Top.Mail.Ru

Якую ролю адводзіць жанчыне праваслаўе?

Аб значэнні жанчын у гісторыі хрысціянства, жаночых абліччах Праваслаўнай царквы і аб тым, што кажа Царква аб ролі і значэнні жанчыны ў сучасных сям’і і грамадстве, мы размаўляем з настаяцелям прыхода храма Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага, святаром Аляксандрам Пальчэўскім.


— Айцец Аляксандр, ці можна сказаць, што жаночыя постаці ў праваслаўі не менш значныя, чым мужчынскія?

— Пачну з таго, што ікона Багародзіцы — а менавіта яе Царква шануе як найсвяцейшую з усіх святых — ёсць у кожным праваслаўным храме. Само найменне Багародзіцы кажа: гэта тая, хто нарадзіла Бога. У малітвах, якія прамаўляюць падчас богаслужэння, яе называюць «честнейшая херувим и славнейшая без сравнения серафим». Гэта азначае, што па сваёй святасці яна вышэйшая за анёлаў. Гасподзь абраў яе як дасканалы, чысты сасуд, які здольны змясціць у сябе неспасціжнага Бога. Таму і праз два тысячагоддзі Багародзіца застаецца самым цудоўным хрысціянскім вобразам духоўнай чысціні і дасканаласці. У багаслоўскіх тэкстах яе называюць «скарб свету», «нязгасная лампада» і «слуп Праваслаўя». Яна вышэйшая за ўсіх святых і вышэйшая за ўсіх анёлаў, і яе месца — асаблівае, выключнае. Гэта і вобраз мацярынства, і вобраз сапраўднай жаноцкасці. Менавіта Божая Маці — заступніца ўсіх, хто жыве на Зямлі. Сёння вядома больш за 400 ікон Прасвятой Багародзіцы, хоць фактычна іх намнога больш. Сярод іх нямала цудатворных — тых, якія асаблівым чынам звязаны з праяўленнем дапамогі ў жыцці хрысціян у розныя моманты гісторыі. І гэтыя іконы — пацвярджэнне і праява дапамогі Божай Маці.

Аб жанчынах-міраносіцах

— Апроч Багародзіцы, у праваслаўі шмат жанчын, прылічаных да ліку святых. Для гэтага ім запатрабаваліся іншыя якасці, чым святым-мужчынам? Іх подзвіг быў іншым?

— У кожнага святога свой уласны, выключны подзвіг, і ў жанчын, прылічаных да ліку святых, — таксама. Напрыклад, святыя жанчыны-міраносіцы суправаджалі Хрыста ў яго падарожжах. Менавіта яны першымі даведаліся аб Уваскрэсенні Збавіцеля. Чаму менавіта ім быў дадзены такі гонар? Справа ў тым, што многія апосталы-мужчыны, калі Хрыста ўзялі пад варту і павялі на пакаранне смерцю, спалохаліся і разбегліся ў страху. Апостал Пётр тройчы адрокся ад Хрыста — Евангелле не хавае гэтыя моманты. Але жанчыны заставаліся з Госпадам да Яго апошняй хвіліны на Зямлі, ішлі побач з Ім да самага крыжа, і да смерці на крыжы не пакінулі Яго. За гэтую самаадданасць, любоў і духоўную сілу менавіта яны першымі атрымалі Добрую Вестку — даведаліся, што Хрыстос уваскрэс.

Аб сіле любві

— Давайце пагаворым аб ролі жанчыны ў нашы дні з пункту гледжання праваслаўя. Часам можна пачуць меркаванне, што праваслаўе адводзіць жанчыне нейкую другарадную ролю…

— Гэта зусім не так. Магчыма, у нейкія перыяды гісторыі падобнае меркаванне магло быць правамерным, але ў наш час мы выключаем такое стаўленне да жанчыны ў Царкве. Стаўленне да жанчыны, яе прызвання і месца ў сістэме хрысціянскіх і сямейных каштоўнасцяў сёння выключна дастойнае, і зневажанне недапушчальна. Ну, а калі казаць пра яе ролю больш дэталёва, то пра гэта, мабыць, варта разважаць, зыходзячы ў цэлым з прызвання хрысціяніна, няважна, мужчына гэта ці жанчына. Сэнс жыцця хрысціяніна — у духоўным развіцці, удасканаленні і далучэнні да Бога. І гэта мэта як для чалавека, так і для сям’і. Хрысціянская сям’я накіравана на дасягненне духоўнай дасканаласці кожнага яе члена — мужчыны, жанчыны і дзяцей. Усё, што садзейнічае дасягненню гэтай мэты, дапамагае духоўнаму развіццю і ўдасканаленню, мы прымаем і вітаем. А ўсё, што ўступае з гэтай мэтай у супярэчнасць, лічым перашкодай.

У храме мужчыны і жанчыны роўна ўдзельнічаюць у Боскай Літургіі, падпарадкоўваюцца адным малітоўным правілам, на роўных прычашчаюцца Цела і Крыві Хрыста, і ў пытаннях выратавання душы ў праваслаўі няма адрозненняў паміж мужчынай і жанчынай.

— Ну, а калі ўсё ж закрануць мірскія пытанні — сямейныя абавязкі, кар’ера, нараджэнне дзяцей…

— Царква не лічыць дзетараджэнне нейкай самамэтай ні для жанчыны, ні нават для сям’і. Так, Гасподзь загадаў: «Пладзіцеся і множцеся», але калі ў сям’і ёсць дзеці, а бацькі не гатовыя, не здольныя або не жадаюць даць ім паўнавартасную адукацыю, выхаванне, сваю любоў, клопат, увагу, гэта, відавочна, прыносіць шкоду і дзецям, і ў цэлым сям’і. Бацькоўства — гэта адказнасць, а менавіта быць адказнымі перад блізкімі і перад Богам заклікае нас хрысціянства. Зрэшты, можна прывесці прыклады і іншых крайнасцяў, калі жанчына і мужчына, стварыўшы сям’ю, увогуле не хочуць мець дзяцей. І тут узнікае пытанне — чаму? Каб будаваць кар’еру? «Жыць для сябе»? Дасягаць матэрыяльных выгод і гнацца за пастаянным атрыманнем задавальненняў? Але ў гэтым выпадку людзі пакідаюць па-за ўвагай духоўны складнік свайго існавання, ад якога немагчыма схавацца. Духоўнае ў чалавеку закладзена Богам, яно ўсё роўна сябе праявіць, і чалавек глыбока памыляецца, спрабуючы выключыць яго са свайго жыцця. Лічачы першарадным дасягненне матэрыяльных мэт, мы заглушаем у сабе голас Бога, і гэта не можа прывесці нас да шчасця і міру з сабой. А кар’ера — што ж, нічога дрэннага няма ў кар’ерным росце і прафесійных дасягненнях жанчыны, як і мужчыны, калі гэта не наносіць шкоду іншым важным складнікам іх жыцця.

— Такім чынам, па сутнасці, нейкай асаблівай ролі праваслаўе жанчынам не прыпісвае: ёсць толькі адзіная для кожнага хрысціяніна мэта — духоўны рост і спасціжэнне Бога?

— Так. Але калі ўсё ж паспрабаваць вылучыць ролі мужчыны і жанчыны, думаю, задача жанчыны — расстаўляць прыярытэты і забяспечваць баланс, раўнавагу матэрыяльнага і духоўнага складнікаў жыцця сям’і. І яшчэ жанчыны, мабыць, больш, чым мужчыны, здольныя да ахвярнасці. А ў любой сям’і адзін з галоўных складнікаў гармоніі — менавіта ахвярнасць, якая патрэбна абаім — і мужчыну, і жанчыне. 

Загаловак у газеце: Нязгасная лампада

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю