Цяперашняя працяглая камандзіроўка Кіраўніка дзяржавы наглядна дэманструе, што Беларусь актыўна шукае і знаходзіць новых партнёраў, дыверсіфікуе свае знешнеэканамічныя сувязі, што спрыяе ўмацаванню яе эканамічнай устойлівасці і суверэнітэту. Устанаўленне і развіццё такіх кантактаў з дзяржавамі далёкай дугі не толькі адкрывае новыя рынкі для беларускай прадукцыі і тэхналогій, але і спрыяе ўмацаванню ўзаемаразумення і даверу паміж народамі, пацвярджаючы статус Беларусі як надзейнага і адкрытага партнёра на міжнароднай арэне. Эксперты — аб майстар-класе ад Аляксандра Лукашэнкі па эфектыўнасці і выніковасці выбудоўвання эканамічнага супрацоўніцтва з дзяржавамі іншых культур і рэлігій.
Чаму менавіта далёкая дуга?
Каменціруючы беспрэцэдэнтную па сваім маштабе і геаграфіі вялікую камандзіроўку Аляксандра Лукашэнкі ў ключавыя краіны Азіі і Афрыкі — М’янму, Аман і Алжыр, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Людміла Сапега адзначае, што гэты дыпламатычны марафон з’яўляецца яркім сведчаннем стратэгічнага курсу Беларусі на ўмацаванне шматвектарнай знешняй палітыкі, пошук новых партнёраў і пашырэнне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва на так званай далёкай дузе. Акрамя таго, падкрэслівае сенатар, гэта цудоўны майстар-клас ад Прэзідэнта па эфектыўнасці і выніковасці работы, уменні на аснове сяброўскіх адносін выбудоўваць эканамічнае супрацоўніцтва з дзяржавамі іншых культур і рэлігій.

— Відавочна, што краіны Азіі і Афрыкі праяўляюць глыбокую і ўзрастаючую цікавасць да Беларусі, бачачы ў ёй надзейнага і стабільнага партнёра, гатовага да супрацоўніцтва ў многіх сферах — ад сельскай гаспадаркі і прамысловасці да адукацыі, навукі і высокіх тэхналогій. Менавіта таму кожная сустрэча беларускага Прэзідэнта з лідарамі гэтых дзяржаў заканчваецца падпісаннем кантрактаў і пагадненняў, дасягненнем важных міждзяржаўных дамоўленасцяў, якія закладваюць аснову для доўгатэрміновага і плённага ўзаемадзеяння, — акцэнтуе ўвагу сенатар.
У прыватнасці, у М’янме былі дасягнуты канкрэтныя пагадненні, накіраваныя на актывізацыю гандлёва-эканамічных сувязяў. Ключавымі сталі дамоўленасці аб пастаўках у гэту краіну беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі, што з’яўляецца крытычна важным для развіцця аграрнага сектара М’янмы, а таксама абмяркоўваліся перспектывы супрацоўніцтва ў сферы прамысловай кааперацыі і адукацыі, уключаючы падрыхтоўку кадраў для розных галін эканомікі. Акрамя таго, падпісана пагадненне аб адмене віз, што дасць новы штуршок развіццю паміж нашымі краінамі турыстычных сувязяў.
Візіт у Аман пацвердзіў высокі ўзровень даверу і сяброўскіх адносін, якія склаліся паміж Мінскам і Маскатам. Былі замацаваны ўжо дасягнутыя вынікі і намечаны новыя вектары. Асаблівая ўвага нададзена пашырэнню гандлю, інвестыцыйнаму супрацоўніцтву, у прыватнасці, у галіне нафтахіміі, турызму і харчовай бяспекі, дзе Аман праявіў значную цікавасць да беларускай прадукцыі і тэхналогій.
У Алжыры, адной з найважнейшых дзяржаў Паўночнай Афрыкі, прайшлі плённыя перагаворы, вынікам якіх стала падпісанне шэрагу мемарандумаў і кантрактаў. Дасягнуты пагадненні па нарошчванні паставак беларускай машынабудаўнічай прадукцыі, сумеснай вытворчасці тэхнікі, экспарце фармацэўтычнай прадукцыі і калійных угнаенняў.
Чаму такая пільная ўвага Беларусі да развіцця ўзаемаадносін з краінамі далёкай дугі ў эфіры тэлеканала АНТ растлумачыў палітолаг Аляксей Дзермант:

— Чаму далёкая дуга ці, умоўна кажучы, большасць свету? Таму што Захад вырашыў самаізалявацца, вырашыў весці супраць нас эканамічныя войны. Натуральна, мы шукаем там, дзе нас прымаюць такімі, якія мы ёсць, дзе цікавая наша прадукцыя, і хто не ставіць ніякіх надуманых палітычных умоў.
Эксперт адзначае, што да іх ліку адносяцца амаль усе краіны, якія пазбавіліся ад заходняга каланіяльнага панавання:
— Краіны, якія не прымаюць сістэму дамінавання Захаду, ЗША, Еўропы, і якія разумеюць, што Беларусь з’яўляецца дзяржавай, што выбудоўвае альтэрнатыўную сістэму, якую называюць «больш справядлівы свет» — свет, які ўлічвае інтарэсы дзяржаў рознага памеру, з рознымі пазіцыямі. Але, тым не менш, лідары тых краін разумеюць, што Беларусь і Лукашэнка — гэта, па сутнасці, такі жывы сімвал супраціўлення каланіяльнай і неакаланіяльнай мадэлі. Гэта тыя краіны, якія цяпер фарміруюць нейкі калектыўны Усход, калектыўны Поўдзень, і якія жадаюць іншай мадэлі супрацоўніцтва, развіцця. І Беларусь у гэтым, як адзін з ключавых партнёраў у сваім рэгіёне, можа дапамагчы.
Курс на стварэнне «агульнай прасторы даверу і супрацоўніцтва»
Маштабная паездка Аляксандра Лукашэнкі, сапраўды, мае стратэгічнае значэнне, пагаджаецца член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандр Карпіцкі:
— Гэты візіт наглядна дэманструе курс нашай краіны на ўмацаванне шматпалярнага свету і развіццё ўсёабдымнага партнёрства з дзяржавамі, якія, як і мы, адстойваюць прынцыпы суверэнітэту, узаемнай павагі і ўзаемнай выгады.
Сенатар канстатуе: паездка не была выпадковым наборам пунктаў на карце:
— Гэта старанна вывераная работа па наладжванні супрацоўніцтва на далёкай дузе — з тымі, з кім нас аб’ядноўваюць агульныя погляды на будучыню сусветнага развіцця.
Суразмоўца перакананы: умацаванне пазіцый — гэта не толькі эканоміка. Актыўную ролю адыгрывае і парламенцкая дыпламатыя:
— На пляцоўцы Міжпарламенцкага саюза Беларусь паслядоўна прасоўвае ідэі вяршэнства міжнароднага права, умацавання міру і бяспекі. Мы заяўляем пра гатоўнасць уносіць уклад у фарміраванне новай архітэктуры Еўразійскай бяспекі, пра што, у прыватнасці, сведчыць правядзенне ў Мінску адпаведных міжнародных канферэнцый.
На яго думку, гуманітарны вектар таксама з’яўляецца неад’емнай часткай знешняй палітыкі нашай краіны:
— Беларусь мае ўласную эфектыўную сістэму прадастаўлення дапамогі і за мінулае дзесяцігоддзе аказала падтрымку тром дзясяткам краін, якія пацярпелі ад канфліктаў і стыхійных бедстваў. Гэта дзейнасць — практычнае ўвасабленне нашай адказнасці і салідарнасці на сусветнай арэне.
Сенатар дадаў:
— Вялікая камандзіроўка Прэзідэнта пацвердзіла, што Беларусь, нягледзячы на беспрэцэдэнтны знешні ціск, не толькі захоўвае, але і нарошчвае свой міжнародны аўтарытэт. Мы будуем прагматычныя, тэхналагічна насычаныя і ўзаемавыгадныя адносіны з партнёрамі ў Азіі, на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы. Гэта курс на стварэнне «агульнай прасторы даверу і супрацоўніцтва», пра якую неаднаразова казаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Сёння мы закладваем асновы для ўстойлівага развіцця і працвітання Беларусі ў новай, шматпалярнай сістэме міжнародных адносін.
«Прэзідэнт адкрыў для нас цэлую планету ў галіне эканомікі, палітыкі»
Палітычны аглядальнік АНТ Ігар Тур, каменціруючы «Гроднаплюс» вялікую камандзіроўку Прэзідэнта, расказаў, як экспарт умацоўвае суверэнітэт Беларусі:

— Калі мы, як краіна, моцна замацуемся ў Афрыцы, асабліва ў яе паўночнай і ўсходняй частцы, гэта, ну давайце скажам шчыра, сапраўдны караван грошай для беларускай эканомікі. У нас ёсць усё, што трэба Афрыцы, а ў Афрыкі ёсць чым плаціць, асабліва калі партнёр дагавораздольны і гатовы разглядаць альтэрнатыўныя варыянты. Беларусь такім партнёрам, вядома ж, з’яўляецца.
Таму Аляксандр Лукашэнка цяпер актыўна займаецца тым, каб прабіць паталок магчымасцяў, можа, не для ўсёй беларускай эканомікі, але канкрэтна для беларускага экспарту. А прабіваць паталок магчымасцяў цяпер нам вельмі трэба, як суверэннай краіне. Ад гэтага цяпер і залежыць суверэнітэт.
Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Вадзім Гігін у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» выказаў думку, што дзяржаўная дзейнасць — гэта творчасць, у якой праяўляюць сябе розныя людзі:
— Ёсць здольныя, ёсць таленавітыя, а ёсць геніяльныя — прарывы, якія вызначаюць эпоху. Да апошніх належыць наш кіраўнік дзяржавы. Ведаючы, што Прэзідэнт Алжыра ў добрых адносінах з Султанам Амана, ён падчас перагавораў з лідарам Алжыра прапануе: у Афрыцы востра стаіць праблема голаду, у вас ёсць фасфаты, у нас — тэхналогіі, вытворчасці, угнаенні, давайце гэта злучым, пабудуем завод за аманскія інвестыцыі і будзем сумесна вырашаць гэту праблему ўтраіх. Лукашэнка — адзін з самых дасведчаных палітычных і дзяржаўных дзеячаў на планеце. На падставе свайго арганізацыйнага, дыпламатычнага вопыту, інтуіцыі ён можа прымаць такія рашэнні. Важна, што гэта не проста ідэя, а ідэя, якая тут жа рэалізуецца ў жыццё.
Госць праграмы акцэнтаваў, што Афрыка — велізарная і вельмі розная, і да кожнай краіны трэба знаходзіць свой падыход:
— Нам варта ўзмоцненымі тэмпамі ствараць краіназнаўчыя школы: нам патрэбныя спецыялісты, якія ведаюць менталітэт народаў гэтага кантынента. Краіны розныя, перспектывы для Беларусі — велізарныя. Фактычна Прэзідэнт адкрыў для нас цэлую планету ў галіне эканомікі, палітыкі. Таксама для нас важная міжнародная падтрымка.
У сваю чаргу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Алег Дзячэнка звяртае ўвагу, што дзякуючы Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку фарміруецца ўстойлівая сістэма сувязяў, якая пастаянна пашыраецца і якая абапіраецца на асабістыя і нават дружалюбныя кантакты, на развітую дагаворна-прававую базу, якая ўключае Міжнародныя дагаворы і пагадненні, «дарожныя карты» і іншыя разнастайныя формы сувязяў — палітычныя, эканамічныя, навукова і ваенна-тэхнічныя, адукацыйныя і культурныя.

— Сёння ўрады афрыканскіх, арабскіх і азіяцкіх дзяржаў на свае вочы пераканаліся, што Беларусь з’яўляецца надзейным дзелавым партнёрам і выказваюць гатоўнасць канструктыўна супрацоўнічаць па ўсіх узаемавыгадных кірунках, не абмяжоўваючыся адным толькі міжнародным гандлем і інвестыцыямі, — падкрэслівае парламентарый.
У завяршэнне ён адзначае:
— З улікам прыярытэтаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026—2030 гады, якая будзе абмеркавана і зацверджана на другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу 18—19 снежня ў Мінску, пастаўленымі задачамі краінавай і таварнай дыверсіфікацыі экспарту і развіцця гандлёва-эканамічных сувязяў з дзяржавамі Паўднёва-Усходняй Азіі, Блізкага Усходу, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі прысутнасць нашай краіны на глабальным поўдні ў бліжэйшай пяцігодцы толькі ўзмоцніцца. Фактычна мы стаім у пачатку новага гістарычна беспрэцэдэнтнага этапу ў развіцці палітыка-дыпламатычных і эканамічных адносін з краінамі гэтага рэгіёна.
Вольга АЛЯКСАНДРАВА