Top.Mail.Ru
229

Юрый Сянько: «Дзеці памятаюць падораныя святы і добрыя эмоцыі ўсё жыццё»

Старшыня ФПБ Юрый Сянько павіншаваў з навагоднімі і каляднымі святамі выхаванцаў Барысаўскага спецыялізаванага дома дзіцяці.

У госці да дзетак лідар нацыянальнага прафцэнтра прыехаў у рамках акцыі «Прафсаюзы — дзецям», якая вось ужо на працягу больш як двух дзесяцігоддзяў праводзіцца ў краіне. Адзін з самых значных яе этапаў — віншаванні дзяцей з Новым годам. Асаблівая ўвага пры гэтым надаецца малышам, якія апынуліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі: выхоўваюцца ў дзіцячых інтэрнатных установах, замяшчальных сем’ях ці, напрыклад, праходзяць працяглае лячэнне.

Барысаўскі дом дзіцяці на сёння стаў домам для 55 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія засталіся без апекі бацькоў. Для іх арганізавалі цёплае, душэўнае, дамашняе свята. Дзеці і дарослыя разам акунуліся ў казачную атмасферу, закружылі ў карагодзе каля ёлкі ў кампаніі з Дзедам Марозам і Снягуркай.

— Дзеці — гэта наша будучыня, будучыня нашай краіны. І сёння па ўсёй Беларусі праходзяць навагоднія мерапрыемствы, прафсаюзныя арганізацыі віншуюць дзяцей, арганізуюць паказы з удзелам Дзеда Мароза. Усе чакаюць чараўніцтва і свята напярэдадні Новага года — гэта важна і для дзіцяці, і для дарослага, — перакананы Юрый Сянько.

Кіраўнік ФПБ павіншаваў малых з надыходзячым святам і ўручыў сертыфікат ад нацыянальнага прафцэнтра на набыццё неабходнага абсталявання, а таксама перадаў іншыя запатрабаваныя ва ўстанове падарункі. Кожны з малых, якія прысутнічалі на свяце, таксама атрымаў свой персанальны салодкі падарунак.

Як адзначыў лідар нацыянальнага прафцэнтра, Барысаўскі дом дзіцяці — гэта адна з устаноў, дзе сабраліся дзеці, у якіх, на жаль, па розных прычынах няма бацькоў, у тым ліку і дзеці з асаблівасцямі.

— Такіх дзетак трэба асабліва акружаць увагай і клопатам, бо яны ўжо сутыкнуліся са складанасцямі ў жыцці. Іх трэба засцерагчы ад жыццёвых праблем, даць пуцёўку ў жыццё, навучыць, падрыхтаваць, падлячыць, калі тое неабходна. І з гэтым спраўляюцца спецыялісты, якія працуюць у такіх установах, — звярнуў увагу Юрый Сянько. — Сёння ў нас атрымалася добрая сустрэча з выхаванцамі дома дзіцяці. Яны будуць усё жыццё памятаць і Дзеда Мароза, і дарослых, і сваіх выхавальнікаў. А мы і далей будзем працягваць акцыю «Прафсаюзы — дзецям», і не толькі ў Новы год, — падкрэсліў Юрый Сянько.

У сваю чаргу галоўны ўрач Барысаўскага спецыялізаванага дома дзіцяці Святлана Дзятко адзначыла, што такія сустрэчы, якія дораць радасць, чароўныя імгненні і шчаслівыя хвіліны, вельмі важныя і для дзяцей, і для супрацоўнікаў дзіцячага дома. Таксама яна расказала, што пры будаўніцтве спецыялізаванай установы ў Барысаве яго магутнасць разлічвалі на 280 ложкаў. Цяпер у доме дзіцяці пражываюць 55 дзетак, з іх 10 маюць патрэбу ў паліятыўнай дапамозе. Дзеці паступаюць сюды з усіх раёнаў Мінскай вобласці.

— Малыя жывуць у нас да таго часу, пакуль мы не зможам вызначыць іх далейшы лёс. Частка дзяцей вяртаецца ў біялагічныя сем’і, калі бацькі змаглі вырашыць свае праблемы. 14 дзяцей сёлета былі ўсыноўлены. Акрамя таго, чацвёра хлопчыкаў і дзяўчынак, якія сёння былі на свяце, таксама ўжо выбраны ўсынавіцелямі і хутка пойдуць жыць у сем’і, — падзялілася Святлана Дзятко. 

Алена КРАВЕЦ

Чытайце таксама: «Прафсаюзы — дзецям»: навагодняя акцыя аб’яднае дзясяткі гарадоў і больш за 170 дзіцячых устаноў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю