Top.Mail.Ru

Якую шкоду нясуць электронныя прылады для курэння і чым яны небяспечныя, асабліва для падлеткаў

Праблема спажывання дзецьмі і падлеткамі прадукцыі, якая ўтрымлівае нікацін, выклікае сур’ёзную занепакоенасць не толькі ў бацькоў, але і ў педагогаў, медработнікаў і заканадаўцаў. У гэтай сувязі ў нашай краіне на пастаяннай аснове вядзецца сістэмная работа па зніжэнні распаўсюджанасці дадзенай шкоднай звычкі ў маладзёжным асяроддзі: удасканальваецца нарматыўная база, абмяжоўваецца даступнасць тытунёвых вырабаў і электронных сістэм курэння, узмацняецца асветніцкая дзейнасць ва ўстановах адукацыі. Як прафілактаваць у падлетка шкодную звычку і якую шкоду нясуць электронныя прылады для курэння, расказалі эксперты.


Вучоны сакратар РНПЦ псіхічнага здароўя, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Інэса ГРЫГОР’ЕВА адзначыла, што нікацінавая залежнасць у непаўналетніх набыла асаблівую значнасць у сувязі з хуткім распаўсюджваннем новых формаў спажывання нікаціну: электронных цыгарэт, сістэм награвання тытуню і іншых альтэрнатыўных прадуктаў. «Многія падлеткі ўспрымаюць электронныя прылады як менш небяспечныя або „бяспечныя“. У Беларусі каля 15% школьнікаў 7-10 класаў рэгулярна кураць электронныя цыгарэты, пры гэтым колькасць вэйпераў сярод падлеткаў за апошнія пяць гадоў вырасла ў тры разы. Амаль 60% моладзі да 18 гадоў, якая курыць, аддаюць перавагу менавіта вэйпам», — падзялілася статыстыкай Інэса Грыгор’ева.

Яны, па словах эксперта, трапляючы ў жыццёвую прастору падлетка, выцясняюць рэчы, здольныя напоўніць яго ведамі і ўменнем быць свабодным, здаровым і разважлівым. 

Ключавымі матывамі спажывання электронных цыгарэт эксперт назвала эмацыянальную самарэгуляцыю, асаблівасці кагнітыўнай сферы (зніжаная ўсвядомленасць, дэфіцыт адаптыўнай эмацыянальнай самарэгуляцыі), асобасныя рысы, такія як дэманстратыўнасць або завышаная самаацэнка, эгацэнтрызм, нізкі самакантроль, экстраверсія. 

Асноўнымі наступствамі ранняга пачатку курэння эксперт назвала зніжэнне здольнасці кантраляваць імпульсіўныя паводзіны, павышэнне трывожнасці і эмацыянальнай нестабільнасці, парушэнне канцэнтрацыі ўвагі, пагаршэнне кагнітыўнага кантролю і павышэнне рызыкі фарміравання іншых залежнасцяў. 

Курэнне ў падлеткаў, па словах Інэсы Грыгор’евай, — яшчэ і механізм псіхалагічнай абароны, які можа ствараць унутраны дысбаланс.

Каб пазбавіцца ад шкоднай звычкі падлеткам, эксперт раіць:

  1. Развіваць навыкі самарэгуляцыі, усвядомленасці і самакантролю. 
  2. Маштабна інфармаваць падрастаючае пакаленне пра рызыкі (у тым ліку і блогерам, якія з’яўляюцца лідарамі меркаванняў сярод моладзі), развенчваць міфы.
  3. Бацькам і педагогам фарміраваць і прывіваць здаровыя альтэрнатывы.

Лічбы і факты

Па даных СААЗ, 32% 15-гадовых падлеткаў хоць раз спрабавалі электронныя цыгарэты, 20% — курылі за апошні месяц.

Кансенсусная справаздача Нацыянальнай акадэміі навук ЗША (2018 г., на аснове 800 даследаванняў) пацвердзіла, што доза нікаціну праз вэйп параўнальная са звычайнымі цыгарэтамі, а аэразоль змяшчае цяжкія металы, цытатаксічны прапіленгліколь і гліцэрыну, а таксама фармальдэгід і акралеін, якія пашкоджваюць ДНК і здольныя выклікаць анкагенез. 

Ужо выдзелена асобнае захворванне — EVALI (траўма лёгкіх, звязаная з выкарыстаннем электронных цыгарэт). У выніку ўстаноўлена, што колькасць нікаціну, якая атрымліваецца праз электронныя цыгарэты, можа быць параўнальнай з колькасцю, што атрымліваецца пры курэнні звычайных цыгарэт. 

Урач па медыцынскай прафілактыцы (загадчык аддзела) аддзела грамадскага здароўя і сацыяльна-гігіенічнага маніторынгу Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Анастасія КОСАВА адзначыла, што ў дзіцяці працэсы, звязаныя са змяненнем клетак арганізма і развіццём анкалагічнай паталогіі з-за выкарыстання электронных сістэм курэння, могуць працякаць больш інтэнсіўна. Акрамя таго, асаблівую ўвагу варта звярнуць на згубнае ўздзеянне на арганізм араматычных дабавак. 

«Часцей чым класічную тытунёвую прадукцыю, падлеткі выкарыстоўваюць электронную. Араматызатары і смакавыя напаўняльнікі праходзілі ацэнку бяспекі як харчовыя дабаўкі. Але іх эфект пры награванні пры вялікай тэмпературы ніхто не ацэньваў. Ёсць шэраг алеістых дабавак, якія, як ужо даказана, уздзейнічаюць на тканку лёгкага і прыводзяць да так званых „папкорнавых хвароб“ (аблітэрацыйнай бранхіёлы. — „Зв.“), якія выклікаюць парушэнне дыхання», — расказала ўрач.

Як вядома, электронныя цыгарэты ўтрымліваюць цяжкія металы — свінец, волава, нікель, хром. «Падчас награвання гэтыя рэчывы могуць трапляць у пару, і ўжо непасрэдна аказваць сваё таксічнае ўздзеянне на нервовую, пячоначную, нырачную, крыватворную, эндакрынную сістэмы», — адзначыла Анастасія Косава.

Часта ўпершыню курыць падлеткі спрабуюць у школьным узросце. Электронная прылада ў дадзеным выпадку — гаджэт, які дапамагае наладзіць камунікацыю з аднагодкамі, ці ж элемент бунтарства, цікаўнасці. А на самай справе — фактар рызыкі, які цяпер здаецца нязначным, а ў далейшым, у свядомым узросце, прывядзе да шэрагу сур’ёзных ускладненняў і захворванняў. Беражыце сваіх дзяцей. Нагадвайце ім пра гэта часцей!

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю