Top.Mail.Ru

Яна ўпэўнена кіруе вялікім грузавіком

МАЗ на «вяровачцы»


У Валянціны Казак была даўняя мара — сесці за руль вялікай грузавой машыны. Да сваёй мэты жанчына ішла доўга, і вось з 2024 года афіцыйна стала вадзіцелем аўтамабіля «МАЗ» у ААТ «Агра-сад Рассвет» Брэсцкага раёна. Як яна спраўляецца з кіраваннем такой буйнагабарытнай машыны, з якімі цяжкасцямі сутыкаецца і што прываблівае яе ў гэтай прафесіі? З гэтымі пытаннямі да нашай гераіні звярнулася карэспандэнт «Звязды».


Запаветны шанц

Агульны стаж кіравання ў Валянціны Казак перавышае 13 гадоў. Аднак правы катэгорыі С і Е яна атрымала адносна нядаўна.

— Адразу пасля таго як правы былі ў мяне на руках, пачала пошук работы, — расказвае яна. — І адразу сутыкнулася з пэўнымі цяжкасцямі. Многія работадаўцы нават не разглядалі маю кандыдатуру з-за адсутнасці стажу і вопыту кіравання грузавымі аўтамабілямі. Калі прыйшла ў ААТ «Агра-сад Рассвет», усе таксама вельмі здзівіліся. Глядзелі на мяне як на нейкую дзівачку. Маленькая худзенькая жанчына — як яна можа кіраваць МАЗам? Тым не менш шанц мне далі.

Першы працоўны дзень нашай гераіні прыйшоўся на 5 снежня 2024 года.


— Вядома, было страшна. Я села за руль вялікай грузавой машыны з прычэпам — баялася, што не спраўлюся. Аднак ужо на трэці дзень цалкам асвоілася і зразумела, што сапраўды апынулася на сваім месцы, — успамінае яна.

Першым чалавекам, які даведаўся аб новым месцы працы Валянціны, была яе маці. Навіна шакіравала яе, але ўсё ж такі выбар дачкі падтрымала. Ды і ад іншых сваякоў слоў асуджэння не пачула, наадварот, яны падбадзёрвалі, верылі, што яна з усім справіцца.

Проста села і паехала...

Праблем з адчуваннем габарытаў у яе не ўзнікла — проста села і паехала, кажа Валянціна:

— Вядома, калі заезд вузкі, трэба прыкласці больш намаганняў, каб заехаць, але ж усё атрымліваецца. Спачатку баялася хуткасці на грузавой машыне, аднак з часам усё наладзілася. Ды і калегі заўсёды прыходзілі на дапамогу.


Яе працоўны дзень пачынаецца а 8-й гадзіны раніцы, але графік не фіксаваны — усё залежыць ад сезона і загружанасці.

— Раніцай абходжу машыну, правяраю, ці ўсё ў парадку, — расказвае мая суразмоўніца. — Калі мне трэба ехаць з прычэпам, то чапляю яго. А далей — уперад: развозіць кармы, збожжа. За дзень па тэрыторыі гаспадаркі магу праехаць 50 кіламетраў. Выпадалі і далёкія камандзіроўкі, напрыклад у Пухавіцкі раён. Гэта вельмі цікавы вопыт.

Жаночы стыль ваджэння моцна адрозніваецца ад мужчынскага, лічыць Валянціна:

— Пачнём з таго, што не кожная жанчына будзе ездзіць з прычэпам. Але калі жанчына ўсё ж садзіцца за руль, то водзіць больш акуратна.

У выпадку паломак аўтамабіля на дапамогу заўсёды прыходзяць слесары і механікі. Тым не менш Валянціна імкнецца па магчымасці вырашаць узнікаючыя праблемы самастойна:


— Калі чую незвычайны гук рухавіка, адразу разумею, што дзесьці «прытрымлівае» прычэп і тармазы да канца «не адпусцілі». Пачынаю праводзіць маніпуляцыі, каб не выклікаць лішні раз механіка. Неяк у мяне адчапілася з прычэпа груша, і я ехала без паветра. Калі выявіла, наперадзе было за 40 км шляху. Каб не выклікаць механікаў, знайшла кантакт з кіроўцамі, якія выпадкова сустрэліся на дарозе, і яны мне дапамаглі.

«Сядзець на месцы — не маё»

Сёння Валянціна Казак перакананая, што гэта прафесія — яе прызванне:

— Я вельмі актыўны чалавек: люблю рух. Сядзець на месцы — не маё. Тут увесь час трэба кудысьці ехаць — то за адным грузам, то за іншым. А яшчэ я вельмі шмат кантактую з рознымі людзьмі на загрузках і выгрузках. Так што ўсё, што тут адбываецца, ідэальна падыходзіць майму характару.

Дарэчы, на гэтым жа прадпрыемстве трактарыстам-машыністам працуе яе старэйшы сын Станіслаў. Ён, як і маці, цалкам задаволены выбраннай справай.


Сама сабе дызайнер

Немагчыма адарваць вока і ад машыны, на якой ездзіць наша гераіня. На пярэднім шкле МАЗа таблічка «Валя», за якой красуецца пухнатая рознакаляровая альпака. Унутры салона ўсё яшчэ цікавей. Чырвоныя аксамітныя шторы з фірмовым надпісам аўтамабіля, чахлы на сядзенні ў тон...

— Калі я ўпершыню села за руль машыны, было пуста і некамфортна. Я ўсё ж такі дзяўчынка — мне хочацца ездзіць прыгожа. З часам купіла сабе розныя дыванкі, шторкі, палічкі. Падбірала элементы дэкору па колеры, каб усё гарманічна спалучалася. У будучыні планую яшчэ зашыць падлогу ў чырвоны колер і дадаць новы эка-дыванок, — дзеліцца дызайнерскімі планамі Валянціна.


Наша гераіня пераканана, што незалежна ад прафесіі важна не забываць сачыць за сабой:

— У выхадныя дні імкнуся ўдзяліць час сабе, зрабіць розныя б’юці-працэдуры: вейкі, манікюр... Праца працай, але сябе таксама трэба любіць!

З цвёрдым стрыжнем

Валянціна Казак упэўнена, што калі дзяўчына хоча працаваць на грузавой машыне, але сумняваецца, ці атрымаецца, — не трэба баяцца:

— Варта ўзяць сябе ў рукі і спрабаваць. Не з першага, дык з другога ці з трэцяга разу ўсё абавязкова атрымаецца. Гэта вельмі цікавая праца. Кожны дзень — новы квэст. Але трэба глядзець і на характар. Для таго каб жанчына змагла быць на такой працы, у яе ўнутры павінен быць цвёрды стрыжань. Трэба настроіць сябе на тое, што многае давядзецца рабіць самой, і скідкі на тое, што ты дзяўчынка, не будзе.


Пасля размовы з Валянцінай ствараецца ўстойлівае адчуванне, што гэта той самы чалавек, які па-сапраўднаму гарыць сваёй справай. А калі прафесія сапраўды па душы, хіба важна, якой яе прынята лічыць — жаночай ці мужчынскай?

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю