Чуйны да беларускага слова чытач, слухач добра ведае песню ў выкананні саліста легендарных «Песняроў» Леаніда Барткевіча «Явар і каліна». «Песняй вясны лебядзінаю, / Скінуўшы зімнія чары, / Шэпчуцца явар з калінаю / Ў сумнай даліне над ярам...» І, канешне ж, ведаюць, што ў песні асновай з’яўляецца верш народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.
Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы супольна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі збірае адметную анталогію з гэтым лірычным творам «Явар і каліна» на мовах народаў свету.
Расказвае галоўны захавальнік фондаў музея Надзея Саевіч: «Явар і каліна» — неўміручы твор. Слухаеш яго музычна-песеннае выкладанне ці слухаеш прачытанне некім гэтай оды каханню, проста ўдумліва чытаеш купалаўскія словы — і захапленне талентам, геніяльнай здольнасцю паэта-класіка пераўтвараць словы ў дзейства, рабіць словы яркімі вобразамі, сімваламі адвечных ісцін жыцця застаецца надоўга, эмацыянальна сагравае душу і сэрца. Вось мы вырашылі зацікавіць гэтым творам увесь чытацкі свет і звярнуліся да прафесійных перакладчыкаў на розныя мовы народаў свету. Падрыхтавалі для тых, хто не ведае беларускай мовы, рускамоўны і англамоўны падрадкоўнікі...Зараз вядзём перагаворы, збіраем будучую кнігу. Ужо атрымалі першыя пераклады — на чачэнскую мову Адама Ахматукаева, на шорскую Любові Арбачакавай, на чувашскую Валерыя Тургая, на кітайскую Хань Сяае...
Раней Саюз пісьменнікаў Беларусі сумесна з музеем падрыхтаваў зборнік аднаго верша Янкі Купалы «Беларускім партызанам!» на мовах народаў свету. У кнізе сабраны пераклады твора, напісанага Купалам у верасні 1941 года як водгук на разгортванне на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі Беларусі шырокай партызанскай барацьбы, болей як на 50 моў народаў свету. У хуткім часе кніга пабачыць свет у выдавецтве «Беларусь».
Мікола Берлеж