Нарадзіліся і жылі яны на Капыльшчыне, у вёсцы Леткаўшчына. Усе жахі вайны для яе жыхароў пачаліся з пахавання забітых чырвонаармейцаў, якіх вяскоўцы, усёй грамадой, везлі на могілкі. Убачыўшы гэтую працэсію, нямецкія матацыклісты спыніліся і, на шчасце, паверх галоў выдалі кулямётную чаргу. Людзі напалохаліся, пападалі на зямлю, у прыдарожную канаву. Стаяць — ва ўвесь рост — застаўся толькі адзін малады чалавек Міхаіл Зянькевіч.
У памяці людзей гэты эпізод захаваўся на многія, многія гады.
...Падчас нямецкай акупацыі на тэрыторыі Капыльскага і Уздзенскага раёнаў дзейнічаў партызанскі атрад. Многія месцічы спачувалі народным мсціўцам, дапамагалі ім. Відавочна праз гэта ў вёску Леткаўшчына 22 лютага 1943-га наехалі карнікі і спалілі тры хаты, у тым ліку — сядзібу Зянькевічаў.
Чаму менавіта іх? Міхаіл у ваколіцах збіраў для партызан зброю. Пра гэта ведалі аднавяскоўцы, сваякі, і хтосьці ж не змаўчаў — выдаў акупантам.
У час пажару, каля палаючай хаты, сястра Міхаіла Зося спрабавала ім штосьці сказаць. Фашысты кінулі яе ў агонь.
Такім чынам сям’я Зянькевічаў стала меншай на аднаго чалавека, пасярод зімы засталася без даху над галавой, без ніякай маёмасці. Адзінае, што ў іх цудам ацалела, — гэта карова.
...Прытулак пагарэльцам даў прыёмны сын упраўляючага былой панскай гаспадаркай: пагарэльцы Зянькевічы сталі жыць у Дварэ (так называліся пабудовы маёнтка). Міхаіл пайшоў у партызаны.
У той дзень, атрымаўшы заданне, іх група рушыла ў ваколіцы адной з вёсак, каб разведаць абстаноўку. Па дарозе мсціўцам не пашчасціла — нарваліся на засаду: немцы абстралялі разведчыкаў, і тыя, шукаючы паратунку (сілы былі далёка не роўныя), кінуліся ў лес.
Міхаіл быў паранены. Фашысты акружылі яго, сталі нешта крычаць. У адказ прагучалі стрэлы, а потым усё заціхла. Немцы, асмялеўшы, падышлі бліжэй.
У Міхаіла заставаўся выбар: здацца ў палон ці загінуць. Ён выбраў апошняе...
Жыхары вёскі Гарбуны Нясвіжскага раёна потым расказвалі, што фашысты некалькі дзён не дазвалялі пахаваць астанкі разведчыка. А бацькам пра смерць сына, прыехаўшы ў Леткаўшчыну, паведаміў сам камандзір партызанскага атрада, што ўспрымалася як знак найбольшай павагі да нябожчыка і яго сям’і.
Пасля вайны астанкі героя перапахаваны ў брацкую магілу, што ў парку каля Нясвіжскага замка. Праўда, на помніку прозвішча Міхаіла... Зіневіч. Магчыма, штосьці наблыталі «лясныя кадравікі», а, магчыма, сам хлопец «паправіў» літары, каб адвесці бяду ад родных. Адно дакладна вядома, што ў вёсцы Леткаўшчына людзі з прозвішчам Зіневіч не пражывалі: там былі Зянькевічы.
Але ж гэта яшчэ не ўсе выпрабаванні, якія ў гады вайны выпалі на долю іх сям’і. Найстарэйшы, галава яе Мікалай Рыгоравіч, чэрвеньскай раніцай 1943-га з Двара пайшоў у сваю вёску пазычаць касу, каб накасіць неяк сена для каровы, і трапіў на вочы фашыстам. Яны прынялі старога за партызана, распачалі стральбу і моцна паранілі: у вёсцы нават сказалі, што забілі...
На шчасце, чалавек быў жывы. Малодшы з сыноў Аляксандр забраў і завёз яго ў бальніцу. Хутка немцы даведаліся, што там сярод хворых ёсць паранены, а значыць, партызан?
Яго збіраліся павесіць.
Доктар нейкім чынам паведаміў пра гэта сям’і Мікалая Рыгоравіча. Яго нявестка разам з суседкай забралі параненага дадому, і ён выжыў. Праўда, пазней у той самай бальніцы яму ампутавалі руку, бо пачалася гангрэна.
Памёр Мікалай Рыгоравіч інвалідам ва ўзросце 75 гадоў.
Але ж цяжка ўявіць, колькі гора пры гэтым вынес! Пасля трагічнай смерці сына Міхаіла (а да яе была смерць дачкі Зосі, спаленая хата і многае іншае) праз тыдзень памерла жонка. Ваявалі з немцамі, рызыкавалі жыццём і Зянькевічы малодшыя — Яўген і Аляксандр. Абодва яны былі параненыя і кантужаныя, абодва на той свет панеслі асколкі.
У Яўгена, дарэчы, пасля ранення перастала дзейнічаць правая рука. Ён навучыўся пісаць левай і такім жа каліграфічным почыркам.
Адметна яшчэ і тое, што прыгожы, разборлівы почырк быў ва ўсіх Зянькевічаў і ў нейкай ступені нават застаўся — перадаўся нашчадкам.
А самая жудасная трагедыя ў тым, што іх, нашчадкаў, вельмі мала, што тыя ж Зося і Міхаіл, як і мільёны іншых маладых людзей, не паспелі ні ажаніцца, ні нарадзіць дзяцей...
Яны пакінулі пасля сябе толькі добрую памяць.
Сямён КАРПОВІЧ, г. Мінск.