Аб гэтым заявіў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі падчас выступлення на пленарным пасяджэнні 114-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), якая сабрала прадстаўнікоў больш як 180 дзяржаў. У рабоце форуму прымае ўдзел і дэлегацыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на чале з кіраўніком нацыянальнага прафцэнтра Юрыем Сянько.
Адна з цэнтральных тэм глабальнага форуму — уплыў штучнага інтэлекту на рынак працы. Якія прафесіі пад уплывам новых лічбавых тэхналогій могуць знікнуць, а якія запатрабуюць прынцыпова новых навыкаў? Як забяспечыць абарону работнікаў, калі працоўнымі працэсамі кіруе не чалавек, а «лічба»? На гэтыя і многія іншыя пытанні змены рынку працы ў выніку імклівага распаўсюджвання штучнага інтэлекту пакуль няма адназначных адказаў. Але пры гэтым для ўсіх відавочна: чакаюцца маштабныя змены, якія закрануць усе дзяржавы. І ўжо сёння неабходна распрацоўка прэвентыўных мер, якія забяспечаць плаўны і справядлівы пераход.
У гэтым пытанні многія дзяржавы могуць пераняць вопыт Беларусі па абароне інтарэсаў работнікаў.
— У выніку эфектыўнага сацыяльнага дыялогу ў нашай краіне ўжо сёння на практыцы рэалізаваны шэраг глабальных мэт, да якіх МАП і іншыя інстытуты ААН толькі заклікаюць сусветную супольнасць, — падкрэсліў у сваім выступленні Юрый Сянько. — Перакананы, што наш беларускі вопыт у гэтай сферы можа быць карысны прадстаўнікам многіх дзяржаў, у тым ліку для справядлівага пераўтварэння рынку працы ва ўмовах імклівага распаўсюджвання лічбавых тэхналогій.
У прыватнасці, шмат у чым адаптацыя да новых прафесійных патрабаванняў залежыць ад доступу насельніцтва да якаснай адукацыі і перападрыхтоўкі. У гэтым плане ў нашай краіне, у адрозненне ад многіх іншых дзяржаў, выбудавана сістэма, якая дае магчымасць кожнаму не толькі атрымаць якасную агульную адукацыю, але і павышаць кваліфікацыю, праходзіць перанавучанне на працягу ўсяго жыцця. У тым ліку гэтаму садзейнічае і сістэма калектыўна-дагаворных адносін: гарантыі па забеспячэнні перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі прапісаны ў большасці калектыўных дагавораў.
— На практыцы прафсаюзы сумесна з наймальнікамі, органамі ўлады, бачачы маючыя адбыцца пераўтварэнні, загадзя арганізуюць навучанне супрацоўнікаў для працы на новых участках і з новымі ведамі. Тым самым забяспечваючы эфектыўную занятасць для кожнага і стабільную работу прадпрыемстваў, — адзначыў Юрый Сянько.
Узаемадзеянне бакоў дае магчымасць эфектыўна вырашаць яшчэ адно пытанне: абарону інтарэсаў найбольш уразлівых катэгорый работнікаў. У МАП падкрэслілі: укараненне штучнага інтэлекту, як і многія іншыя тэхналагічныя пераўтварэнні, у першую чаргу могуць негатыўна адбівацца на моладзі, жанчынах, людзях перадпенсійнага ўзросту. У сувязі з гэтым асабліва каштоўны вопыт Беларусі па ўкараненні прэвентыўных мер абароны для гэтых работнікаў. У заканадаўстве і калектыўных дагаворах нашай краіны ўжо рэалізаваны шэраг такіх мер. У прыватнасці, гэта абавязковае прадастаўленне першага працоўнага месца пасля завяршэння вучобы, спецыяльныя гарантыі занятасці для жанчын, людзей старэйшага ўзросту.
Кіраўнік нацыянальнага прафцэнтра таксама звярнуў увагу на той факт, што змены ў эканоміцы патрабуюць адаптацыі заканадаўства. У Беларусі прафсаюзы актыўна ўдзельнічаюць у распрацоўцы працоўнага заканадаўства і сацыяльнай палітыкі. І менавіта такі падыход дае магчымасць у выпадку ўвядзення новых норм улічваць меркаванні розных бакоў і прадугледжваць меры абароны інтарэсаў работнікаў.
— Напрыклад, па ініцыятыве ФПБ сёння выпрацоўваюцца рашэнні па рэгуляванні платформеннай занятасці. І ў сувязі з гэтым мы высока цэнім ініцыятыву МАП па распрацоўцы рэкамендацый, якія датычацца платформеннай занятасці. Мы гатовы супрацоўнічаць, вывучаць і ўкараняць лепшыя практыкі ў гэтай сферы, — звярнуў увагу старшыня ФПБ.
У заканчэнні свайго выступлення Юрый Сянько звярнуў увагу Міжнароднай арганізацыі працы на яшчэ адно глабальнае пытанне: неабходнасць прыняцця Міжнароднай арганізацыяй працы канкрэтных мер, якія будуць садзейнічаць роўнаму доступу ўсіх дзяржаў да новых тэхналогій і тым самым забяспечаць зніжэнне няроўнасці ў свеце, якая сёння дасягае каласальных маштабаў.
— З кожным годам у свеце становіцца ўсё больш розных эканамічных бар’ераў і санкцый, якія ў тым ліку ўплываюць і на абмен тэхналогіямі. У сувязі з гэтым заклікаем МАП выступіць з ініцыятывай, накіраванай на ўсебаковую ацэнку ўплыву санкцый, а таксама на кансалідацыю прафсаюзаў для прадухілення негатыўнага ўздзеяння эканамічных абмежаванняў на чалавека працы. Гэта стане значным укладам арганізацыі ў скарачэнне глабальнай няроўнасці. Беларусь гатова прымаць актыўны ўдзел у рэалізацыі гэтай ініцыятывы, — падкрэсліў Юрый Сянько.
Алена КРАВЕЦ