Ханты-Мансійская аўтаномная акруга — Югра зацікаўлена ў беларускай лесанарыхтоўчай тэхніцы. Аб гэтым сказаў губернатар акругі Руслан Кухарук на XIII Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Мінску, паведаміла БелТА.
Руслан Кухарук адзначыў, што ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе — Югры моцна развіта нафтагазаздабыўная галіна. Спецыялісты дзвюх краін абменьваюцца вопытам у гэтай сферы, рэалізуюць сумесныя праекты. Аднак пашырэнне прамысловай кааперацыі не абмяжоўваецца нафтагазаздабыўным сектарам. Паспяховым прыкладам дыверсіфікацыі супрацоўніцтва служыць узаемадзеянне югорскіх прадпрыемстваў з беларускімі машынабудаўнічымі арганізацыямі. «У 2025 годзе мы перагледзелі наменклатуру пастаўшчыкоў з іншых краін, у выніку чаго аб’ём імпарту транспартных сродкаў з Рэспублікі Беларусь вырас за год у 4,6 раза. У цэлым сукупны аб’ём беларускага імпарту за 2025 год павялічыўся больш як у два разы», — адзначыў губернатар.
Югра таксама з’яўляецца перспектыўным рынкам для збыту прадукцыі беларускіх вытворцаў лесанарыхтоўчай тэхнікі. «Сёння ў нашым рэгіёне агульны запас драўніны складае 3,2 млрд куб.м. Штогадовы дапушчальны аб’ём яе высечкі — больш за 40 млн куб.м. На названых плошчах лесанарыхтоўчую дзейнасць ажыццяўляюць 133 рэгіянальныя прадпрыемствы. Улічваючы існуючую дынаміку, прапануем разгледзець магчымасць лакалізацыі на тэрыторыі Югры сэрвісных цэнтраў гарантыйнага і постгарантыйнага абслугоўвання транспартных сродкаў і абсталявання. Чуў, што такая практыка ўжо ёсць у іншых рэгіёнах нашай краіны. Гатовы размясціць такі ж мультысэрвісны цэнтр на тэрыторыі нашага рэгіёна», — падкрэсліў Руслан Кухарук.