І гэта ўнікальная магчымасць для дзяўчат і хлопцаў, якія нядаўна паступілі ва ўніверсітэт ці працягваюць навучанне, і разам з тым шукаюць для сябе часовую падпрацоўку з улікам выбранай спецыяльнасці. Асабліва важна адзначыць, што ў дадзеным выпадку моладзі гарантавана афіцыйнае працаўладкаванне і набыццё практычнага вопыту для далейшага развіцця. Так, акцыя днямі прайшла на юрыдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Далучыліся да яе і карэспандэнты «Звязды».
Закласці падмурак кар’еры
Як расказала кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце юрыдычнага факультэта БДУ Ірэна ЛАПІНА, з савецкіх часоў студэнты юрыдычнага факультэта дастаткова запатрабаваныя ў наймальнікаў.
«Нягледзячы на тое, што недавучаны студэнт — гэта яшчэ не гатовы спецыяліст, — адзначыла яна. — І тым не менш, нашы рабяты могуць уладкавацца ў перыяд навучання ў якасці памочніка ў канцылярыі або сакратаром у судзе. У сілу спецыфікі заканадаўства ў сферы юрыдычнай дзейнасці, каб працаваць адвакатам, неабходная ліцэнзія, гэтаксама як і для рыэлтара або юрыста, які аказвае паслугі».

Студэнты, па словах намесніка дэкана, штогод праходзяць практыку ў розных арганізацыях і ведамствах. Гэта карысны вопыт і магчымасць праявіць сябе такім чынам, каб па яе завяршэнні цябе запрасілі на падпрацоўку. Зразумела, што на няпоўную стаўку, каб не перашкаджаць працэсу навучання.
«Пасля першага курса студэнты праходзяць практыку ў органах дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых камітэтах, — расказала Ірэна Лапіна. — Як правіла, гэта раённыя выканаўчыя камітэты. Яшчэ вельмі любяць прыцягваць нашых студэнтаў для працы ў службе „адно акно“ — яны ўважлівыя і граматныя, паспяхова працуюць з дакументамі і грамадзянамі. Пасля другога курса нашы дзяўчаты і хлопцы накіроўваюцца на прадпрыемствы, каб паглядзець на працу юрыдычных кансультантаў. Мы іх арыентуем на тое, што яны ўсё ж такі павінны паглядзець на ўсе бакі юрыдычнай прафесіі за гады навучання. На трэцім курсе, улічваючы вучэбны план, яны ідуць ужо ў чыста юрыдычную сферу — пракуратуру, судовыя органы, Следчы камітэт. Лічыцца, што моладзь ужо да гэтага часу вызначылася з тым, што чакае ад юрыдычнай прафесіі, нейкі выбар на будучыню зрабіла. Так, да чацвёртага курсу, калі пачынаецца пераддыпломная практыка, студэнты паспяваюць вывучыць усе галіны права, уключаючы працэсуальнае. Прайшоўшы праз этап стажыровак, яны робяць усвядомлены выбар і закладваюць падмурак для сваёй будучай кар’еры».
Акцыя «Марафон працаўладкавання студэнцкай моладзі» ў рамках ініцыятывы «Вучыся і працуй» прайшла на факультэце ўпершыню, расказала Ірэна Лапіна. У аўдыторыі сабраліся зацікаўленыя прадстаўнікі студэнцкай моладзі, жадаючыя працаваць на прадпрыемствах рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай сферы.
Падпрацоўка ў радасць
Сваім вопытам працаўладкавання падчас мерапрыемства падзяліліся студэнты старэйшых курсаў.
Так, студэнт чацвёртага курса юрыдычнага факультэта БДУ, памочнік юрыста вядучай юрыдычнай фірмы Беларусі Артур ДЗЕМЧАНКА пачаў падпрацоўваць з другога курса.
«У юрыдычнай сферы ўжо паўтара года, — удакладніў малады чалавек. — Я спрабаваў сябе як памочнік юрыста ў розных юрыдычных кампаніях, як унутраны юрыст, так і ў адвакатуры. Сумяшчаючы вучобу і працу, стараюся расстаўляць прыярытэты. Дзесьці трэба прыкласці больш намаганняў на вучобе, дзесьці — на працы. На мой погляд, у нашай прафесіі вельмі важна атрымліваць практычны вопыт менавіта падчас вучобы, бо тэорыя і практыка даволі моцна адрозніваюцца».

Артур парэкамендаваў тым студэнтам, якія знаходзяцца ў пошуку працы, пачынаць з трэцяга курса, а першыя два гады навучання прысвяціць развіццю навыкаў камунікацыі і працы ў камандзе.
«На першы погляд яны наогул не адносяцца да сутнасці нашай працы, — падзяліўся меркаваннем студэнт. — А насамрэч у сукупнасці з прафесійнымі навыкамі ствараюць цэласны вобраз цябе як спецыяліста. Гэта, вядома, у будучыні акажа ўплыў і на кар’ерны рост, і на даход».
Студэнтка чацвёртага курса Аляксандра БАЧЫШЧА знайшла сабе падпрацоўку ў адным з дзяржаўных органаў, дзе занятая на працягу дзесяці месяцаў. Гэта яе першае месца працы і вельмі ўдалае, як мяркуе сама дзяўчына.

«Цяпер яшчэ, вядома, даволі складана гаварыць пра тое, куды мяне размяркуюць, але я была б рада застацца ў тым месцы, якое мяне ўпершыню прыняло, — падзялілася студэнтка. — У калектыве, у які я трапіла, ёсць шмат чаму павучыцца. Мой кіраўнік аднойчы сказаў мне вельмі важныя словы, што „ніколі нельга баяцца памыляцца, таму што ёсць вельмі маленькая колькасць памылак, якія нельга выправіць“. Гэта вельмі важна было ў свой час пачуць для мяне. Усё, што мы робім, — гэта карысны вопыт».
Немалаважны фактар, што на падпрацоўцы Аляксандра набывае не толькі прафесійныя навыкі, але і атрымлівае годны заробак, якога хапае, каб ні ў чым не мець патрэбу.
«На дадзены момант я сумяшчаю падпрацоўку з атрыманнем павышанай стыпендыі, таму і падтрымка ад дзяржавы ў выглядзе стыпендыі для студэнтаў, якія вучацца на бюджэтнай форме навучання, і даход мяне задавальняюць цалкам. Больш за тое, я магу сказаць, што на дадзены момант я ні ў чым не маю патрэбу і мне не трэба хвалявацца аб сваім дастатку», — гаворыць дзяўчына.
«Гатовая брацца за любую працу»
Студэнтка другога курса юрыдычнага факультэта БДУ Аляксандра КОЛЕСАВА прыйшла на мерапрыемства, каб знайсці сабе падпрацоўку на час вучобы.

«Хочацца, вядома ж, зарабіць грошы, але і навучыцца ў тым ліку пэўнай адказнасці, — расказала аб планах на будучыню дзяўчына. — Гатовая брацца за любую працу. Калі гаварыць менавіта пра маё пажаданне, я добра разбіраюся ў камп’ютарнай тэхніцы і хацела б быць занятая больш у гэтым кірунку. Юрысту вельмі важна разумець, як жывуць розныя людзі, як знутры выглядаюць розныя прафесіі, каб потым у будучыні з гэтым працаваць. Таму я буду разглядаць розныя варыянты».
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ