Вялікая Айчынная вайна пакінула пасля сябе мільёны пакалечаных лёсаў. Жорсткасць захопнікаў не ведала меж, яны нікога не шкадавалі. Пад гнеў гітлераўцаў патрапіла і сям’я Людмілы АБРАМОВІЧ, у госці да якой у вёску Ляпешкі Іўеўскага раёна завітала карэспандэнт «Звязды».
Гаспадыня сустракае сардэчна, з цёплай усмешкай. На ёй элегантная спадніца і жакет з узнагародамі. Яркая памада на вуснах, чырвоны манікюр, беласнежныя валасы...
У ёй столькі прыгажосці і энергіі!
З выгляду і не скажаш, што гэтай жанчыне прыйшлося перажыць жахі канцлагера і нягоды пасляваеннага жыцця.
За калючым дротам
У снежні 1943-га нямецка-фашысцкія захопнікі прымусова вывезлі яе сям’ю ў Германію на прымусовыя работы. Маленькай Людзе было ўсяго шэсць гадоў. Іх змясцілі ў лагер Вальтгорст, дзе даводзілася працаваць у нечалавечых умовах. У сакавіку 1944 года перавялі ў лагер горада Фрайгаўс. Там па загадзе акупантаў быў павешаны брат Леанід разам з жонкай Аленай. Пасля гэтага сям’ю адправілі ў лагер на востраве Берген-Руген, дзе Люда заставалася да вызвалення савецкімі войскамі 3 мая 1945 года.

— Я мала што памятаю. Пра тое, што наша сям’я была ў трох лагерах, даведалася ўжо дарослай. Відаць, для маленькага дзіцяці не было ніякай розніцы паміж гэтымі месцамі. Памятаю, што трымалі нас у бараках, за калючым дротам. А яшчэ памятаю голад. Нас кармілі нейкай баландай, і добра, калі бульбачка перападзе. Пры гэтым старэйшая сястра была цяжарная і нарадзіла там, у Германіі. Але дзіця не выжыла, памерла яшчэ да года. На шчасце, дачка майго брата засталася жывая. Ёй было паўтара года, калі яе бацькоў забілі. Мая сям’я ўзяла дзяўчынку да сябе.
Людміла Карлаўна добра запомніла момант, калі іх вызвалілі. Нельга словамі апісаць, якая радасць была ў людзей. Усім было цяжка паверыць, што яны выжылі і цяпер вольныя. Асабліва маленькую Люду ўразіла тая колькасць ежы, якую далі палонным.
— Памятаю, як пабегла што-небудзь узяць — адкуль толькі сілы ўзяліся?! Мы больш былі падобныя на шкілеты, чым на людзей. Хто мяса браў, хто хлеб. Ну а я ж дзіцем была — узяла цэлае вядро цукру. Але данесці яго не змагла, сіл не было. Высыпала паціху, і пакуль дайшла да родных, у вядры мала што засталося, — успамінае мая суразмоўніца.
Дома больш не было
Сям’я вярнулася дадому ў Мар’іну Горку 10 лістапада 1945 года, Людзе было 8 гадоў. Але дома больш не было — у яго патрапіла бомба. Доўгі час прыйшлося туліцца на здымных кватэрах, жылі і ў зямлянцы. Пасляваенны голад не абышоў іх бокам. У 1947 годзе здарылася гора — маці была асуджана і адпраўлена ў турму на пяць гадоў, пасля чаго яе саслалі ў Сібір (на шчасце, яна вярнулася). Яшчэ адзін удар — у 1949 годзе памёр бацька, і дзяўчынка засталася жыць са сваёй старэйшай сястрой. Пасля заканчэння пяці класаў у Мар’інай Горцы ў 1952 годзе сям’я пераехала ў вёску Багданава Маладзечанскай вобласці, дзе Людміла працягнула навучанне ў шостым класе.
— Потым з сястрой мы пераехалі на Іўеўшчыну, дзе яе муж Аляксандр займаў пасаду начальніка лесаскладу. У сістэме лясной гаспадаркі ён адпрацаваў доўгія гады. Сама я працавала ў розных месцах, але галоўнай ў маім жыцці была пасада кінамеханіка, якая патрабавала прафесіяналізму і неверагоднай адказнасці. Я заўсёды была дакладная і акуратная. Памятаю, як вазіла бабіны з кінаплёнкай на веласіпедзе ў суседнія вёскі. Я сваю работу вельмі любіла.

«Я — шчаслівы чалавек!»
Жыццё Людмілы Карлаўны не было лёгкім, але яна лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Па-за работай яе чакалі хатнія клопаты і выхаванне траіх дзяцей. Гэтыя гады былі напоўнены працай і пяшчотай, аднак цень вайны ўсё яшчэ заставаўся на яе сэрцы. Яна ўспамінала лагернае жыццё, тыя горкія дні, калі кожны кавалачак хлеба быў на вагу золата. Але, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, яна выстаяла.
— З будучым мужам пазнаёмілася ў вакзальным буфеце, дзе я працавала. Ён зайшоў за абедам. Спадабалася яму. А потым неяк усё закруцілася.
У шлюбе нарадзілася трое дзяцей. Цяпер у мяне чацвёра ўнукаў і двое праўнукаў, — з гонарам адзначае яна.
Жыццё Людмілы Карлаўны — гэта гісторыя пра стойкасць, веру і надзею, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Я заўсёды захаплялася людзьмі, якія ўмеюць захоўваць святло ў душы нягледзячы ні на што. І мая суразмоўніца менавіта такі чалавек!
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ,
фота аўтара