Top.Mail.Ru

Юбілеям некалькіх артыстаў прысвечаны тэматычныя эфіры «Беларусь 3»

На наступным тыдні ў эфіры «Беларусь 3» адсвяткуюць некалькі юбілейных дат выдатных прадстаўнікоў культуры. Таму нас зноў чакаюць тэматычныя праграмы, мастацкія кінастужкі і сустрэчы з любімымі творцамі.


У аўторак, 18 лютага, спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння кампазітара, народнага артыста Беларусі Сяргея Картэса (1935–2016 гг.). І на сацыякультурным тэлеканале яго згадаюць у праекце «Кампазітары Беларусі». Як сцвярджаюць стваральнікі праграмы, гісторыя жыцця кампазітара магла б легчы ў аснову серыяла, бо творца быў чалавекам эмацыянальным і любіў людзей. Ён напісаў першую ў краіне авангардную оперу «Джардана Бруна», вывеў беларускіх артыстаў на міжнародную сцэну... «Уся яго творчасць — гэта пошук новай графікі музычных фраз, інтанацыі, рытму. Гэта вечнае імкненне да нейкіх новых вобразаў, да новых тэатральных пастановак. Ён вельмі шматгранны», — згадвае творцу ў кадры кампазітар Людміла Шлег. Больш падрабязны аповед пра народнага артыста Беларусі Сяргея Картэса нас чакае за праглядам прысвечанай яму праграмы.

Яшчэ два юбілеі адсвяткуюць у аўторак і сераду ў НАДТ імя Янкі Купалы. 18 лютага 55 гадоў спаўняецца беларускай актрысе тэатра і кіно, мастацкаму кіраўніку Купалаўскага тэатра Вользе Няфёдавай. І 19 лютага — 90-гадовы юбілей у народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР, акцёра тэатра і кіно Генадзя Аўсяннікава. З нагоды прыгожых дат на «Беларусь 3» гледачам падрыхтавалі тэлеверсію спектакля «Паўлінка» з удзелам любімых артыстаў, якую пакажуць днём 18 лютага. А вось 19-га Генадзя Аўсяннікава мы таксама зможам убачыць у праграме «Майстры і куміры» і ў тэлеверсіі спектакля Купалаўскага тэатра «Беларусь у фантастычных апавяданнях» (БТРК, 2004 г.), дзе любімы артыст задзейнічаны ў галоўнай ролі. Таму не ўпусціце магчымасці далучыцца да сустрэчы на тэлеэкране з любімымі артыстамі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю