Белкаапсаюз працягвае закупку гародніны, садавіны, ягад і грыбоў. Якую сельгаспрадукцыю і па якіх цэнах прымаюць у насельніцтва, расказаў начальнік упраўлення нарыхтовак і знешнеэканамічнай дзейнасці Белкаапсаюза Аляксей Сіроцін, паведамляе БелТА.
Па стане на 4 жніўня Белкаапсаюз закупіў 6,9 тыс. т бульбы, у тым ліку ў насельніцтва — 4,4 тыс., агуркоў — 2,9 тыс. т (у насельніцтва — 2 тыс. т), капусты — 4,1 тыс. т (у насельніцтва — 3,4 тыс. т), таматаў — 1,5 тыс. т (у насельніцтва — 1 тыс. т), клубніц — 345 т (у тым ліку таварных — 62 т), парэчак — 105 т, дурніц — 14 т, костачкавых — 29 т і грыбоў — 16,3 т.
Аляксей Сіроцін адзначыў, што сёлета ў краіне адзначаліся недабор ападкаў у зімовы перыяд, ранняя вегетацыя пладова-ягадных культур, звязаная з сярэдняй тэмпературай паветра вышэй за норму ў сакавіку. Сустракаліся перыяды з анамальна цёплым і анамальна халодным надвор’ем у красавіку — маі, позневясеннія замаразкі, лішак ападкаў у другой і трэцяй дэкадах мая. «Умовы надвор’я прывялі да стрэсавага стану шматгадовых насаджэнняў і дзікарослых культур, а таксама іх пашкоджання. У выніку па краіне назіраецца зніжэнне вытворчасці пладоў і ягад — культурных і дзікарослых», — адзначыў спецыяліст.
Так, паводле інфармацыі Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, прагнозныя паказчыкі плоданашэння чарніц ацэньваюцца ў 1-2 балы па пяцібальнай шкале.
Па словах Аляксея Сіроціна, закупленая ў насельніцтва сельскагаспадарчая прадукцыя ў гэтым годзе ў асноўным накіроўваецца для рэалізацыі ў свежым выглядзе праз уласную гандлёвую сетку, а таксама ў аб’екты грамадскага харчавання і прамысловыя прадпрыемствы спажыўкааперацыі.
Для самастойнай рэалізацыі ўраджаю насельніцтву і сельгасвытворцам прадастаўляецца больш за 6,2 тыс. месцаў на 107 падведамных рынках сістэмы. Закупачныя цэны устанаўліваюцца зыходзячы з кан’юнктуры рынку, якасці прадукцыі, сорту, памеру, ураджайнасці, рынкаў збыту, далейшых напрамкаў выкарыстання і іншых фактараў. Закупачныя цэны могуць мяняцца некалькі разоў на дзень у той ці іншы бок, напрыклад на ягады, агуркі.
Паводле аператыўных звестак, закупачныя цэны складаюць (за 1 кг): бульба — Br1-1,7, агуркі — Br1,7-2,5, таматы — Br2,5-4,5, капуста — Br0,7-1, буракі — Br1,2-1,8, морква — Br1,2-1,7, цыбуля рэпчатая — Br1,2-1,8, часнок — Br6-8, чарніцы — Br7-12, чорныя парэчкі — Br5-8, буякі — Br10-12, маліны — Br6,5-7, лісічкі — Br3-6,5.
Па выніках года нарыхтоўчыя арганізацыі спажывецкай кааперацыі плануюць закупіць больш за 12 тыс. т бульбы, па 30 тыс. т яблыкаў і гародніны (з іх 3,5 тыс. т агуркоў і 2,8 тыс. т таматаў).