажную сям’ю, якая забрала да сябе дзіця на гэты час, і падтрымлівалі жанчыну, наведвалі яе ў бальніцы. Так мы дапамагаем па поклічы сэрца.
Як адзначыла старшыня грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў» Таццяна Краўчанка, у 1990-х у нашай краіне была нізкая нараджальнасць. У Мінску налічвалася менш за 2 тысячы шматдзетных сем’яў і каля 56 тысяч — ва ўсёй Беларусі. Цяпер гэта адпаведна каля 18 тысяч і 123 тысяч. Сітуацыю ўдалося змяніць з пачатку 2000-х, калі Прэзідэнт падпісаў указ аб будаўніцтве льготнага жылля для шматдзетных сем’яў. Гэта стала першай мерай, дзякуючы якой беларусы пачалі вяртацца да традыцыйных устояў, калі сем’і былі вялікімі.
Алена КРАВЕЦ