Людзі моцныя сваёй гістарычнай памяццю і сямейнымі каштоўнасцямі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Менавіта так заведзена ў сям’і старшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах аддзела крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РУУС г. Мінска Святланы Гамялько, дзяды і прадзеды якой унеслі неацэнны ўклад у Перамогу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Аб тым, чым ганарыцца спадчынніца пакалення пераможцаў і якія каштоўнасці перадае сваім дзецям, даведаецеся ў матэрыяле.
Напярэдадні Дня Перамогі жанчына з гонарам расказвае пра свайго дзядулю па бацькоўскай лініі — Крукава Фёдара Авакумавіча, 1916 г. н. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён быў памочнікам камандзіра кулямётнага ўзвода, удзельнічаў у вызваленні далучанай тэрыторыі Заходняй Беларусі, Варшавы і ўзяцці Берліна. Менавіта дзякуючы яго прыкладу ўнучка Святлана абрала сабе такую нялёгкую прафесію — Радзіму абараняць.
Удзельнічаючы ў складзе 84-й мотастралковай дывізіі, на полі бою Фёдар Авакумавіч быў двойчы цяжка паранены. На яго рахунку — затрыманні трох контрразведчыкаў ворага, 12 дэзерціраў Чырвонай Арміі і 20 салдат.
— За баявыя заслугі дзядуля ўзнагароджаны медалямі, — падкрэсліла праваахоўнік. — Дзядуля прайшоў Вялікую Айчынную і вярнуўся жывым. Мы шануем яго памяць. Хочацца, каб гэтыя слаўныя традыцыі жылі ў нашай сям’і дзесяцігоддзямі. І нам з мужам ёсць каму іх перадаваць — сыну і дачцэ.
Святлана Гамялько ўспамінае свайго дзядулю чалавекам простым, стрыманым і рашучым. «Аб праведзеным на фронце часе ён гаварыць не любіў, — удакладняе яна. — Напэўна, шкадаваў маю дзіцячую псіхіку, бо мне тады ўсяго 8 гадоў было. Але Дзень Перамогі святкаваў заўсёды: у памяць аб тых, хто не вярнуўся дадому. 9 Мая ён апранаў пінжак з баявымі ўзнагародамі. Я разглядала гэтыя медалі і ордэны, затаіўшы дыханне».
У ліку ўзнагарод ветэрана — ордэн Айчыннай вайны II ступені, ордэн Айчыннай вайны I ступені, медалі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Варшавы».
— Аўтарытэт і падтрымка дзядулі заўсёды займалі асаблівае месца ў маім жыцці, — адзначае старшы оперупаўнаважаны Святлана Гамялько. — Я бязмерна ўдзячная яму. Перш за ўсё за тое, што ён выхаваў ува мне патрыятызм, павагу да роднай гісторыі і шчырую любоў да Айчыны. Адчуваеш велізарны гонар, калі ў сям’і ёсць сваякі, якія здолелі выстаяць у той святой вайне і атрымаць Перамогу.
Вераніка КАНЮТА
Фота з архіва Святланы Гамялько