Top.Mail.Ru

Юра і яго «абібок»

Адляцелі буслы, з’язджаюць з вёскі так званыя дачнікі. Застаюцца хіба ўспаміны... Пра Юру, вялікага рыбака-аматара і яго памагатых у чыстцы рыбы (вясковых катоў, бусла ды суседскіх курэй) я ўжо расказвала («Звязда», нумар ад 23 ліпеня), праўда, гэта быў толькі пачатак, бо нядаўна...

— Ад’язджаў я ў горад па справах, дома не быў тры дні, — расказваў Юра. — Але ж вярнуўся. Не паспеў на месца машыну паставіць — бусел мой тут як тут: зляцеў з буслянкі, ходзіць за мной і нібы бубніць: «Чаго ты тут калупаешся, чаго топчашся па дварэ? Ідзі хутчэй рыбу лавіць».

Прывучыў я яго да пачастункаў: спачатку ўсю драбязу ў рэчку адпускаў, а потым стаў буслу прыносіць. Вось ён, абібок, і распесціўся — прывык, што спажыву пад нос прынясуць... У мяне тым часам адказнасць: хочаш не хочаш — мусіш на рэчку ісці...

Вярнуўся ў той раз з рыбалкі, думаю, галодны мой бусел — дай эксперымент пастаўлю. Узяў маленькую рыбку, трымаю ў руцэ — раптам падыдзе ды забярэ? Гэта ж якая прыемнасць будзе?!

Пастаяў так, з працягнутай рукой, пачакаў — нічога падобнага: пазірае, з нагі на нагу пераступае, глядзіць, але ж не ідзе, не бярэ, а кінуў у траву — і вокам не міргнуў: падхапіў мой бусел спажыву і праглынуў.

Згледзела гэта суседка Тамара Апанасаўна ды кажа: «Калі хочаш бусла з рук пакарміць, то не тое даеш. І не так. Глядзі, як трэба».

Трымае на далоні кавалачак каўбасы і ўжо буслу (сур’ёзна так): «Боця, боця, ну, ідзі сюды».

Пачуў крылаты гэтыя словы, трохі падумаў і... на голас: падышоў, схапіў каўбасу, праглынуў і не адлятае — побач стаіць: новай порцыі, падобна, чакае.

Ну, думаю, як ты да мяне, так і я да цябе. «Усё, брат, — буслу кажу, — частуйся цяпер суседчынай каўбасой, а рыбу я сам буду есці». Не паверыш, круціць мой птах галавой і нібыта кажа: «А дзе ты дзенешся? Без рыбалкі — не пражывеш, увесь улоў адзін не з’ясі, значыць, нешта і мне перападзе». — «Дык ты і далей гультаяваць збіраешся? — пытаюся ў бусла. — Не хочаш корм здабываць, на балота ляцець?»

Той нават дзюбу адвярнуў: маўляў, бач ты — дрэсіроўшчык знайшоўся: будзеш тут жыццю павучаць.

...Каторы тыдзень ужо пустуе буслянка побач з Юравай хатай — у далёкай дарозе яго любімы «абібок».

Дай бог прычакаць, каб вярнуўся! А тады ўжо, здаецца, не шкада яму ні рыбы, ні каўбасы.

Ірына Салата

г. Гродна

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю