Беларускія спартсмены заваявалі шэсць медалёў у першы дзень міжнародных спаборніцтваў па канькабежным спорце «Кубак Каломенскага крамля», паведамляе БелТА.
У стартавы дзень турніру ўдзельнікі разыгралі медалі на дыстанцыях 500 м і 1500 м у трох узроставых катэгорыях. На рахунку нашай каманды чатыры залатыя, а таксама па адной сярэбранай і бронзавай узнагародзе. Перамогі ў абодвух відах праграмы сярод дзяўчат да 17 гадоў заваявала Ксенія Вашкевіч, у хлопцаў да 17 гадоў лепшым на 500-метроўцы стаў Альберт Рудзевіч.
У юніёрак да 19 гадоў першае месца на дыстанцыі 1500 м заняла Паліна Сівец. Трэці рэзультат у гэтай дысцыпліне паказала Дамініка Кухарчык, якая таксама была другой на пяці сотнях. Усяго на Кубку Каломенскага крамля выступаюць больш за 200 канькабежцаў з Беларусі і Расіі, у другі і фінальны дзень адбудуцца забегі на 1 км, 3 км і 5 км.