У апошні дзень асноўнай пляцоўкай рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі «Марафон адзінства» стала Нацыянальная бібліятэка. Побач з галоўнай кніжнай скарбніцай працавалі інтэрактыўныя зоны, праходзіў канцэрт «Мы разам!» Нягледзячы на моцны пранізлівы вецер тут было горача — на сцэну, якая размясцілася побач з галоўнай кніжнай скарбніцай, выходзілі таленавітыя маладыя спевакі і блогеры. Адчуванне было, што на сустрэчу з кумірамі з’ехаліся маладыя фанаты з усяго Мінска. Хлопцы і дзяўчаты спявалі разам з любімымі выканаўцамі, рабілі сэлфі і відэа з канцэрта.
З раніцы быў запушчаны квэст «Гэта ўсё маё роднае», калі каманды ў 5-10 чалавек павінны былі за кароткі час паспець прайсці некалькі станцый з падрыхтаванымі для іх пытаннямі па культуры, гісторыі, літаратуры, расказаць альбо даведацца пра дасягненні нашай краіны, выканаць танцавальныя і песенныя заданні. За дзень квэст прайшлі 179 каманд (каля дзвюх тысяч чалавек). Як расказалі валанцёры — а квэст праводзілі студэнты розных ВНУ сталіцы — да пазнавальнай гульні далучаліся школьнікі, навучэнцы, працоўная моладзь, сем’і. Самаму юнаму ўдзельніку было каля шасці гадоў, а старэйшым — за семдзесят. «Цудоўна, што марафон аб’ядноўвае ўсе пакаленні. Нам жа, валанцерам, вельмі цікава было працаваць з людзьмі. Яны зараджалі пазітывам, казалі, што нас любяць, — падзялілася ўражаннямі сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры Таццяна Кананоновіч.
Фінальны флэш-моб
Удзельнікі яго сабраліся каля Нацыянальнай бібліятэкі, каб выканаць гімн Рэспублікі Беларусь. Разам паспяваць прыехалі прадстаўнікі навучальных устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый. Да вялікага хору, які пачаў збірацца на прыступках Нацыянальнай бібліятэкі, далучыліся арганізатары мерапрыемства, валанцёры, блогеры і шматлікія госці.
Сярод удзельнікаў флэш-мобу былі і прадстаўнікі ваенна-патрыятычнага клуба «Арляняты. Нашчадкі Перамогі» пры 72 сярэдняй школе. Паліна Генчык расказала, што іх аб’яднанне створана, каб шанаваць традыцыі, а галоўная яго мэта — не дапусціць таго, каб гісторыя і подзвіг народа былі забытымі. Дзяўчынка, заўважыла, што такія мерапрыемствы як марафон адзінства трэба праводзіць мінімум раз на паў гады, бо тут ствараецца атмасфера, дзе людзі адчуваць сябе часткай цудоўнага народа. Так можна даносіць да людзей важныя ідэі, расказываць пра гісторыю. А яшчэ канцэрты — гэта падтрымка таленавітай моладзі.
Вучні сярэдняй школы № 15 прыехалі на марафон разам з кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні Аляксандрам Іваненка. Школьнікі далучыліся да конкурсаў, пазнаёміліся з выстаўкай рарытэтных плакатаў. Аляксандр Іваненка заўважыў, што такія акцыі як марафон адзінства заўсёды актуальныя: яны згуртоўваюць насельніцтва і задаюць добры настрой. Добра, калі яны будуць праводзіцца ў кожным раёне Мінска, і абавязкова з прыцягненнем дзяцей і моладзі. Для падрастаючага пакалення — гэта магчымасць лепш пазнаёміцца са сваёй краінай, даведацца пра яе дасягненні.
Сотні юнакоў і дзяўчат, якія сабраліся ля сцэны, з захапленнем сустракалі сваіх улюбёнцаў дзім Дзімыча і Анджэліну, Насцю Краўчанку са сваёй знакамітай песняй «Рамонак» і спевака-блогера Улада Кабякова. Госці канцэрта аднадушна сышліся ў меркаванні, што такія мерапрыемствы натхняе і матывуе. Канцэрт стаў святам нашай сілы і адзінства. Завяршылася фінальнае дзеянне ўзнагароджаннем лепшых валанцёраў мінскага «Марафону адзінства» і флэшмобам «Спяваем гімн усе разам» ля галоўнага ўваходу ў бібліятэку, які выканалі моладзь і сувораўцы, ваеныя і рабочыя сталіцы.
Фота Віктара ДРАЧОВА