Top.Mail.Ru

Юрый Дземідовіч: «У мяне мурашкі па скуры, калі чую „Купалінку“ на расійскіх сцэнах»

Чым адметныя першыя гастролі Акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Комі на сцэне Вялікага тэатра Беларусі? Радасныя сустрэчы, сучасны і нацыянальны балеты, дзіцячы спектакль і класічная опера. Але і важныя рашэнні... 


Пра супрацоўніцтва:

У межах гастроляў быў падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж двума тэатрамі, паведаміла Кацярына Дулава, генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі: «Нягледзячы на адлегласць, супрацоўніцтва можа быць плённым». Гэта паказалі і гастролі: ні водзін са спектакляў, што прывезлі госці ў Мінск, не прадстаўлены на нашай сцэне. Асаблівую цікавасць выклікаў сучасны балет «Крык» — яго харэографа-пастаноўшчыка Андрэя Мяркур’ева ўразілі маштабы і магчымасці сцэны Вялікага тэатра Беларусі. 

Але акрамя гастроляў можа быць удзел тэатра Рэспублікі Комі ў оперным форме, «Балетным леце ў Вялікім», абмены артыстамі, дырыжорамі... Дырэктар Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Комі Таццяна Зора падкрэсліла, што падчас гастроляў, яны хацелі максімальна паказаць жанры і кірункі, якія ў іх прадстаўлены. Але асабліва яна адзначыла: «Цяпер у нас карыстаюцца папулярнасцю сімфанічныя канцэрты дзякуючы цудоўнаму мастацкаму кіраўніку Юрыю Дземідовічу, вашаму зямляку. Ён прыўнёс разынку ў нашу працу». 

Падчас гастроляў у Мінску Юрый Дземідовіч адзначыў свой 30-гадовы юбілей — на радзіме, дома, разам з блізкімі людзьмі. Малады чалавек з той жа пазнавальнай і шчырай усмешкай з задавальненнем распявядаў пра тое, што лічыць важным у жыцці і працы: 

Пра радзіму: 

— Тут мае бацькі, мае сябры. У Беларусі я бываю не так часта, як хацелася б. Мусіць, раз на паўгады імкнуся прыехаць і пабачыцца з блізкімі, схадзіць на канцэрты, паглядзець спектаклі — для мяне рэдкае задавальненне. Гэты прыезд асаблівы: вельмі даўно ў свой Дзень нараджэнні я не быў дома. А тут яшчэ надзвычайная нагода — разам з тэатрам, мастацкім кіраўніком якога я з’яўляюся, мы прыехалі на маю радзіму.

Пра пачатак:

— Я з Вялікім тэатрам Беларусі знаёмы з дзяцінства. Я мінчанін, скончыў ліцэй пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, і ў гэтым тэатры я, напрыклад, выходзіў на сцэну Пастушком у «Тосцы»... З дзяцінства праводзіў тут вельмі шмат часу. Ведаю, што тэхнічна магчымасці тут цудоўныя. Але самае галоўнае ў тэатры — гэта не механічныя прылады, а людзі, менавіта артысты. І ўсе, хто дапамагае артыстам, робяць тэатр цудоўным, вялікім, такім, якім яго любяць гледачы. 

Пра школу:

— Вялікая ўвага тут заўсёды надавалася падрыхтоўцы моладзі. Хоць я вучыўся ў Беларусі некалькі гадоў, але памятаю, як нас вадзілі ў тэатры, музеі. Потым паступіў у ліцэй, і хачу сказаць, што гэта фундаментальная адукацыя, якая дазваляе паступіць у самыя знакамітыя, найлепшыя музычныя ВНУ свету. Як выпускнік Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі і аспірантуры, магу сказаць, што беларусаў звычайна залічваюць першымі. Гэта добры паказчык як нашай падрыхтоўкі, так і таленту выпускнікоў айчыннай музычнай школы.

Пра беларусаў:

— Мяне часта пытаюцца калегі з розных куткоў Расіі і свету пра беларусаў. Нас звычайна характарызуюць як вельмі адкрытых, добрых, душэўных людзей. Але я заўсёды кажу, што нас, беларусаў, не так шмат, але канцэнтрацыя таленавітых людзей — неверагодна цікавых, разумных, інтэлектуальных, музычных — вельмі высокая. Я гэта кажу, бо ведаю нашых талентаў, як маладых, такіх і тых, хто ўжо адбыўся, хто пакарае самыя вядомыя сусветныя музычныя пляцоўкі. Я ганаруся, што ў нас такая таленавітая, прыгожая, добрая нацыя. 



Пра адлегласць: 


— Насамрэч, Рэспубліка Комі не так далёка ад нас, як здаецца. Мы з калегамі дабіраемся да Масквы і Пецярбурга крыху больш за гадзіну на самалёце, рэйсы кожны дзень. Я таксама працягваю сваё супрацоўніцтва з Марыінскім тэатрам, даволі часта выступаю і ў яго філіялах, і ў Пецярбургу. Але, вядома, стараюся вельмі шмат душы і сэрца ўкладваць у працу тэатра Рэспублікі Комі, таму што разумею, якая адказнасць на мяне ўскладзена, усе чаканні хацеў бы апраўдаць. 

Пра нацыянальнае:

— Калі я прыходзіў на пасаду мастацкага кіраўніка тэатра оперы і балета Рэспублікі Комі, то казаў пра тое, што акрамя нацыянальнага балета «Яг-Морт», які мы прывезлі на гастролі, я б хацеў бачыць на сцэне і нацыянальную оперу. Спадзяюся, што ў бліжэйшы час яна з’явіцца, бо ўжо вядзецца праца з музеямі, з акадэмікамі, гісторыкамі, якія шмат ведаюць і могуць падзяліцца інфармацыяй, каб наш пазл склаўся. 

На мове комі я ведаю некалькі фраз, і калі быў мой першы канцэрт на сцэне ў якасці мастацкага кіраўніка тэатра, першыя словы я сказаў менавіта на мове комі.

Насамрэч любая рэспубліка і нават не самыя вялікія народы маюць адметную культуру, сваю мову, нацыянальныя асаблівасці. І найбольш важна, што людзі ў такіх невялікіх рэспубліках ставяцца з вялікім трапятаннем, калі звяртаюцца да іх эпасу, да іх мовы. Як і мы, беларусы. Мы ж вельмі любім, калі раптам на нейкіх канцэртных пляцоўках, прычым, не толькі на радзіме, спяваюць на беларускай мове. У мяне заўсёды мурашкі па скры, калі я чую «Купалінку» на расійскіх сцэнах. 

Цікава, калі нейкі калектыў прывозіць свой нацыянальны ці творчы прадукт, бо нацыянальнае — гэта душа, тое, чым жыве народ. Мне здаецца, гэтая самабытнасць будзе цікавая і актуальная заўсёды. Як беларус я буду рабіць усё магчымае, каб нашу культуру і нацыянальныя шэдэўры бачылі як мага больш людзей за межамі нашай краіны. 

Калі мы знойдзем магчымасць правесці цікавыя сумесныя творчыя акцыі, то я з вялікай радасцю буду прыязджаць у Беларусь. 

Ларыса ЦІМОШЫК
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю