Як падкрэсліў у час адкрыцця форуму старшыня ФПБ Юрый Сянько, тыя прынцыпы, якія закладзены ў аснову работы ШАС — роўнасць, прызнанне разнастайнасці культур, павага незалежнасці і неўмяшанне ва ўнутраныя справы — знаходзяць усё большую падтрымку сярод розных народаў.
— Гэта жыццёва неабходная альтэрнатыва тым несправядлівым падыходам, якія, на жаль, усё часцей прымяняюцца ў міжнародных адносінах. Адкрыты палітычны і эканамічны шантаж і ціск, дыктат і насаджэнне пэўных каштоўнасцей, гандлёвыя і тарыфныя войны — гэтыя, супярэчныя ўсім міжнародным законам, метады для шэрагу развітых краін сталі ледзь не нормай, — падкрэсліў Юрый Сянько. — Сёння ўжо значная колькасць дзяржаў вымушаны змагацца з такімі несправядлівымі падыходамі, якія разбураюць раней дасягнуты прагрэс у многіх сферах. І самае важнае — падрываюць дабрабыт чалавека працы, ставяць пад пагрозу стабільную занятасць, даходы людзей — усё тое, што мы з вамі, прафсаюзы, адстойваем і абараняем. Менавіта таму мы сёння бачым ШАС як арганізацыю, якая можа і павінна садзейнічаць пабудове шматпалярнага, справядлівага, стабільнага светапарадку.
На сёння Беларусь як паўнапраўны член ШАС ужо актыўна ўдзельнічае ў рабоце арганізацыі па ўсіх напрамках — ад умацавання агульнай бяспекі да эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва. І прафсаюзы Беларусі таксама бачаць сваю ролю і задачы ў гэтай рабоце.
— Узаемадзеянне нацыянальных прафцэнтраў краін-удзельніц ШАС стане дадатковым імпульсам у развіцці нашага супрацоўніцтва ў эканамічнай, культурнай, гуманітарнай сферах. Мы гэта называем народнай дыпламатыяй — калі члены нашых прафсаюзаў сустракаюцца, вывучаюць вопыт адзін аднаго, устанаўліваюць дадатковыя сувязі і закладваюць трывалую аснову даверу паміж канкрэтнымі рэгіёнамі і прадпрыемствамі, — адзначыў Юрый Сянько і дадаў, што правядзенне форуму ў Пекіне, безумоўна, стане важным укладам у дасягненне гэтых мэт.
У прыватнасці, у час мерапрыемства прадстаўнікі прафсаюзаў абмяняліся вопытам работы па вырашэнні актуальнага для ўсіх краін пытання рэгулявання нестандартнай занятасці і ўзмацнення абароны работнікаў у новых формах працоўных адносін. Свой вопыт па гэтай тэме прэзентавала і беларуская дэлегацыя. Таксама ў рамках форуму запланаваны сустрэчы старшыні ФПБ з лідэрамі нацыянальных прафцэнтраў шэрагу краін-удзельніц Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
Алена КРАВЕЦ