Top.Mail.Ru

Юрый Чабатар правёў адзіны дзень інфармавання ў Ашмянскім раёне

Эканоміка малых гарадоў, мадэрнізацыя і кадры

У рамках адзінага дня інфармавання кіраўнік ведамства разам з намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Андрэем Болтрыкам і генеральным дырэктарам холдынга «Гроднамясамалпрам» Валяр’янам Клімам сустрэўся з калектывам ААТ «Ашмянскі мясакамбінат» і прааналізаваў ход рэалізацыі інвестпраектаў раёна.

Цэнтральнымі тэмамі сустрэчы сталі харчовая бяспека краіны і значэнне Усебеларускага народнага сходу як гаранта стабільнасці дзяржавы. Юрый Чабатар спыніўся на прыярытэтах, зацверджаных на VII УНС, зрабіўшы акцэнт на пастаяннай мадэрнізацыі вытворчасцяў.


Па словах міністра, павышэнне канкурэнтаздольнасці — галоўная ўмова паспяховай работы прадпрыемстваў, ад якой залежыць зарплата супрацоўнікаў. Сёння дзяржава аказвае бізнесу сур’ёзную падтрымку, уключаючы выгадныя крэдытныя рэсурсы для інвестпраектаў.

  • Кіраўнік ведамства прывёў лічбы: доля перапрацоўчай прамысловасці (харчовай, кандытарскай, мяса-малочнай) дасягнула амаль 30%. Гэты сектар фарміруе аснову экспарту краіны. Летась Беларусь паставіла за мяжу харчавання на 10 мільярдаў рублёў, а задача на бягучую пяцігодку — выйсці на 11–12 мільярдаў, цалкам забяспечваючы ўнутраны рынак.

Асобную ўвагу спікер удзяліў кадрам. Міністр адзначыў узрастаючую цікавасць моладзі да рабочых і інжынерных прафесій. Для хуткай адаптацыі выпускнікоў на вытворчасці пры буйных прадпрыемствах ужо адкрыта больш за 20 «школ ведаў», а да канца года іх колькасць павялічаць да 50.


Візіт працягнуўся маніторынгам інвестпраектаў. Усяго ў краіне рэалізуецца звыш 480 ініцыятыў, 85 з іх — на Гродзеншчыне. На прыкладзе Ашмянскага раёна міністр ацаніў работу дзяржпадтрымкі. Так, на ААТ «Ашмянскі мясакамбінат» па праграме «Адзін раён — адзін праект» будуюцца цэх паўфабрыкатаў і цэх абвалкі, а таксама рэканструюецца дзеючы будынак, што створыць 25 новых рабочых месцаў. У ТАА «Мідаспра» дзякуючы прэферэнцыям наладжаны выпуск папяровага посуду з працаўладкаваннем 19 чалавек, а сёлета па «Рэгіянальнай ініцыятыве» закуплена абсталяванне для вытворчасці папяровай упакоўкі, што дало яшчэ 5 вакансій. Акрамя таго, на ТАА «Унісон груп» мадэрнізуюць кандытарскі цэх з перспектывай стварэння 25 рабочых месцаў.

Падводзячы вынікі, Юрый Чабатар падкрэсліў, што дзяржава працягне стымуляваць бізнес у малых раёнах. Задача ведамства — давесці долю малога прадпрымальніцтва ў рэгіёнах да 30%, умацоўваючы мясцовую эканоміку і ствараючы рабочыя месцы.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ 

Фота «Ашмянскага весніка» 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю